18 кастрычніка ў Маларыце адбыўся абласны тур XV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур «Суквецце культур».
Арганізатарамі фестывальнага свята сталі ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр і Маларыцкі райвыканкам.
«Суквецце культур» – гэта свята адзінства, міру і мастацтва. Яркі і каларытны форум накіраваны на захаванне і папулярызацыю нацыянальных традыцый, гісторыі, самабытнасці нацыянальных меншасцей, узораў паэтычнай, музычнай, харэаграфічнай творчасці, выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва нацыянальных супольнасцей.
На мерапрыемстве было прадстаўлена ўнікальнае сузор’е талентаў з ліку прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, якія жывуць і працуюць на Брэстчыне. Сярод іх і работнікі культуры нашага раёна.
Фестываль прайшоў у Маларыцкім ГДК. Праз творчасць людей-удзельнікаў паказаў адметнасці і самабытнасць кожнага народа, дзякуючы прадстаўнікам малдаўскай, азербайджанскай, туркменскай, польскай, украінскай, рускай і іншых дыяспар. У час свята гучалі песні, вершаваныя радкі з літаратур розных народаў, аповеды, гумарэскі… І кожная мова гучала па-асабліваму, была зразумела ўсім.
Працавала тэматычная выстаўка «Куточкі талентаў і густаў». На ёй можна было пазнаёміцца з вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і прадэгуставаць нацыянальныя стравы прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцей. Культработнікі са Століншчыны Святлана Банет (Дубайскі СДК) і Дзіяна Радзько (Плотніцкі СДК) прадстаўлялі ўкраінскую культуру.
Прадстаўніца Плотніцкага СДК Дзіяна Радзько не толькі добры работнік, яна яшчэ і выдатная гаспадыня, якая можа прыгатаваць столькі страў, што хопіць на цэлае вяселле. Асабліва да душы ёй родная ўкраінская кухня. Менавіта кручэнікі, завіванцы, фаршаваная птушка ды гародніна, нашпігаванае салам і духмянымі прыпраўкамі мяса – ад такой сытнай ды каларытнай ежы ніхто не адмовіцца! Яе багаты стол прыйшоўся даспадобы ўсім без выключэння.
Прадстаўніца Дубайскага СДК Святлана Банет прадставіла шыкоўную выстаўку вышыўкі. Яна адзначае, што кожны майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва заслугоўваў асаблівай увагі і павагі да свайго захаплення. Святлана захапляецца вышыўкай ужо даўно. У яе калекцыі на сёння вялікая колькасць ручнікоў, сурвэтак, вугольнікаў, а таксама вазы і кветкі, выкананныя з дапамогай сучасных тэхнік. Жанчына з задавальненнем прадэманстравала сваю творчасць у час фестывалю.
Усе ўдзельнікі фестывалю атрымалі ўзнагароды. Дзіяна Радзько і Святлана Банет узнагароджаны дыпломамі за папулярызацыю нацыянальнага мастацтва і актыўны ўдзел у абласным туры XV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур «Суквецце культур». Яны атрымалі прыемныя ўражанні ад удзелу ў такой значнай для Брэстчыны падзеі і запал для працоўнай дзейнасці.
Людміла КАСПЯРОВІЧ
Фота Валерыя ШУРКАЛЫ