Наталля Кажаноўская – гонар сярэдняй школы № 1 аграгарадка Альшаны. Дзяўчына вучыцца ў 9 «Г» класе, з’яўляецца выдатніцай і нязменнай удзельніцай розных школьных мерапрыемстваў. Бо настаўнікі ведаюць, што на яе можна спадзявацца на 100 працэнтаў.
Наталля з’яўляецца восьмым і самым малодшым дзіцяам у сям’і. Таму яе выхаваннем займаюцца не толькі бацькі, але і старэйшыя браты з сястрой Аленай, якая працуе настаўнікам матэматыкі ў сярэдняй школе №.2 аграгарадка. Брат Васіль зараз вучыцца ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. Туды ж плануе паступаць і Дзмітрый, які ў гэтым годзе заканчвае школу. Ды і Наталля хоча звязаць сваё жыццё з дакладнымі навукамі – матэматыкай і фізікай. Палюбіць гэты складаны прадмет ёй дапамог настаўнік фізікі Міхаіл Лемяза, які разгледзеў у дзяўчыне здольнасці і прапанаваў выбраць профіль.
– Мне ёсць з каго браць прыклад, – разважае Наталля. – Брат з сястрой настолькі цікава расказваюць пра сваю вучобу і студэнцкае жыццё, што хочацца хутчэй закончыць школу і паступіць. Мае бацькі заўсёды падтрымліваюць кожнага з нас і ўвесь час нагадваюць, наколькі важна вучыцца. Мама атрымала спецыяльнасць бухгалтара, а бацька – эканаміста. Хоць многія ў той час заканчвалі школу і заставаліся дома, каб працаваць на зямлі. Зараз жа з кожным годам большае выпускнікоў, якія становяцца студэнтамі. Вось і ў нашай сям’і ніколі не стаяў выбар: работа ці школа. На першым месцы заўсёды вучоба і толькі пасля заняткаў мы дапамагаем бацькам па гаспадарцы. Многія з маіх аднакласнікаў хочуць пасля заканчэння навучальных устаноў вярнуцца ў Альшаны. Я таксама люблю свой аграгарадок і ганаруся ім, бо тут жывуць працавітыя людзі. Але мне было б цікава паглядзець, якое жыццё ў горадзе. Усё пазнаецца ў параўнанні.
– Наталля, ведаю, што ты даволі паспяхова сумяшчаеш вучобу і спорт.
– Сапраўды, я вельмі люблю спорт і ўжо некалькі гадоў займаюся ў секцыі лёгкай атлетыкі Давыд-Гарадоцкай ДЮСШ з трэнерам Аляксеем Дзямко. Неаднаразова ездзілі на спаборніцтвы. У гэтым го-дзе ад школы прымала ўдзел у рэспубліканскай спартакіядзе, якая праходзіла ў Навагрудку, і заняла там трэцяе месца ў бегу на 1000 метраў. Спорт робіць чалавека вынослівым і фарміруе характар. Канешне, заняткі патрабуюць многа сіл і часу, але я стараюся не прапускаць трэніроўкі. Бо без іх нельга разлічваць на высокія вынікі.
– А якому адпачынку аддаеш перавагу?
– Звычайна сустракаемся з сяброўкамі і ідзём у піцэрыю, дзе можна і смачна паесці, і пагутарыць. Цудоўна, што ў Альшанах з’явіліся месцы, куды можна выйсці як з сяброўкамі, так і з сям’ёй. Я супраць віртуальных адносін. Намнога прыемней размаўляць, калі бачыш вочы чалавека. Шчырасць для мяне на першым месцы.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара