НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Душэўна, цёпла па-сямейнаму адзначылі 14 верасня жыхары аграгарадка Вялікае Малешава дзень аграгарадка. Пад гукі народных мелодый на пляцоўцы каля Дома культуры
сабраліся жыхары аграгарадка – ад старажылаў да прадстаўнікоў маладога пакалення.

Радасныя вочы, шчырыя ўсмешкі і нязменная любоў, якая гучала ў кожным слове аб мілым кутку, – вось што аб’яднала жыхароў Вялікага Малешава ў гэты дзень.


У святочным мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Вялікамалешаўскага сельскага выканаўчага камітэта Таццяна Васюхневіч і дырэктар ААТ «Палессе АВМ» Іван Кадоліч, якія адзначылі, што такія святы – добрая магчымасць сустрэцца людзям, пагутарыць, успомніць сваё дзяціства і сяброў, адпачыць ад паўсядзённых спраў і падзякаваць людзям за плённую працу.
– Упрыгожваннем любога населенага пункта з’яўляюцца людзі, чыя самаадданая праца прыносіць карысць роднай зямлі, – сказала старшыня сельскага Савета, адкрываючы свята. – І сярод такіх людзей і жыхары Вялікага Малешава. Хачу выказаць словы падзякі вам за тое, што ўсім сэрцам любіце родны аграгарадок, дапамагаеце наводзіць парадак, упрыгожваеце свае падворкі. Разам мы зможам зрабіць Вялікае Малешава яшчэ больш чыстым і прыгожым!


Ніводная сельская ўрачыстасць не павінна абыходзіцца без тых, хто шмат гадоў пражывае ў родным куточку. Бо нездарма ж абвяшчае народная мудрасць: «Той род добры, дзе найстарэйшым павага і пашана, і тое свята слаўнае, дзе ім – галоўнае месца». Бурнымі апладысментамі вяскоўцы віталі Уладзіміра Сцяпанавіча Кардаша і Пелагею Цярэнцьеўну Кардаш. Гэтыя паважаныя людзі атрымалі персанальныя віншаванні і падарункі з рук кіраўніка сельсавета.
– У Вялікім Малешаве жыву ўсё сваё жыццё, – падкрэсліў Уладзімір Сцяпанавіч падчас узнагароды. – Вялікі дзякуй, што не забылі пра мяне. Вельмі прыемна бачыць, што на такое свята прыйшло шмат жыхароў. Нашу вёску памятаю з маленства. Тады, вядома, тут усё было інакш. Напрыклад, дамоў стаяла значна менш. Роднай вёсцы і яго жыхарам жадаю толькі міру і спакою. Гэта самае галоўнае!
Падымаліся на сцэну і юбіляры. Словы падзякі і віншаванні былі адрасаваны тым, чыё жыццё з’яўляецца прыкладам для маладых. Аляксей Васільевіч і Еўфрасіння Фёдараўна Карнейчукі ідуць разам па жыцці 50 гадоў. Прайшлі шмат дарог з жыццёвымі іспытамі, не страціўшы самае галоўнае – каханне і ўзаемапавагу. Дзесяць сямейных пар аграгарадка адзначылі 25 гадоў сумеснага жыцця. Яны таксама атрымалі заслужаныя апладысменты ад жыхароў аграгарадка і падарункі.


Штогадовае свята вёскі – гэта выдатная магчымасць не толькі выказаць словы падзякі ветэранам, якія працягваюць захоўваць шматгадовыя традыцыі, але і смела зазірнуць у будучыню вёскі. Яго сімвалам стаў самы маленькі жыхар – Данііл Васюхневіч, які з’явіўся на свет усяго месяц таму. Малога і яго шчаслівых бацькоў – Сяргея Пятровіча і Марыю Васільеўну – таксама павіталі аднавяскоўцы, пажадаўшы хлопчыку быць здаровым і расці на роднай зямлі пад мірным небам.
«З кожным годам наш аграгарадок прыгажэе», – адзначаюць жыхары Вялікага Малешава. І гэтае ператварэнне – лепшая ўзнагарода для людзей, якія ўкладваюць душу, сілы і любоў у добраўпарадкаванне сваёй малой радзімы, робячы яе па-сапраўднаму прыгожым кутком. За творчае афармленне, навяденне парадку на сваім прысядзібным участку адзначаны пяць лепшых сем’яў.


Вялікае Малешава можа ганарыцца тым, што з’яўляецца адным са шматдзетных населеных пунктаў. З кожным годам ён расце. Будуюцца новыя дамы. У сям’і Івана і Паўліны Карпцовых выхоўваецца дзевяць непаўналетніх дзетак. У гэты выдатны дзень і вялікая сям’я Крапцовых прымала віншаванні.
За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Вялікага Малешава, нястомную працу і цеснае ўзаемадзеянне з сельскім выканаўчым камітэтам былі ўдастоены асаблівай падзякі і кветак Ірына Краўцова, Аляксей Копец, Іван Кадоліч, Васілій Марцінчык, Мікалай Беразоўскі, Вера Васюхневіч, Наталля Шаўчук, Вера Краўцова, Надзея Бандаровец і Павел Траццякевіч.
Успомнілі і пра імяніннікаў. Чатыры жыхары аграгарадка святкавалі дзень нараджэння. Лідзія Васільеўна Фалько адзначала 14 верасня свой юбілей – 75-годдзе.
Дзень выдаўся выдатным. Мора ўсмешак, вясёлы настрой, яркія эмоцыі, танцы, песні, вершы спадарожнічалі святу. Запальнае мерапрыемства прайшло на адным дыханні, падарыла жыхарам і гасцям аграгарадка шмат незабыўных радасных момантаў і станоўчых эмоцый.


Вольга ГУСАК
Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости