У Ляскавічах 29 жніўня пройдзе VI Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся”.
Да фестывалю ў Ляскавічах прайшла маштабная рэканструкцыя — на набярэжнай узвялі цэлую вёску, пасля фестывалю яе захаваюць. Госці могуць наведаць млын, дом ткацтва, дом рыбака і паляўнічага, майстэрню ганчара і этна-кафэ. «Кліч Палесся» ўключае яркую праграму: выставы для аматараў літаратары, палявання і рыбалкі, конкурс рыбаловаў і прыгажосці, а таксама канцэрты.
Штораз удзельнікам фестывалю этнакультурных традыцый з’яўляецца і Століншчына. Пра тое, якую праграму падрыхтавалі на фестываль нашы творчыя калектывы, расказала намеснік дырэктара Столінскай раённай клубнай сістэмы Ніна Лісавец:
- Наш падворак мае назву «Балотныя ўладанні». Ён складаецца з некалькіх частак — «Балотная паляна” (з імітацыяй балота, жылля міфалагічных істот Кадука і Багуна) і “Смачная паляна» (дэманстрацыя і дэгустацыя страў з балотных ягад і грыбоў). Тут жа мясцовая чараўніца частуе ўсіх сваімі балотнымі настоямі з траў і ягад. Побач сувенірная лаўка майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (лозапляценне, вырабы з саломы, карціны).
На падворку адбудзецца выстава скульптур і карцін міфалагічных персанажаў народнага майстра, Ганаровага палешука, дырэктара Цэнтра драўлянай скульптуры вёскі Цераблічы Івана Супрунчыка.
Музычнае суправаджэнне забяспечыць фальклорны калектыў «Каляжанкі» (кіраўнік Ірына Ляшкевіч) з в. Мачуль і заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль народнай музыкі «Выцінанка» (кіраўнік Пётр Астапчук) Столінскага гарадскога дома культуры.
Сустрэча гасцей на Столінскім падворку і забаўляльную праграму для масавага гледача забяспечыць народны творчы клуб «Альтанка” пад кіраўніцтвам Ніны Лісавец (Столінская раённая клубная сістэма).