НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

У кожнага з нас ёсць родны сэрцу куток. Для мяне – гэта вёска Аўсямірава,
што знаходзіцца на мяжы Пінскага і Столінскага раёнаў. Яна невялічкая, не такая адметная,
як многія вёскі на Століншчыне. Але для мяне гэта тое месца, якое наймілейшае за ўсё.

Я тут нарадзілася, тут жылі мае мудрыя і працавітыя продкі. Тут засталася хата з матчынай душой і бацькавым парогам, высечаным з успамінаў. Засталіся сцежкі, па якіх у шчаслівую пару дзяцінства бегала басанож. Кожную вясну спяшаюся на сустрэчу з бацькоўскай зямлёй!
Мая вёсачка – адна з прыгажэйшых беларускіх вёсак, бо менавіта тут, над дахамі хат, шчодра рассыпае прамяні яркае сонейка. Менавіта сюды кожную вясну спяшаюцца буслы. Толькі ў маёй вёсцы салаўі спяваюць, як нідзе. Мне здаецца, што толькі ў гэтым дзіўным кутку такое празрыстае паветра, што дыхаеш і дыхаць хочацца, такая смачная вада, такія прыгожыя рознакаляровыя кветкі.
Быццам мора, вёску раней амывалі балоты. Прайшлі гады. Балот няма. На месцы іх – меліярацыйныя канавы.

Людзі сталага ўзросту памятаюць, калі пасярод вёскі, як сляза, блішчала возера. Якое ж прыгожае яно было! Па яго люстраной гладзі плавалі лебедзі. А колькі вадзілася рыбы! Нездарма першыя жыхары пасяліліся менавіта тут – вакол возера. Іх было сямёра. Яны і далі назву паселішчу. Так з’явілася наша Аўсямірава.

Мой любы край славіцца не толькі маляўнічай і казачнай прыродай, але і сваімі людзьмі, сціплымі, добрымі і працавітымі, якія ствараюць прыгажосць. Гэта іх стараннямі і намаганнямі на пагорку на мясцовых могілках ганарліва ўзвышаецца драўляная царква. Пабудавана яна ў гонар святога Архангела Міхаіла ў XIX стагоддзі, перабудавана ў 1868 годзе. Сённяшняя царква адрамантавана, дагледжана і вельмі ўтульная. І гэта ўсё дзякуючы ахвяраванням і клопатам нашых жыхароў.
Настаяцель храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы вёскі Радчыцк протаіерэй Валерый адін раз на месяц і ў вялікія святы праводзіць набажэнствы. І ўзносяцца да Бога малітвы прыхаджан і песнапенні мясцовага хору. Спяшаюцца ў Божы храм мае аднавяскоўцы, каб памаліцца за блізкіх і родных, за дзяцей і ўнукаў, і за тых, хто адышоў у вечнасць.
У мінулую суботу ў нашай царкве адбылася ўрачыстая падзея – першае архіпастырскае богаслужэнне ў суправаджэнні манаскага хору пад кіраўніцтвам ігуменні матушкі Кацярыны і першы візіт епіскапа Пінскага і Лунінецкага Георгія.

На свята сабралася вельмі многа людзей: жыхары вёскі, паломнікі, госці, служыцелі царквы з суседніх прыходаў. Прысутнічаў на набажэнстве і наш зямляк – благачынны Лунінецкай акругі протаіерэй Сяргей Крышталь.
Слёзы радасці і пачуццё гонару перапаўнялі сэрцы маіх аднавяскоўцаў ад такой урачыстасці. Шчырыя словы падзякі і любові былі адрасаваны Уладыку Георгію, ігуменні Кацярыне і гасцям. Пажадалі ўсім духоўных сіл, мудрасці і дапамогі ў служэнні Богу.

Дарагія мае землякі! Няхай вашы дні будуць напоўнены духоўнай радасцю, цеплынёй і любоўю блізкіх і родных. Часцей наведвайце бацькоўскі край, каб «не пагасла свечка на покуці – у хаце з матчынай душой», каб лягчэй было жыць.
Я люблю цябе, мая вёсачка, ганаруся табой!

Лідзія
САМКЕВІЧ,
горад Пінск

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
С наилучшими пожеланиями
Оппозиция против оппозиции
Статус «Школа мира» присвоен детскому саду № 2 г. Столина
Предыдущая новость

Оставить комментарий

Похожие новости