НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Амаль 12 гадоў таму – у дзень свайго шлюбу – Уладзімір і Алеся Карнейчукі з Вялікага Малешава сфатаграфаваліся каля плаката з надпісам «Дзеці – наша будучыня». І гэтыя словы сталі для іх прарочымі, бо зараз у сям’і гадуюцца дачушка і чатыры сыночкі.
Старэйшай Алёнцы 10 гадоў і яна галоўная маміна памочніца. Дапамагае і дом трымаць у парадку, і сваіх малодшых братоў глядзець. Уладзімір названы ў гонар бацькі і дзядулі – пойдзе ў трэці клас. А вось першакласнікам будзе хлопчык з прыгожым імем Герман. Віктару зараз тры гады, а самаму малодшаму Валерыку ўсяго паўтара года. Каб зрабіць прыгожы фотаздымак, трэба было пастарацца, бо хлапчукі раз-пораз збягалі, каб злавіць кацянят, якіх у сям’і аж чатыры.
Уладзімір і Алеся прызнаюцца, што ў іх заўсёды весела і сваіх дзяцей лічаць галоўнай крыніцай шчасця.
– Зараз у дзяцей цікавы ўзрост, – расказвае мнага-дзетная маці. – Ім усё патрэбна ведаць, таму толькі і паспяваем з мужам адказваць на шматлікія пытанні. Наша самая галоўная задача – выхаваць дзяцей добрымі і спагадлівымі людзьмі, каб яны маглі і за сябе пастаяць, і прыйсці на дапамогу іншым, каб яны адказвалі за свае словы і ўчынкі. Дзеці ж глядзяць на сваіх бацькоў, таму мы з мужам імкнёмся быць для іх прыкладам ва ўсім. Мы працуем у гаспадарцы і яны каля нас. Я даглядаю кветкі і Алёнка побач. Муж едзе на поле і хлапчукоў старэйшых бярэ з сабой. Дзеці павінны адчуваць, што яны патрэбны, што яны важныя для бацькоў. Не разумею, калі чую, што трэба час ад часу адпачываць ад дзяцей. Наадварот, мне здаецца з дзецьмі і ёсць самы лепшы адпачынак, бо яны дораць столькі прыемных эмоцый і радасці, што не перадаць словамі.
Алеся, як і Уладзімір, родам з Вялікага Малешава. Тут яны і вырашылі пачынаць сваё сямейнае жыццё. Сваімі сіламі пабудавалі дом, трымаюць вялікую гаспадарку. На палях і каля дома растуць агуркі, памідоры, перац, капуста і іншыя культуры, якія яны потым прадаюць. Калі трэба, дапамагае з дзецьмі бабуля Вольга Іванаўна – маці Алесі, за што ёй вельмі ўдзячны.
– Дзякуючы дзецям мы рухаемся наперад, – кажа Уладзімір. – Мы працуем дзеля іх дабрабыту, імкнёмся даць усё неабходнае. Не сакрэт, што вялікая сям’я – вялікі клопат. Але менавіта дзеля гэтага і трэба жыць. Бачыць, як растуць твае дзеці, як яны становяцца дарослымі – найвялікшае шчасце. Пакуль рана гаварыць, як складзецца іх будучае жыццё. Застануцца яны тут ці паедуць у горад – выбіраць ім. У любым выпадку мы будзем іх падтрымліваць, бо гэта галоўная бацькоўская задача.


Пакуль мы размаўлялі, Алёнка прынесла паказаць архідэі, якія зрабіла з фоамірану Алеся. Аказваецца, яна не толькі мнагадзетная маці і выдатная гаспадыня, а яшчэ майстрыха на ўсе рукі. У яе ёсць нават рабочы кабінет, у якім стаяць дзве швейныя машыны, на якіх яна шые і майструе адзенне. Цудоўна вяжа. На сценах вісяць неверагоднай прыгажосці карціны, напісаныя алеем. А хлапчукі прынеслі мяккія цацкі, якія таксама сваімі рукамі зрабіла маці.
– Ці не хацелі б вы зрабіць выставу? – пытаю ў Алесі.
– Нават не думала пра гэта, – шчыра адказвае яна. – Усё, што я раблю, раблю для душы. У дзяцінстве любіла маляваць, у мяне заўсёды было шмат альбомаў, алоўкаў, фарбаў. Маці заахвочвала мяне і набывала ўсё, што трэба. Потым пачала сама шыць, заахвоцілася іншымі тэхнікамі. Думаю, талент мне перадаўся ад маёй бабулі Надзеі Германовіч, якая была знакамітай ткачыхай. Я многа сваіх работ падарыла ад шчырага сэрца родным і знаёмым. Вось дзеці ідуць на дзень нараджэння да сваіх сяброў і цацкі нясуць у падарунак. Але дзякуй вам за ідэю. Можа потым, калі з’явіцца час і я абнаўлю сваю калекцыю, абавязкова арганізую выставу.
Больш за ўсё ў гэтай маладой і прывабнай жанчыне мяне пакарыла сціпласць. Таму расказваў пра яе захапленне муж Уладзімір і відаць, што ён вельмі ганарыцца сваёй жонкай. А я гэтую сям’ю лічу гонарам нашай краіны і зычу ёй здароўя, дабрабыту і прыемных падзей.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Центр общественного наблюдения
И погода благоволит

И погода благоволит

17 января, 2025
Повторение – мать учения

Оставить комментарий

Похожие новости