НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
5/5 - (1 голос)

Халодным лістападаўскім вечарам была цёплая і радасная нагода сабрацца ў сярэдняй школе
№ 1 г. Давыд-Гарадка – 90-гадовы юбілей.


Урачыстае святкаванне наведалі многія паважаныя госці, сярод якіх кіраўніцтва раёна, устаноў і прадпрыемстваў горада, былыя вучні і настаўнікі школы. На ўваходзе сустракаў карабель з пунсовымі ветразямі, а ў самой школе дапаўнялі святочную абстаноўку дзве фотазоны, фонам
адной з якіх сталі фотаздымкі выпускаў школы.

Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так кожны юбілей пачынаецца з гісторыі, а яна багатая, бо адукацыя заўсёды мела для жыхароў горада вялікае значэнне. У гістарычнай літаратуры ёсць звесткі, што яшчэ ў далёкім 1663 годзе ў Давыд-Гарадку быў адкрыты філіял Пінскай школы для 3-5 класаў. У 1863 годзе было створана народнае вучылішча на 107 чалавек, а праз тры гады – царкоўна-прыходская жаночая школа. У 1908 годзе працавала вучылішча з шасцігадовым тэрмінам навучання. З 1917 па 1939 гады з невялікімі перапынкамі існавала яўрэйская школа, што недзіўна – да пачатку Вялікай Айчыннай вайны яўрэі складалі трэцюю частку насельніцтва.
Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавору ў 1921 годзе Заходняя Беларусь, у тым ліку і Давыд-Гарадок, адышлі да Польшчы. І літаральна ў наступным годзе была адкрыта польская школа, у якой навучанне праходзіла выключна на чужой мове. І толькі ў 1930 годзе пачала дзейнічаць беларуская сямігадовая школа. У 1933-1934 годах пабудаваны трохпавярховы будынак школы, які быў самым большым сярод устаноў адукацыі ва ўсёй тады яшчэ Пінскай вобласці. Дарэчы, частка таго памяшкання і дагэтуль служыць ужо ў сучаснай школе.


У ваенныя гады школа была шпіталем, і ёсць дакладныя звесткі, што яна была пашко-джана снарадам.
Узнавілася навучанне толькі пасля вызвалення нашай краіны, і ў 1949 годзе адбыўся першы пасляваенны выпуск. Новыя вучні прыходзілі ў класы, адрамантаваныя руплівымі рукамі настаўнікаў і жыхароў горада. Яшчэ быў дэфіцыт кніг, ды і ўсяго школьнага інвентару, але вочы дзяцей блішчалі ад радасці, бо яны будуць набываць веды, а не хавацца ад ворага.
Школа да 1960-ых гадоў была беларускамоўнай, таму і зараз старажылы яе называюць беларускай. Яна стала роднай больш чым для 4000 выпускнікоў, сярод якіх урачы, інжынеры, дзеячы культуры і прадстаўнікі іншых прафесій.


Кіравалі школай восем дырэктароў, а зараз гэтую ганаровую, але разам з тым такую адказную пасаду займае Валянціна Рыгораўна Хілінская. Менавіта ёй перадаў Ганаровую грамату Столінскага райвыканкама намеснік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Вадзім Заруба. Ён адзначыў вялікі ўзровень падрыхтоўкі вучняў гэтай школы, паколькі яны дастойна прадстаўляюць горад і раён у цэлым на шматлікіх мерапрыемствах і форумах. Шчыра парадаваўся таму, што 90-гадовы юбілей школа сустракае ў сваіх родных сценах, і таму, што няма дэфіцыту педагагічных кадраў. Значыць, будучыня ў надзейных руках.


З прывітальным словам выступіла намеснік начальніка аддзела па адукацыі Алена Васькавец і ўручыла Ганаровыя граматы за прафесійнае майстэрства, адданасць сваёй справе, добрасумленную працу, поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення і ў сувязі з 90-гадовым юбілеем настаўніку англійскай мовы Алене Вабішчэвіч, педагогу сацыяльнаму Ірыне Асіпенка, настаўніку інфарматыкі Наталіі Свірыдчук, настаўніку фізікі Наталлі Сеген, настаўнікам пачатковых класаў Таццяне Гайкевіч, Лідзіі Пашкевіч і Алене Палукошка.


Ад Столінскай раённай прафсаюзнай арганізацыі беларускага саюза работнікаў адукацыі і навукі трымала слова старшыня Людміла Цупа. Яна павіншавала калектыў і дадала, што ўсё толькі пачынаецца і наперадзе новыя юбілей, прыемныя падзеі і дасягненні. Таксама ўручыла Ганаровыя граматы за актыўную работу, высокія прафесійныя заслугі і ў сувязі з юбілеем настаўніку матэматыкі і інфарматыкі Аляксандру Калько, настаўніку фізічнай культуры і здароўя Аляксандру Кіпко-Кулага, настаўніку працоўнага навучання Івану Харашуну, інспектару па кадрам Наталіі Ядлоўскай, сакратару школы Галіне Сцецкай, бібліятэкару і намесніку старшыні прафкама Таццяне Місюра, рабочаму па комплекснаму абслугоўванню Валерыю Ляшкевічу.
Ад Столінскага раённага Савета дэпутатаў узнагароджана настаўнік біялогіі Ніна Кудласевіч за шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад і дасягнутыя вынікі ў экалагічнай адукацыі навучэнцаў, і ў сувязі з 90-гадовым юбілеем школы.


Звярнуўся да сваіх землякоў старшыня Давыд-Гарадоцкага выканаўчага камітэта Вячаслаў Стаднік, які падзякаваў калектыў за адданасць сваёй прафесіі. За развіццё адукацыйнага працэсу, актыўную жыццёвую пазіцыю, уклад у гісторыка-культурную спадчыну горада і ў сувязі з юбілеем Ганаровымі граматамі адзначаны дырэктар школы Валянціна Хілінская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ганна Пашкевіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ірына Гулакова, выхавальнік групы падоўжанага дня Таццяна Петравец, настаўнік пачатковых класаў Ала Шышко.
Часткай святочнай праграмы было сімвалічнае запальванне свечак, і адну з іх – свечку Мудрасці – запаліў былы дырэктар школы Канстанцін Сцяпура. Ён прыняў эстафету ў 1999 годзе ад Анатоля Жаўнерчука і праз 15 гадоў перадаў яе цяперашнему кіраўніку Валянціне Рыгораўне. Віншавалі школу ветэраны педагагічнай працы, ад імя якіх слова ўзялі настаўнік пачатковых класаў Ларыса Мігалевіч і настаўнік рускай мовы і літаратуры Ніна Марчук. Тых настаўнікаў, каго няма на гэтым свеце, прысутныя ўзгадалі і ўшанавалі хвілінай маўчання.


Не абмінулі ўвагай такую важную падзею, як юбілей роднай школы, яе былыя выпускнікі, а цяпер паспяховыя і таленавітыя кіраўнікі. Душэўна павіншавала Анжэла Тукіна – урач-гінеколаг, загадчык філіяла УЗ «Столінская ЦРБ «Давыд-Гарадоцкая бальніца», якая быццам перанеслася ў мінулае, калі на чале з класным кіраўніком Канстанцінам Іванавічам ладзілі школьныя вечары. Адзначыла якасць ведаў, атрыманых у роднай школе, таму пры паступленні была на адной прыступцы з вучнямі гімназій і спецыялізаваных навучальных устаноў.


Адказвалі на сімвалічныя білеты, падрыхтаваныя вядучымі, начальнік пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 2 Валерый Свірыдчук і дырэктар Палескага лясгаса Фёдар Сыса.
З падарункамі прыйшлі і прадпрымальнікі горада, адзін з якіх – заснавальнік прыватнага транспартнага ўнітарнага прадпрыемства «Аласта Транс» Юлія Дранец, якая ў мінулым годзе стала пераможцай Нацыянальнага конкурсу «Прадпрымальнік года». Падзякавала настаўнікам, пажадала поспехаў, а таксама разам з сынам Аляксандрам запаліла свечку «Дзяцінства».
Дырэктар Дома культуры Марына Кравец – таксама выпускніца гэтай школы – падрыхтавала танцавальныя нумары. Прыгожым дапаўненнем стала выступленне вучняў школы Ніколь Ляшкевіч ра-зам з маці Марыяй і Анастасіі Лагодзіч. Некалькі песен падарыла Ніна Комік, пажадаўшы міру і дабра гасцям юбілея.


Мы таксама жадаем школе яшчэ большага росквіту, каб наступны юбілей сустрэць яшчэ больш памаладзеўшай.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
С Пасхой!

С Пасхой!

19 апреля, 2025
Столинские школьники – чемпионы области!
Не словом, а делом

Не словом, а делом

19 апреля, 2025
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости