На мінулым тыдні 25 сакавіка адзначыў свой 80-гадовы юбілей вядомы ў раёне чалавек Генадзь Сцямпкоўскі.
Былы старшыня калгасаў «Дружба», «Чырвоны сцяг» – цяперашніх ААТ «Кароцічы» і ААТ «Палессе-АВМ», уладальнік ордэна «Знак Пашаны», а яшчэ настаўнік для многіх кіраўнікоў, Генадзь Уладзіміравіч усё сваё жыццё прысвяціў сельскай гаспадарцы.
Яго малая радзіма – аграгарадок Рамель. З дзяцінства цягнуўся да ведаў, таму за пяць кіламетраў хадзіў у Альшанскую сярэднюю школу. Потым паступіў ў Пінскі сельгастэхнікум, які скончыў у 1961 годзе і вярнуўся ў родны калгас «Запаветы Леніна» – цяперашні ААТ «Палеская ніва». Спачатку быў заатэхнікам, а праз некаторы час узначаліў птушкагадоўчы комплекс.
Пасля службы ў арміі Генадзь Сцямпкоўскі паступіў у Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя Куйбышава і сем гадоў працаваў галоўным эканамістам калгаса.
У 1972 годзе перспектыўнага спецыяліста накіроўваюць узначаліць калгас «Дружба». Генадзь Уладзіміравіч разам з сям’ёй пераязджае ў Кароцічы.
Галоўная задача – падняць з каленяў гаспадарку, якая ў той час займала 24-е месца, а па малаку – 26-е з 30 гаспадарак раёна. Ды і з дысцыплінай былі вялікія праблемы, бо людзі не хацелі працаваць з прычыны нізкай заработнай платы. Генадзь Уладзіміравіч прыняў рашэнне падняць зарплату і зрабіў стаўку на жывёлагадоўлю. Менш за год спатрэбілася, каб справы наладзіліся. Да «Дружбы» далучылі стратны калгас «Чырвоны сцяг» – цяперашні ААТ «Палессе-АВМ», якім Генадзь Уладзіміравіч кіраваў да выхаду на заслужаны адпачынак у 1999 годзе.
Генадзь Сцямпкоўскі падымаў прэстыж работы ў сельскай гаспадарцы. Многія з тых, хто працаваў пад кіраўніцтвам таленавітага старшыні, у будучыні самі ўзначалілі калгасы і дасягнулі поспеху ў рабоце. Яго вучнямі былі Адам Цярэнцьевіч Коваль, Аляксей Васільевіч Мікуліч, Іван Іванавіч Сямейка, Сцяпан Міхайлавіч Хоміч, Мікалай Захаравіч Зельманчук, Адам Пятровіч Кудласевіч.
Пра чалавека лепш за ўсё раскажуць яго справы. Генадзь Уладзіміравіч заўсёды думаў пра людзей, таму зараз яго ўспамінаюць добрым словам. «Добрыя ўчынкі доўга помняцца», – часта паўтараў гэтае выказванне.
Акрамя бліскучай кар’еры, юбіляр стварыў моцную сям’ю. Ажаніўся з прыезджай з Магілёўскай вобласці настаўніцай Ніначкай, якую пакахаў з першага погляду. На жаль, 12 гадоў, як аўдавеў, але жыве яна ва ўспамінах. Усе трое дзяцей сталі эканамістамі і нават закончылі тую ж установу, што і бацька. Валянціна – эканаміст раённага аддзела адукацыі у Скідзелі, Генадзь – спецыяліст у аддзеле рынку працы і садзейнічання занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, Эдуард – індывідуальны прадпрымальнік у Мінску. І на юбілей прыехалі са сваімі сем’ямі.
Не забыла павіншаваць Генадзя Сцямпкоўскага кіраўніцтва раёна. Здароўя і прыемных падзей пажадалі першы намеснік старшыні Столінскага райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васіль Літвінкевіч, прадстаўнік райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Яхнавец.
Віншавальны адрас даслалі з раённага савета ветэранаў.
Далучыліся да іх старшыня Вялікамалешаўскага сельвыканкама Таццяна Васюхневіч і дырэктар ААТ «Палессе-АВМ» Іван Кадоліч.
У свае 80 гадоў Генадзь Уладзіміравіч выглядае шыкоўна, апрануты з іголачкі, усё ж звык за столькі гадоў кіраўніцтва. Прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, з’яўляючыся старшынёй савета ветэранаў сельсавета. Чытае без акуляраў, сярод выданняў аддае перавагу «Навінам Палесся». Яшчэ дагэтуль водзіць аўтамабіль. Калі аднойчы яго спынілі работнікі ДАІ, то не ўтрымаліся і пацікавіліся сакрэтам бадзёрасці і маладосці.
– Ніколі зла не рабіў і са сваім сумленнем не спрачаўся, – коратка адказаў Генадзь Сцямпкоўскі.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара