НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
1.5/5 - (2 голоса)

Падрыхтоўка сельскагаспадарчай тэхнікі да вясенніх работ – задача нумар адзін, якую неабходна вырашыць да пачатку пасяўнога сезона. Толькі своечасовы і якасны рамонт дазволіць у запланаваныя тэрміны завяршыць апрацоўку і падрыхтоўку глебы да сяўбы і ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны правесці сяўбу.


Чацвёрты і першы кварталы года для рамонту тэхнікі да вясны – самыя напружаныя. Большая частка рамонтаў тэхнікі ва ўсіх гаспадарках раёна праводзіцца сваімі сіламі – інжынернай службай. Дзякуючы спецыялістам гэтага звяна сельскагаспадарчая тэхніка працуе ад світання да закату.


– Ад інжынернай службы ў любой сельскагаспадарчай арганізацыі залежыць практычна ўсё, – гаворыць галоўны інжынер ААТ «Палеская ніва» Станіслаў Мальцэвіч. – Калі не выйдзе тэхніка ў поле ці не своечасова прывязуць корм для жывёл, значыць, страцім прыбытак. Таму дзейнічаем хутка, працуем якасна і стараемся ўтрымліваць тэхніку ў спраўнасці на працягу ўсяго года. Многія рамонтныя работы выконваем самастойна. У выпадку складаных сітуацый – рамонту электронікі і рухавікоў – звяртаемся да спецыялістаў сэрвісаў г. Пінска. Тэхніка ў гаспадарцы розная: ёсць новая і правераная часам. Скажу адно, нашы механізатары – майстры на ўсе рукі. І ў гэтым у іх свая цікавасць: як падрыхтуюцца да выхаду ў поле – так і сеяць будуць.


У ААТ «Палеская ніва» тры мехдвары і тры ўласныя майстэрні з усім неабходным. Каб работнікі працавалі ў больш камфортных умовах, зрабілі іх рэканструкцыю. На мехдвары аг. Рамель майстэрня наогул новая.


Тэхагляд сельскагаспадарчай тэхнікі раёна пачаўся з ААТ «Кароцічы» і ААТ «Палессе АВМ», а 12 лютага праверка праводзілася ў ААТ «Палеская ніва» загадчыкам сектара па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання Віталіем Кавальскім, намеснікам начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадцы Валерыем Багатка і галоўным спецыялістам сектара па механізацыі Яўгеніем Вабішчэвічам.
На мехдварах гаспадаркі з самай раніцы панавала незвычайнае ажыўленне. Механізатары вывелі на лінейку гатоўнасці сваю сельскагаспадарчую тэхніку. Побач размясцілі вогнетушыцелі, аварыйныя знакі і аптэчкі. Правёўшы візуальны агляд, інспектар раз-пораз прасіў прадэманстраваць работу тых ці іншых агрэгатаў і механізмаў. Дасведчаным поглядам прыкмячаў недахопы, якія трэба выправіць ў хуткім часе.


Галоўны спецыяліст сектара па механізацыі Яўгеній Вабішчэвіч звяртаў увагу на выкананне патрабаванняў па ахове працы: наяўнасць сродкаў абароны на карданных валах і іншых элементах, забяспечанасць работнікаў спецвопраткай і абуткам, наяўнасць пакояў для адпачынку і прыёму ежы на тэрыторыі майстэрняў і наяўнасць абсталяваных душавых пакояў з гарачай вадой і інш.
– У цэлым тэхніка ў гаспадарцы гатовая да эксплуатацыі, – кажа Віталій Кавальскі. – Яшчэ застаецца час для работы над памылкамі. Хачу напомніць усім інжынерным службам раёна, што ў поле тэхніка павінна выйсці своечасова і ў спраўным стане.
Вольга
ГУСАК
Фота аўтара

Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости