НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Трэцяга красавіка была прыемная нагода наведаць Альгомельскую амбулаторыю агульнай практыкі. У гэты дзень адзначаў свой 60-гадовы юбілей памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай 

дапамозе Валерый Аляксеевіч Дзеніскавец. 

Павіншаваў калегу галоўны ўрач Столінскай цэнтральнай раённай бальніцы Віктар Майсюк, які адзначыў высокі прафесіяналізм юбіляра і як вынік – вялікі давер пацыентаў. Таксама ўручыў Ганаровую грамату за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме аховы здароўя, дасягнутыя поспехі ў аказанні медыцынскай дапамогі насельніцтву. Далучылася да віншаванняў старшыня Вялікамалешаўскага сельскага выканаўчага камітэта Таццяна Васюхневіч, якая перадала Ганаровую грамату Столінскага раённага Савета дэпутатаў.  

– Для жыхароў нашага сельскага савета вы, Валерый Аляксеевіч, сапраўдны анёл-ахоўнік, бо шмат гадоў стаіце на варце здароўя. Усе ведаюць вас, як спецыяліста з вялікай літары. А яшчэ ведаюць, як добрага, спагадлівага, чулага чалавека. Таму ад імя ўсіх пацыентаў зычу вам здароўя, дабрабыту і цудоўнага настрою.  

Многа прыемных слоў гучала і ад калектыву амбулаторыі на чале з загадчыкам Таццянай Кавальскай. 

– Мне пашчасціла працаваць з Валерыем Аляксеевічам, бо яго вопыт – неацэнны. Валодаючы не толькі бездакорнымі ведамі, але і медыцынскай інтуіцыяй, ён заўсёды знаходзіць прычыну хваробы і спосабы яе лячэння. Працуючы трэці год побач, пачула столькі слоў падзякі ад пацыентаў у адрас Валерыя Аляксеевіча. Гэта і ёсць самая галоўная ўзнагарода для любога доктара. 

А значыць, правільны пра-фесійны выбар зрабіў Валерый Дзеніскавец, калі ў 1980 годзе пасля заканчэння васьмі класаў Кароціцкай сярэдняй школы паступіў у Пінскае медыцынскае вучылішча. Медыцына цікавіла з юнацтва, асабліва неўралогія, таму вучоба давалася лёгка. Па размеркаванні яго накіравалі ў вёску Нач Ганцавіцкага раёна ўзначальваць фельчарска-акушэрскі пункт, які абслугоўваў тры вёскі, дзе колькасць жыхароў была ўсяго 300 чалавек. 

Апошні з трох гадоў Валерый Дзеніскавец адпрацоўваў ужо ў Альгомельскай участковай бальніцы. Даводзілася і ўначы неаднаразова дапамагаць людзям, бо тады яшчэ не было хуткай дапамогі. Пастукаюць у акенца, і праз некалькі хвілін Валерый Аляксеевіч ужо выслухоўвае скаргі пацыента на самаадчуванне. 

Калі ж трэба было тэрмінова адпраўляць хворага ў Давыд-Гарадоцкую бальніцу на аперацыю, звярталіся ў калгас, каб выдзяліў транспарт. Дарог тады добрых не было, таму дабіраліся доўга. І кожная хвіліна, успамінае юбіляр, здавалася вечнасцю, бо ў тваіх руках – чалавечае жыццё.  

Сітуацыя змянілася ў 1993 годзе, калі з’явіўся пост хуткай дапамогі, першае дзяжурства на якім нёс менавіта Валерый Аляксеевіч. За амаль 40 гадоў прафесійнай дзейнасці многа здарылася змен. Альгомельская бальніца стала амбулаторыяй, а ў мінулым годзе адбылося наваселле, і зараз Валерый Аляксеевіч сустракае пацыентаў у новым светлым памяшканні. Ужо добрыя дарогі і няма праблем з лекамі і абсталяваннем.  Але не змянілася адно – любоў да сваёй прафесіі і вернасць медыцыне. 

На радзіме знайшоў і сваё каханне. Жонка Любоў працавала біблітэкарам, а яшчэ стварала надзейны тыл для свайго мужа, бо разумела, наколькі важная ў яго работа. Дачка Іна пайшла па бацькавай сцежцы і стала медыцынскай сястрой. Працуе ў горадзе Ціхвін Ленінградскай вобласці. Сын Ігар закончыў Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, жыве і працуе ў Пінску. 

Валерый Аляксеевіч не без гонару гаворыць, што згадзіўся там, дзе нарадзіўся. Бо важна, каб кожны чалавек любіў сваю радзіму, сваю вёску, свой дом. Шчасце не шукаюць, яго ствараюць самі людзі, упэўнены юбіляр.

Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости