НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Вольга Мішкова з вёскі Альгомель атрымала ордэн Маці. Разам з мужам  Аляксандрам яны выхоўваюць пяцёра дзяцей. Чым жыве мнагадзетная сям’я ў невялікай палескай вёсачцы,

якія праблемы ёсць і якія планы ставіць перад сабой, пагутарылі ў час нашай сустрэчы.

– У нас пяцёрка – шчаслівы лік, – расказвае Вольга. – У сям’і маіх бацькоў пяцёра дзяцей і ў сям’і майго мужа таксама. Таму ў нас вялікі дружны род і гэта, на мой погляд, самае найвялікшае шчасце. Бо калі ёсць падтрымка родных, любыя праблемы – вырашальныя. Да таго ж мне вельмі моцна пашанцавала са свякроўю Валянцінай Міхайлаўнай, якая для мяне другая маці. Яна дапамагае нам з дзецьмі, калі мы з мужам едзем працаваць на поле, і я ведаю, што заўсёды магу спадзявацца на яе.

Самае старэйшае дзіця ў сям’і – 11-гадовая Маргарыта. Дзяўчынка сціплая, да вучобы ставіцца адказна. Як самая большая, дапамагае з малымі. У чацвёрты клас ходзіць Максім, а Мікалай сёлета стаў першакласнікам. А дома з маці чатырохгадовы Мікалай і Марыя, якой адзін год і дзевяць месяцаў.

– Паколькі тры школьнікі, то на выкананне дамашняга задання ідзе даволі многа часу. З года ў год школьная праграма больш складаная, таму бацькам даводзіцца многае ўспамінаць і станавіцца хатнімі настаўнікамі, – расказвае мнагадзетная маці. – Яшчэ трэба зацікавіць дзяцей, паколькі ў іншым выпадку школа для іх стане выпрабаваннем. Я многа размаўляю, тлумачу, што без ведаў зараз нікуды і патрэбна атрымаць прафесію. Сама я закончыла Столінскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча і атрымала спецыяльнасць повара. Год працавала ў калгасе «Новае жыццё» (зараз ААТ «Кароцічы»), адкуль пайшла ў дэкрэт. Муж таксама працаваў у калгасе вартаўніком. Паколькі ў нашых марах было пабудаваць свой дом, мы многа працавалі на зямлі: трымалі парнікі, даглядалі ўчасткі на полі. Пачалі будаўніцтва ў 2010 годзе, а праз два гады адсвяткавалі наваселле. Працуем мы і зараз, паколькі ўпэўнены, што дзецям патрэбна дапамагаць не толькі да іх паўналецця, але і на працягу ўсяго жыцця. Я не кажу, каб даваць усё гатовае, бо ў такім выпадку можна разбэсціць. Трэба менавіта дапамагаць.

– Як маці пецярых дзяцей, падзяліцеся сваім універсальным спосабам выхавання?

– Павінна быць дысцыпліна. У нашай сям’і за яе адказваю я. Муж больш лаяльны і многае дазваляе, бывае, нават спрачаемся з-за гэтага (смяецца). На мой погляд, важна, каб дзеці вучыліся адказваць за свае ўчынкі з дзяцінства. Паабяцалі прыйсці дадому ў столькі і столькі, значыць у патрэбны час яны павінны быць дома. Патрэбна прыбраць пакой, значыць ён павінен быць чысты. Можа я і старамодная ў гэтым плане, затое вынік відавочны адразу. Стараемся не пакідаць дзяцей сам-насам з тэлефонамі, паколькі ў інтэрнэце зараз можна пабачыць і што трэба, і што не трэба. Але і цалкам не забараняем, хочам, каб у іх выпрацоўваўся самакантроль. Гэта вельмі спатрэбіцца ў будучыні.

– Вольга, адкажыце, калі ласка, ці застаецца за сямейнымі клопатамі час на сябе?

– Чэсна скажу, што не заўсёды. Асабліва, калі сезон і вельмі многа работы. Вось зараз якраз на чарзе капуста, якой у нас 50 сотак. У гэтым годзе, у параўнанні з мінулым, не будзем скардзіцца, удалося зарабіць грошай. Упэўнена, што дасягнуць дабрабыту можна, галоўнае – не ленавацца. Вольны час з’яўляецца зімой, тады можна і адпачыць. Любімае свята ў нашай сям’і – Ражджаство Хрыстова. На яго мы збіраемся ў доме маёй маці і накрываем вялікі стол, на якім ёсць самыя розныя стравы. А самае галоўнае – цудоўны настрой.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

 

Оставить комментарий

Похожие новости