НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Несумненна, што самае каштоўнае пажаданне кожнай маці, каб яе дзеці былі здаровыя. Але хваробы ўсё роўна могуць напаткаць, а змагацца з імі вось ужо 45 гадоў дапамагае ўрач-педыятр
Давыд-Гарадоцкай бальніцы Вольга Якаўлеўна Дамашкевіч.

Жанчына легендарная, бо на яе вачах вырасла не адно пакаленне жыхароў як горада, так і суседніх вёсак. І толькі добры чалавек з адкрытым сэрцам здольны выклікаць давер у дзяцей, каб яны не баяліся, а наадварот – давяралі. Таму і гучыць безліч віншаванняў з нагоды юбілею Вольгі Якаўлеўны як ад калег, так і ад удзячных бацькоў і саміх пацыентаў, якія не шкадуюць прыемных слоў.
Цікава тое, што сваю прафесію жанчына выбрала ў раннім дзяцінстве, калі трапіла ў бальніцу з дыягназам рэўматызм. Тады яе лячыла загадчык педыятрычнага аддзялення Вера Сямёнаўна Бакей. Прыгожая, добрая, у бялюткім халаце, яна і стала арыенцірам для дзяўчынкі. Дзякаваць Богу, хвароба тады адступіла, а вось жаданне стаць дзіцячым урачом з кожным годам толькі мацнела. Таму, скончыўшы школу, Вольга без цяжкасцей паступіла ў тады яшчэ Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут на
педыятрычны факультэт. Там жа пазнаёмілася са сваім мужам Мікалаем Іванавічам, які таксама дагэтуль працуе ўрачом-тэрапеўтам.
Маладую сям’ю размеркавалі ў Столінскі раён, куды прыехалі ўжо са старэйшым сынам Аляксандрам. Спачатку жылі ў бацькоў, будавалі свой дом. І, канешне, спяшаліся на сваю любімую работу, трапяткія адносіны да якой захаваліся і па сённяшні дзень.
– Вольга Якаўлеўна, Вы столькі гадоў стаіце на варце дзіцячага здароўя. Пэўна, у Вас ужо ёсць свае сакрэты, як знаходзіць падыход да маленькіх пацыентаў?
– Самае галоўнае – быць шчырым і размаўляць з імі, як з дарослымі. Дзеці – вельмі цікавыя таварышы, якія ўсё выдатна разумеюць і адчуваюць. Вось таму спачатку імкнуся пасябраваць з імі, каб яны не адчувалі ад мяне пагрозу. І потым ужо самі раскажуць і пакажуць, дзе і што баліць. А яшчэ дзяцей трэба проста моцна любіць, бо бацькоўская любоў – гэта самыя дзейсныя лекі.
– Вось мінула столькі гадоў, многае змянілася, медыцына зрабіла вялікі крок у развіцці, выраслі Вашы першыя пацыенты і ўжо сваіх унукаў прыводзяць. Цікава, а ці змяніліся самі дзеці з цягам часу?
– Канешне, сучасныя дзеці больш дасведчаныя, чым раней. Што не дзіўна, бо жыццё стала тэхнічным і інфармацыйным. Усе дзеткі розныя па характары, адны – спакойныя і цярплівыя, другія – гарэзлівыя і смелыя, але разам з тым кожнае дзіця ўнікальнае. І чаму б я раіла павучыцца ў іх, то гэта ўменню шчыра радавацца. На жаль, у дарослых гэтая ўласцівасць знікае, бо з’яўляецца многа праблем, задач і так далей.
Што тычыцца медыцыны, то, безумоўна, яна развіваецца вялікімі тэмпамі. Зараз можна аказаць любую медыцынскую дапамогу дзецям нават са складанымі дыягназамі. З’яўляюцца лекі новага пакалення, якія здольны вылечыць сур’ёзныя хваробы. Радуе, што для маладых спецыялістаў ёсць усе ўмовы, таму за медыцыну ў нашай краіне я спакойная.
– Вы шыкоўна выглядаеце. Можа, ёсць нейкі чароўны спосаб адпачынку?
– Усё проста, трэба любіць тое, чым займаешся. Не ўтойваць злосці, не насіць за плячыма крыўду, умець дараваць і сабе, і другім. Да таго ж не дае сталець дзіцячая энергетыка, бо яна чыстая і лёгкая. Паколькі з мужам у медыцыне, то дома, канешне, абмяркоўваем нейкія сітуацыі ці выпадкі, куды без гэтага. Але і для адпачынку час ёсць.
– Вольга Якаўлеўна, Вы атрымалі много віншаванняў. А які падарунак Вы зрабілі б самі сабе?
– Ведаеце, даўно мару здзейсніць падарожжа ў Кітай. Гэтая краіна мяне цікавіць як з прафесійнага погляду, так і яе філасофія. Спадзяюся, што ў мяне атрымаецца там пабываць. А так галоўны падарунак – гэта здароўе і мір, чаго жадаю кожнаму чалавеку.

Вольга Дамашкевіч за столькі гадоў была неаднаразова адзначана ўзнагародамі. І вось з нагоды юбілею яна атрымала Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў. Дзякуем за шматгадовую плённую працу, і няхай усе мары здзейсняцца.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости