Століншчына далучылася да святкавання Міжнароднага дня лясоў і 21 сакавіка стартавала ў акцыі «Дай лесу новае жыццё». Нагадаем, акцыя накіраваная на лесааднаўленне пасля разгулу леташняй ліпеньскай стыхіі і працягнецца па 12 красавіка. Мерапрыемства праходзіць ужо другі раз – восенню мінулага года старт ініцыятыве Мінлясгаса даў асабіста Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Сімвалічна, што ў гэты раз акцыя пройдзе пад эгідай Года добраўпарадкавання і 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Аднымі з першых у нашым раёне да акцыі падключыліся навучэнцы Белавушскай СШ і СШ № 3 г. Століна – члены «пярвічкі» Столінскага РК ГА «БРСМ», а таксама работнікі Столінскага райспажыўтаварыства – усяго каля 50 чалавек. Пасля віншаванняў з Міжнародным днём лясоў, інфармацыі стартаваўшай аб акцыі і наступнай пасля яе кампаніі «Лес! Дабро! Парадак!» і інструктажу ад работнікаў Столінскага лясгаса, як правільна высаджваць саджанцы, удзельнікі прыступілі да працы. На ўчастку ў 5,4 га трэба высадзіць больш за 30 тысяч сеянцаў па схеме сем радкоў соснаў і тры радкі бярозы. Усё гэта робіцца для змешвання лесу і для прадухілення хвароб.



– Дзякуючы такім акцыям мы хутчэй адновім нашы лясы, – падзяліўся з «НП» начальнік аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення ДЛГУ «Столінскі лясгас» Дзмітрый Гарбар. – Калі казаць у больш глабальным маштабе, то мы павінны як мага хутчэй аднавіць беларускі лес пасля ўрагану мінулага года. На шчасце, у цэлым наш раён леташняя бяда абышла бокам – больш пацярпелі раёны Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Спадзяюся, што ўсе неабыякавыя людзі прымуць удзел у такой высакароднай справе. Усе мы ведаем, што лясы для нас вельмі важныя. І, аб’яднаўшыся, мы зможам справіцца з усімі цяжкасцямі. Усяго па Столінскім лясгасе ў рамках акцыі неабходна аднавіць больш за 28 га лясоў.



Чакаецца, што акцыю, як і ў папярэднія гады, падтрымаюць сотні валанцёраў. Каб прыняць у ёй удзел, добраахвотнікам неабходна звязацца з бліжэйшым лясгасам або лясніцтвам і заявіць пра сваё жаданне. Лесагаспадарчыя ўстановы забяспечаць валанцёраў інвентаром і пасадачным матэрыялам.
Ініцыятыва працягнецца акцыяй «Лес! Дабро! Парадак!», якая стартуе з 12 красавіка. Ухiл будзе зроблены на добраўпарадкаванне нашых лясоў. Фінішуе мерапрыемства 1 мая ў Свята працы. Такім чынам, у Год добраўпарадкавання Мінлясгас правядзе сапраўдны марафон з добраахвотных акцый.
Аляксандр
НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара