НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post
Нашы палескія жанчыны самыя працавітыя – і дзяцей гадуюць, і працуюць.
Адна з такіх – бухгалтар ААТ «Новая Прыпяць» Ірына Шмат. Яна з’яўляецца маці траіх дзяцей – 15-гадовых двайнят Яны і Рамана і меншага сына Антона, які ходзіць у трэці клас. Павіншаваць яе з Днём маці прыехаў старшыня раённага прафсаюзнага камітэта работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Лузай.
Ірына Мікалаеўна з Альшан. Скончыла спачатку Мінскі фінансава-эканамічны каледж, а потым завочна Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі ў Гомелі. У гаспадарку прыйшла ў 2000 годзе на пасаду эканаміста. Апошнія чатыры з паловай гады працуе бухгалтарам: налічвае заработную плату і вядзе ўлік паліва. Прызнаецца, што да лічбаў звыкла і ніколі не пашкадавала аб выбранай прафесіі.
А дома надзейны тыл стварае каханы муж Мікалай, які з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам. Павіншаваў і ён жонку з Днём маці, а меншы сын падарыў зроблены сваімі рукамі сюрпрыз, які старанна хаваў да святочнага дня. Такія падарункі Ірына Мікалаеўна лічыць самымі лепшымі ў свеце.

Наступным нашым прыпынкам стала ААТ «Палеская ніва», дзе працуе жывёлаводам Зінаіда Бруцкая. І цяжка паверыць, што ў гэтай маладой жанчыны восем дзяцей. Старэйшы Максім хутка пойдзе ў армію. Настасся вучыцца ў педагагічным каледжы ў Пінску. Студэнтамі таксама з’яўляюцца Ягор і Ілья. А дома з маці засталіся яшчэ чатыры сыночкі – Антон, Цімур, Макар і Назар. Зінаіда Мікалаеўна – моцная жанчына, бо даводзіцца ўсё цягнуць на сваіх плячах. Чатыры гады таму раптоўна памёр яе муж. Але жанчына ўзяла сябе ў рукі і самастойна падымае дзяцей на ногі.
Яна – прыклад для тых, хто сустрэўся з цяжкасцямі. «Не трэба сябе шкадаваць, бо гэта шлях у нікуды. Бог пасылае чалавеку такія выпрабаванні, якія ён можа пераадолець», – разважае Зінаіда Бруцкая.
Таксама з Днём маці Аляксандр Ільіч павіншаваў Марыну Смародскую – аператара машыннага даення КУВП «Манькавічы», Святлану Літвін – бухгалтара КСУП «Прыгарынскі-2012», Наталлю Наздрын-Платніцкую – аператара машыннага даення КСУП «Прыпяць-2009», у якіх па трое дзяцей. Уручыў віншавальны адрас і грашовую прэмію таксама Наталлі Карэцкай – аператару машыннага даення КСУП «Відзіборскі» і маці васьмярых дзяцей.
Далучаемся да віншаванняў і дзякуем вам, дарагія жанчыны!
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости