НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Лечаць не толькі таблеткі…

Марыя Пінчук 50 гадоў працуе фармацэўтам, 48 з іх – у аптэцы аг. Струга.
Малая радзіма Марыі Васільеўны – Давыд-Гарадок. З дзяцінства марыла працаваць фармацэўтам. Памятае, як прыходзіла з маці ў аптэку і была ў захапленні ад каробачак і шкляначак, якія там знаходзіліся. Прыцягвалі дзяўчынку лекавыя сродкі, тое, як іх гатавалі. Пасля школы паступіла ў Магілёўскі фармацэўтычны тэхнікум.
Пасля заканчэння размеркавалі на Століншчыну. Гэта было ў 1969 годзе. Два гады працавала ў Столінскай цэнтральнай аптэцы падменным работнікам. А ў лютым 1971 года накіравалі ў Стругу, дзе адчынілі аптэку. Тут жанчына і дагэтуль працуе.
Памятае той час, калі яшчэ не было маста да Стругі цераз раку. Дастаўлялі лекі рознымі спосабамі, часцей на лодцы. Хвалявалася і перажывала маладая фармацэўт, каб цэлымі і не пашкоджанымі яны паступалі ў аптэку. Калі ў 1979 годзе было вялікае навадненне, нават задзейнічалі верталёт для забеспячэння насельніцтва неабходнымі прэпаратамі.
Без перабольшання ўсе жыхары ў аграгарадку ведаюць Марыю Васільеўну і называюць ласкава “Наша Машачка.” Рысы яе характару – дабрыня і ўважлівыя адносіны да кожнага чалавека. Жанчына кажа, што гэта перадалося ад бацькоў.
Наведвальнікі ўпэўнены, не толькі таблеткі дапамагаюць змагацца з хваробамі, а і добрыя словы, падтрымка. Ды і сама фармацэўт за гэты час добра пазнаёмілася з мясцовымі жыхарамі, ведае нюансы здароўя кожнага. Знайсці агульную мову, даць правільную рэкамендацыю – галоўныя задачы супрацоўніка “дома” таблетак, што і стараецца рабіць кожны дзень Марыя Пінчук.
У аптэцы адпускаюць лекі на вёскі Альманы, Варані, Узляжжа. Цесна супрацоўнічаюць з урачом агульнай практыкі Стружскай амбулаторыі Марыяй Палешка. Спрасціў работу камп’ютар. З яго выкарыстаннем з’явіліся новыя магчымасці. Не складае ніякай цяжкасці паглядзець, у якой аптэцы ёсць неабходны прэпарат. Бывае, на парозе аптэкі з’яўляюцца жыхары райцэнтра: “Нам падказалі, што “нашы” таблеткі ёсць у вас…”.
Што тычыцца прэпаратаў, то часцей пытаюць лекі для падтрымкі кішэчна-стаўнікавага тракту, нармалізацыі ціску, “сардэчныя” таблеткі. Маладыя маці часта заходзяць: набываюць неабходнае для сваіх дзетак. Да трох гадоў па льготных рэцэптах забіраюць лекі. Але ўсё ж большасць наведвальнікаў – пажылога ўзросту. Не толькі набыць патрэбнае, а і параіцца, атрымаць словы падтрымкі.
Бывае пажылыя, нямоглыя жыхары тэлефануюць: “Васільеўна, можа будзеце ісці ў бок пошты, прынясіце мае лекі”. Не адмаўляе, бо разумее, як да месца такая дапамога.
Цікавы факт у біяграфіі Марыі Пінчук: яе дачка і ўнук працягнулі аптэкарскую справу. Дачка Святлана – загадчыца аптэкі ў Рэчыцы, унук Віталій – студэнт фармацэўтычнага факультэта. Гэта надзвычай прыемна для Марыі Васільеўны. Другая дачка Алена жыве ў Гомелі. Радасць Марыі Пінчук – трое ўнукаў і адна ўнучка.
Задаю пытанне пра вольны час, Марыя Васільеўна задумваецца: а ці ёсць ён? Калі ёсць хвіліна, працуе ў агародзе.
Раней добра і многа спявала, выступала ў канцэртных праграмах у мясцовым Доме культуры. Выступала і ў складзе калектыву, і сольна. Зараз у нядзелю і на святы наведвае храм, дзе спявае ў царкоўным хоры.
Святлана МАРОЗ
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 25 августа

Гороскоп на 25 августа

21 августа, 2025
Гороскоп 24 августа

Гороскоп 24 августа

21 августа, 2025
В Смоленской области запрещен ввоз из Беларуси более 4 тонн ягодной продукции.

Оставить комментарий

Похожие новости