НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

На мінулым тыдні ў святочнай абстаноўцы з удзелам старшыні райвыканкама Рыгора Пратасавіцкага і старшыні рэспубліканскага савета Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Юрыя Шумскага прайшло адкрыццё новага Дома раённага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.


Раней раённае таварыства паляўнічых і рыбаловаў тулілася ў адным пакоі на трэцім паверсе Дома быту. І гэта стварала шмат перашкод. Па-першае – цесна, па-другое – цяжка знайсці. А што казаць пра гасцей раёна, якія прыехалі са стрэльбамі ці рыбалоўнымі снасцямі!? Многія па-добраму ўсміхаліся і, шчыра кажучы, спачувалі работнікам. Таму было вырашана пабудаваць асобны Дом паляўнічага і рыбалова.
Для будаўніцтва была выдзелена пляцоўка ў добрым месцы – на перакрыжаванні вуліц Талстога і Чырвонаармейскай непадалёку ад загса. Побач – утульная стаянка для аўтатранспарту, а пры неабходнасці можна яшчэ дадаць. Тэрыторыя вакол дома вялікая і патрабуе добраўпарадкавання. Мяркуецца, што ў хуткім часе там з’явяцца гаспадарчыя пабудовы, дзе паляўнічыя змогуць правесці неабходныя работы. Таксама плануецца на тэрыторыі пабудаваць альтанкі і іншае, каб можна было адпачыць прама тут. Яшчэ работнікі таварыства маюць задумку стварыць на другім паверсе гасцінічныя нумары. Але пакуль вагаюцца, таму што практыка іншых дамоў паказвае, што госці жадаюць адпачываць на прыродзе, а не ў горадзе.
– Падобныя дамы ёсць не ў кожным раёне, – расказвае Юрый ШУМСКІ. – Усяго ў Беларусі 250 паляўнічых гаспадарак, з іх нашых – 108. Але Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў – асноўны арандатар паляўнічых угоддзяў. З 17 млн гектараў наяўных нашым таварыствам арандуецца 11 млн. Можаце сабе ўявіць толькі гэтую плошчу. Што тычыцца паляўнічых, то іх па краіне налічваецца крыху больш за 100 тысяч з дзяржаўным па-сведчаннем. Трэба ўлічваць, што многія з іх маюць права толькі захоўваць зброю (напрыклад, дасталася ў спадчыну), а тых, хто ходзіць на паляванне, – каля 48 тысяч, з якіх нашых – каля 37 тысяч. У нашых радах таксама налічваецца каля 42 тысяч рыбаловаў.
– Падобныя Дамы паляўнічых і рыбаловаў у гэтым годзе таксама будуць адчынены ў Навагрудку, Дуброўне і Ветцы. Гэта ўсё цудоўныя рэгіёны з мноствам лясоў, рэк і азёр, што прываблівае паляўнічых і рыбаловаў. А самае галоўнае – тут жывуць цудоўныя добразычлівыя людзі. Таму было відавочным будаўніцтва новага будынка ў Століне. Дзякуй мясцовым будаўнічым арганізацыям і ўладам, што пайшлі нам насустрач.
Дом у Століне пабудаваны за кошт сродкаў рэспубліканскага таварыства – 20 тысяч за сродкі раённага таварыства і 65 тысяч – сродкі абласнога таварыства. Усяго на Століншчыне ў радах Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў налічваецца 338 паляўнічых і 254 рыбаловы. Прыемна адзначыць, што бацькі зацікаўлены ў тым, каб і іх дзеці таксама сталі рыбакамі – 18 падлеткаў нашага раёна маюць пасведчанне рыбалова-юніёра.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости