НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Толькі Бог ведае, колькі наканавана жыць

Ганна Комар з Лутак у пачатку года адзначыла свой 99-ы дзень нараджэння.
Хоць і не прынята гаварыць пра ўзрост жанчыны, але ў гэтым выпадку, наадварот, трэба. Бо жыццё Ганны Арцёмаўны – гэта прыклад чалавечай стойкасці і сілы духу, няскоранасці цяжкасцям і выпрабаванням, прыклад вялікай дабрыні і самаахвяравання.
… Ідзе вайна. Ганна стаіць у натоўпе людзей, якіх выгналі са сваіх дамоў немцы. Іх вёс-ку Малое Малешава было загадана знішчыць разам з жыхарамі. Людзі плачуць і развітваюцца адзін з адным. Дзяўчына моўчкі глядзіць на ўсё гэта і проста чакае. Слёзы яе не здзіўляюць. Дзяцінства было цяжкім, рана давялося пасталець. Памёр бацька і чацвёра яе малодшых братоў і сясцёр. Зусім маленькі застаўся сіратой сыночак сястры Іванка. Ганна ўзяла да сябе малога, туліла да сэрца. Хлапчук таксама быў у гэтым натоўпе.
Вярхом на кані прымчаўся немец і штосьці гучна пракрычаў. Ён прынёс вестку: у апошні момант адмянілі загад – смерць мінула. Ганна з маці вярнуліся ў свой дом. Потым усё ж немцы спалілі яго і трэба было дзе прытуліцца. Як маглі, жаночымі рукамі змайстравалі зямлянку, у якіх тады многія жылі. Цяжка было маладой дзяўчыне, маладосць якой украла вайна. Жаніхоў не шукалі. Амаль усе маладыя хлопцы з вёскі не вярнуліся з палёў вайны.
Аднойчы Ганне сказалі, што ў Лутках застаўся ўдавец Фядось. Ён быў старэйшы і ўжо ўнучкі нават былі ў яго. Ганне самой без малога чатыры дзясяткі гадоў ужо было. Але спадабаліся адзін аднаму і сталі жыць разам.
Думалі, пабудуюць сваё штосьці і тады пажэняцца. Але нядоўгім было сямейнае шчасце: Фядось захварэў і памёр. У Ганны на руках засталіся шасцігадовы сын Мікалай і трохгадовая Галіна. Дзецям і прысвяціла жанчына сваё жыццё. Сама трымала гаспадарку, карову, свіней, вазіла сена цераз раку, дровы калола і ў калгасе з ранку да вечара гаравала. Ад стомы падала ўвечары, але ніколі не скардзілася нікому. Трымалася, як магла.
Дзеці падраслі, сталі дапамагаць. Жыццё пакрысе наладжвалася. Але жаночага шчасця больш не знайшла, так і засталася адна. Пажаніла дзяцей, будавацца дапамагала. У сына нарадзіліся трое дзяцей, у дачкі – двое. Мае жанчына дзесяць праўнукаў, самай малодшай з якіх два гады ўсяго. Да апошняга жанчына працавала і парнік нават трымала. Дзіўна, але, нягледзячы на такія цяжкія дзяцінства і юнацтва, добрае здароўе ёй Бог даў. Яшчэ два гады таму выходзіла на лавачку каля дома, у якім жыве разам з дачкой.
Зараз гады ўзялі сваё: дрэнны зрок і ногі не ходзяць. А вось розум і зараз чысты, хоць па голасе, але пазнае сваіх. І можа расказаць пра радаслоўную амаль кожнага вяскоўца.
Старшыня Вяліка-малешаўскага сельвыканкама Таццяна Васюхневіч павіншавала доўгажыхарку з 8 Сакавіка, уручыла падарунак і цюльпаны, а Ганна Арцёмаўна падзякавала і ўсміхнулася. Відаць, што было ёй вельмі прыемна.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 25 августа

Гороскоп на 25 августа

21 августа, 2025
Гороскоп 24 августа

Гороскоп 24 августа

21 августа, 2025
В Смоленской области запрещен ввоз из Беларуси более 4 тонн ягодной продукции.

Оставить комментарий

Похожие новости