У аг. Фядоры жыве і працуе Вале Пераходзька, жыццёвы лёс і захапленне якой вельмі ўразілі мяне, таму і вырашыла расказаць пра яе нашым чытачам.
Думаю, што вы высока ацэніце лялькі, што зрабіла ўласнаруч Вале Ольвідаўна.
Гісторыя жыцця гэтай жанчыны такая ж цікавая і ў той жа час разнастайная, як і яе работы.
Нарадзілася Вале ў Літве, але зусім яшчэ юнай пераехала ў Беларусь. Уладкавалася на работу на заводзе ў Калодным. Менавіта тут сустрэла сваё каханне. На танцах у мясцовым Доме культуры пазнаёмілася з прыгожым хлопцам па імені Віктар, які стаў для жанчыны яе адзіным верным спадарожнікам жыцця.
З Віктарам Анатольевічам стварылі сямейны ачаг, працавалі, гадавалі дзяцей – сыноў Кірыла і Дзмітрыя. Гадоў пяць таму Вале Ольвідаўна ўспомніла пра сваё дзіцячае захапленне вышыўкай і вязаннем. Вось і панеслася: шалі, пледы, шматлікія лялькі… Іх колькасць проста не пералічыць. А ідэі для чарговага вырабу Вале Пераходзька чэрпае з інтэрнэт-крыніц, матэрыялы набывае ў асноўным у Пінску. Вале Ольвідаўна ведае, у які магазін зазірнуць, каб набыць якасныя ніткі і фурнітуру, усе неабходныя аксесуары для сваіх работ.
У якасці галоўнага крытыка выступае муж Віктар, да меркавання якога заўжды прыслухваецца жанчына і нездарма, бо Віктар Анатольевіч мае добры густ і навучыўся бачыць лялькі не толькі з эстэтычнага пункту погляду, але і тэхнікі іх выканнаня, суадносін колераў і інш.
Любуюся работамі Вале Ольвідаўны і здзіўляюся: якім гэта трэба валодаць майстэрствам, каб такое зрабіць? Вось і лясныя жыхары, і казачныя персанажы, і героі сучасных мультфільмаў, ёсць і тыя, хто забаўляў нас з тэлеэкрана ў савецкі час. Яркія, прыгожыя, усе – адна ў адну.
Майстрыха расказвае, што беражэ сваю першую работу – зайчыка, зараз бачыць усе яго недахопы, але тады гэта быў толькі пачатак. Адной з самых складаных стала кошка Анжэла: некалькі разоў Вале бралася за работу, а пасля пакідала, бо не была ўпэўнена, што справіцца зрабіць адразу 24 перацяжкі. А гэта ўжо ўзровень. Цяпер Анжэла знайшла сваё пачэснае месца на выстаўцы!
А нядаўна Вале Ольвідаўну запрасілі займацца гуртковай дзейнасцю ў Фядорскім сельскім доме культуры. І яна з ахвотна згадзілася. Цяпер працуе з дзеткамі, вучыць іх вышываць, вязаць, рабіць прыгожыя лялькі, словам – перадае свае навыкі падрастаючаму пакаленню, каб ніколі не баяліся фантазіраваць і імкнуліся авалодаць майстэрствам на ўзроўні кіраўніка гуртка.
У вялікім кабінеце даволі прасторна, дастаткова месца, каб арганізаваць любую работу з дзіцячым калектывам. І Вале Ольвідаўна з душой ставіцца да кожнага свайго выхаванца, крок за крокам вядзе іх за сабой ў чароўны свет творчасці. Заўважае, што дзеткам вельмі падабаюцца персанажы сучасных мультфільмаў: Нюша, Капатыч, Крош і іншыя героі «Смяшарыкаў», чарапашкі Ніндзя, Трус, Хруня, Віні-Пух і інш. Але больш за ўсё прывабліваюць жывёлы: лісічкі-сястрычкі, зайчыкі розных колераў і памераў, мядзведзі, кацяняты, мышкі, вожыкі… Такія цудоўныя лялькі стануць не толькі ўпрыгожаннем дзіцячага пакоя, але і незвычайным падарункам сябрам, знаёмым, замежным гасцям. Мала хто здагадваецца, што на выраб адной такой лялькі майстар можа затраціць да пяці дзён. Але Вале Пераходзька мае на мэце і далей радаваць людзей сваёй творчай дзейнасцю.
А яшчэ Вале Ольвідаўна вяжа прыгожыя хусцінкі, камізэлькі, сурвэткі. Майстар адраджае нацыянальную культуру праз вышыўку. Яе ручнікі, сурвэткі, убранні нацыянальных лялек аздоблены беларускім арнаментам, непаўторнымі ўзорамі нашага краю, чароўнымі, як і сама жанчына.
Людміла
КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара