НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Калісьці гэтыя словы сказаў знакаміты рускі пісьменнік Леў Талстой. Але яны не згубілі сваёй актуальнасці з гадамі. Бо менавіта так лічаць Раман і Марыя Мазоль – маладая сям’я з аграгарадка Альшаны.
Іх дыхтоўны дом знаходзіцца ў самым цэнтры аграгарадка, дзе і адбылася наша сустрэча.
Акрамя гаспадароў, мяне сустрэлі іх дзеці – прыгажуня Валянціна і гарэзлівыя хлапчукі Ігар і Андрэй. Пакуль я размаўляла з бацькамі, дзеці шчабяталі пра штосьці сваё.

– Ой, гэта ў нас зараз параўнальна спакойна. А калі зранку збіраемся з мужам на работу і дзяцей збіраем, то ў нашым доме сапраўдная «дзвіжуха». Я заплятаю валасы дачцэ, пакуль хлапчукі адзяваюцца, ці, лепш сказаць, спрабуюць адзецца. Потым я ўсё ж прыводжу іх у парадак, на дапамогу прыходзіць муж. Пасля снедаем на хаду, абуваемся і пабеглі. Гэты кругаварот у нас пастаянна. Добра тое, што школа пад бокам, – смяецца жанчына.
І сапраўды, вокны дома выходзяць на сярэднюю школу № 1 аг. Альшаны. Марыя там працуе настаўнікам гісторыі, а Раман выкладае фізкультуру. Дачка ходзіць у другі клас, а чатырохгадовы Ігар і трохгадовы Андрэй, якога найцяжэй было сфатаграфаваць, наведваюць дзіцячы садок №1. Клопатаў у маладой сям’і хапае. Сваімі сіламі пабудавалі дом, зараз зай-маюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі.
– Гэта мы вас чакалі і засталіся дома. А так ужо б агуркі падвязвалі, – кажа Раман. – У нас кожны дзень распісаны літаральна па хвілінах. Добра, што працуем у школе ў першую змену, а другой палове дня перакваліфікоўваемся ў фермераў (смяецца). Лета для настаўнікаў – пара адпачынку, таму з’яўляецца вольны час. Чаму б яго не скарыстаць з толкам ды і грошы якія падзарабіць. Калі ёсць жаданне, то будзе і магчымасць. У гэтым годзе вырашылі пасадзіць буякі. Будзем спадзявацца, што яны нас «не падвядуць».
Дзіўна, але ні Марыя, ні Раман спачатку не планавалі застацца ў родных Альшанах. Марыя пасля школы паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Пушкіна на гістарычны факультэт, бо любіла гэты прадмет у школе. Раман з дзяцінства абажаў спорт і нават спаў з футбольным мячом, таму і прафесію выбраў спартыўную – стаў настаўнікам фізічнага выхавання, скончыўшы Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Шамякіна. Пазнаёміліся маладыя людзі, калі Раман ужо працаваў у школе, а Марыя была на пятым курсе. А да таго, як пажаніцца, сустракаліся ўсяго паўгода.
– Я адразу зразумеў, што Марыя – мая другая палова, – успамінае падзеі таго часу Раман. – Толькі яе бачыў жонкай і маці сваіх дзяцей. А навошта тады цягнуць? Трэба дзейнічаць. Безумоўна, стварэнне сям’і – гэта не проста распісацца ў ЗАГСе і паставіць штамп у пашпарт. Гэта вялікая адказнасць, якую бярэш на сябе. Яшчэ ў сваёй сям’і мяне навучылі, што мужчына павінен заўсёды адказваць за свае словы і ўчынкі. Менавіта з Марыяй я адчуў, што гатовы на гэта. Таму ўдзячны лёсу, што яна з’явілася ў маім жыцці.
І ў верасні 2011 года стварылася маладая сям’я Мазоль. Марыя ўладкавалася на работу ў школу, дырэктарам якой на той час была яе свякроў Ганна Уладзіміраўна.
– Мы адразу пасябравалі, – дзеліцца ўжо Марыя. – Таму анекдоты пра нявестку са свекрывёй, у якіх адна з адной кпяць, гэта дакладна не пра нас. Ганна Уладзіміраўна – жанчына вельмі добрая і разам з тым моцная, многаму вучыла мяне і дапамагла. Мне пашанцавала, што ў мяне з’явілася такая маці. Упэўнена, гэта шчасце, калі паміж роднымі людзьмі існуе ўзаемапавага і разуменне.
Першы час вырашана было пажыць у бацькоў Марыі, тым больш яна – адзіная дачка. У маладой сям’і нарадзілася дачушка Валянціна, названая ў гонар бабулі. А Раман і Марыя пачалі ажыццяўляць агульную мару – будаваць свой дом. Спадзяваліся на сябе, зараблялі грошы ў парніках, складвалі капейку да капейкі. Раман асабіста кантраляваў працэс, Марыя планавала, якой будзе кухня і гасціная, хацела, каб у доме было многа святла. Вечарамі, калі дзеці спалі, абмяркоўвалі задачы на наступны дзень. Вельмі моцна дапамаглі бацькі. І вось амаль ужо тры гады маладая сям’я жыве ў сваім доме.
– Для мяне, як для мужчыны, было важна пабудаваць свой уласны дом, – дзеліцца Раман. – Безумоўна, гэта не проста. Паколькі мы не бралі ніякіх крэдытаў, ды і яны на той час нам былі недаступны, то даводзілася ў многім эканоміць. Калі бачыш перад сабой мэту, то трэба ўпэўнена ісці да яе, а не распыляцца на іншыя дробязі. Так было заведзена ў маіх бацькоў, хачу, каб і мае дзеці ў будучыні ведалі, чаго хочуць ад жыцця. Гэта вельмі важна.
Сваю работу, якая таксама агульная ў Рамана і Марыі, вельмі любяць і ў адзін голас сцвярджаюць, што не памыліліся з выбарам прафесіі. Таксама настаўніца з’яўляецца класным кіраўніком у 5 «Г» класе, таму акрамя непасрэдна выкладання даводзіцца вырашаць і многа арганізацыйных пытанняў, асабліва ў цяперашні неспакойны час. А дома трэба ўдзяліць увагу сваім дзецям і мужу, прыгатаваць што-небудзь смачненькае. Таму калі з’яўляецца час для адпачынку, звычайна ў нядзелю, абавязкова праводзяць яго толькі разам.
– Гэта наша традыцыя – адпачываць сям’ёй. Можам разам пасмажыць сала альбо да рэчкі з’ездзіць. Раман не так даўно палюбіў рыбалку, бярэ з сабой дзяцей. Дарэчы, Валюша ўжо сама можа вудзіць. Дзеці ў нас вельмі дружныя, сумуюць адзін без аднаго. Таму, калі і едуць куды, да бабулі, напрыклад, то толькі разам. Прызнаюся, я ніколі не думала, што буду мнагадзетнай маці. Перажывала, як я буду ўсё сумяшчаць? Але дарэмна хвалявалася, бо дзеці – гэта і ёсць самая галоўная задача для кожнай жанчыны. А сям’я – самы найдаражэйшы скарб, – кажа Марыя.

Ганна
МЕЛЬНІК

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 25 августа

Гороскоп на 25 августа

21 августа, 2025
Гороскоп 24 августа

Гороскоп 24 августа

21 августа, 2025
В Смоленской области запрещен ввоз из Беларуси более 4 тонн ягодной продукции.

Оставить комментарий

Похожие новости