НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Кожная сям’я мае сваю гісторыю. Ёсць яна і ў мнагадзетнай сям’і Сяргея і Вольгі Коваль з аграгарадка Кароцічы. А каб расказаць яе, з’явілася прыемная нагода – у пачатку тыдня Вольга атрымала самую галоўную ўзнагароду для жанчыны – ордэн Маці.


Яго ў Палацы Незалежнасці ёй уручыў асабіста прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Ад імя жанчын выступіла са словамі ўдзячнасці і маці-гераіня, якая адзначыла вялікую ролю дзяржавы ў падтрымцы мнагадзетных сем’яў.

Прызнаецца, што хвалявался, бо такая значная падзея здараецца раз у жыцці. А дома за жонку хваляваўся муж Сяргей, які застаўся з дзецьмі. Iх у сям’і пяцёра. Але дарэмныя былі перажыванні, бо ўсё прайшло найлепшым чынам.


Службовы раман
А пачалася гісторыя сям’і Коваль у 2009 годзе, калі Вольга і Сяргей у якасці маладых спецыялістаў прыйшлі працаваць у Сямігосціцкую сярэднюю школу. Ён – выкладаць фізічнае выхаванне, яна – настаўнікам працоўнага навучання. Цікавы той факт, што абодва скончылі Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна, але там спаткацца не давялося. А тут сустрэча адбылася ў прамым сэнсе ў час выканання прафесійных абавязкаў. Вольга, як класны кіраўнік, прыйшла па звесткі пра сваіх вучняў аб наведванні спартыўных секцый да Сяргея Адамавіча. Пагаварыўшы, зразумелі, што маюць многа агульнага. Абодва пайшлі па настаўніцкаму шляху па прыкладзе сваіх маці, якіх, дарэчы, завуць аднолькава – Марыі Аляксееўны. А яшчэ, абодва любяць вясковае жыццё і палескую прыроду. Абодва мараць пра моцную і вялікую сям’ю. Таксама дзяўчыне спадабаўся калега за сур’ёзнасць і надзейнасць. А Сяргею маладая настаўніца – за пачуццё гумару і правабнасць. Такім чынам, ужо праз год маладыя людзі стварылі сям’ю, якая 14 лістапада адзначыць крыштальнае вяселле.
Кароцічы


Паколькі Вольга родам з вёскі Сямігосцічы, а Сяргей – з Кароціч, перад маладымі паўстала пытанне, дзе ж абжывацца. Больш пераканаўчым быў юнак: «Свае Кароцічы не пакіну, бо тут мае карані, адсюль родам мае дзяды і пра-дзеды. Кожны мужчына павінен даглядаць родную зямлю, каб і нашчадкам добра жылося. Тады ўсюды парадак будзе. Хачу, каб і мае дзеці ганарыліся сваім родным куточкам. І я ўсё зраблю для гэтага».
Ці можна з такімі довадамі паспрачацца? Таму ўжо праз некаторы час недалёка ад Кароціцкай сярэдняй школы пачалася будоўля. Паколькі тады маладая сям’я яшчэ не была мнагадзетнай, то не магла разлічваць на дзяржаўную падтрымку. Дапамагалі бацькі, ды і маладыя не гультаявалі – працавалі ў школе, пачалі трымаць невялікую гаспадарку. Пакрысе пачалі з’яўляцца сцены іх будучага дыхтоўнага дома, многае ў якім гаспадар з гаспадыняй зрабілі сваімі рукамі. «Калі ёсць жаданне і ахвота, то ўсяму можна навучыцца», – упэўнены Сяргей. Яму так часта бацька гаварыў, пакуль быў жывы. Адам Цярэнцьевіч Коваль доўгі час узначальваў цяперашняе ААТ «Палессе АВМ». Яго і зараз памятаюць людзі, як дбайнага гаспадара і выдатнага кіраўніка. Ды і сыну многа даў каштоўных парадаў, таму Сяргей увесь час удасканальвае і робіць прыгажэйшым сваё жыллё.
Дзеці


Але найбольш радаснай стала навіна аб прыбаўленні. Першай ашчаслівіла сям’ю сваім з’яўленнем дзяўчынка Софія, якой летам споўніцца 14 гадоў. Кемлівая, добрая, але са сваім характарам і сваімі захапленнямі. Добра вучыцца ў школе, наведвае і музычную – па класу баяна. Вышывае і прыгожа малюе. 11-гадовы Аляксей, якога назвалі ў гонар прадзядуль, не адстае ад сястры. Выдатнік вучобы, мае многа грамат, з’яўляецца пераможцам алімпіяды па асновах бяспекі жыццядзейнасці і таксама іграе на баяне. Ад бацькі перадалося імкненне засвойваць новыя заняткі. Вось зараз захапіўся выпальваннем па дрэве і разам з Сяргеем зрабіў самалёт на выстаўку, прысвечаную 80-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.


Пяцігадовая гарэзлівая Аліса – гэта бацькава любіміца. Калі не ў дзіцячым садку, то дзень можа хадзіць за ім следам. І ў адрозненне ад маці, бацьку ўгаварыць у яе больш шансаў купіць новую ляльку альбо прысмакі.
Апошнімі ў сям’і гадуюцца двайняты Лізавета і Цімур, якім два гады і чатыры месяцы.
Як расказваюць бацькі, іх з’яўленне – сапраўдны цуд. Паколькі ў Вольгі ёсць сястра-двайнятка, то навіна пра тое, што і ў яе будзе адразу двое дзяцей, стала вельмі прыемнай. Сяргей шчыра расказаў, што адразу думаў – Вольга жартуе! Але гэтыя «жарты» ўжо паспяхова малююць на сценах і будуюць з канструктараў хаткі.


Работа і хобі
Паколькі Вольга зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, то галоўным здабытчыкам з’яўляецца Сяргей. Ён выкладае фізічнае выхаванне ў роднай школе, а ў гэтым навучальным годзе вучні пад яго кіраўніцтвам, як майстра вытворчага навучання, атрымліваюць спецыяльнасць «Рабочы зялёнага будаўніцтва». І як вы ўжо, пэўна, здагадаліся, паважаныя чытачы, мае безліч іншых заняткаў. На яго ўчастку ёсць і невялікая цяплічка, і хлеў, і летняя кухня, у якой размясцілася майстэрня. Наступная мэта – свая лазня, якую ўжо спраектаваў у галаве. У садзе, які дбайна абрэзаў нядаўна, знаходзяцца змайстраваныя яго рукамі арэлі, млынок і пергала для вінаграду. А ў школьным двары сустракае вучняў сава-прыгажуня, зробленая Сяргеем Адамавічам.


Праўду кажуць, што прыцягваюцца падобныя людзі, бо ў Вольгі такія ж залатыя рукі. Мае швейную машыну, таму і пашыць можа, і падрамантаваць адзенне, калі трэба. Раней захаплялася вырабам упрыгажэнняў для дэкору і біжутэрыі. У мінулым годзе засвоіла новае хобі – робіць выдатныя кашпо з ратангу. А птушак чакае шыкоўная кармушка, якую прыладзіў Сяргей на яблыньцы.
Пасля дэкрэтнага водпуску Вольгу Коваль чакае пасада намесніка дырэктара Кароціцкай СШ па выхаваўчай рабоце. Жанчына толькі смяецца, маўляў, выхаванне, мабыць, яе прызначэнне па жыцці.


Пачуццё гумару
Менавіта яго мае суразмоўцы называюць сакрэтам добрых і цёплых адносін у сям’і. Вольга прызнаецца, што з Сяргеем і паспрачацца не паспее, як ужо смяюцца разам. Ды і Вольгу ўсе – ад сяброў да калег – ведаюць як лёгкага, пазітыўнага, добрага, справядлівага і чулага чалавека. Бо яна ўпэўнена, што з любой сітуацыі ёсць выйсце, і каб яго знайсці, проста трэба паглядзець на яе з розных бакоў. А нашым чытачам раіць прачытаць кнігу Дэйла Карнегі «Як перестаць турбавацца і пачаць жыць».

Лічыць, што самы надзейны спосаб вырашыць праблему – размаўляць. Таму ў іх сям’і няма месца затоеным крыўдам і дрэннаму настрою.
Адпачынак


Канешне, вялікая сям’я – гэта вялікі клопат. Але бацькі імкнуцца зрабіць усё, каб дзеці ўспаміналі дзяцінства з радасцю. Таму адпачынак абавязкова сумесны. Разам прымаюць актыўны ўдзел у жыцці як населенага пункта, так і раёна. Ужо некалькі разоў прадстаўлялі Вялікамалешаўскі сельскі савет у Століне з нагоды святкавання Дня незалежнасці. На розных выставах і ў конкурсах прозвішча Коваль таксама знаёмае. Да таго ж пашанцавала жыць каля лесу і рэчак, куды выязджаюць усёй сям’ёй. Лёша з бацькам – аматары рыбалкі і збірання грыбоў, і ў кожнага свае прылады для гэтых мэтаў. Ладзяць сямейныя вечары каля кастра, смажаць сала з бульбай. Вольга часта радуе моднымі кулінарнымі шэдэўрамі, але і звычайныя стравы беларускай кухні ідуць на «ўра». Добра, што зараз безліч новых прыладаў у дапамогу гаспадыням – ад мульціварак да робатаў-пыласосаў, якія дапамагаюць падтрымліваць парадак у доме. Доме, у якім жыве шчасце!
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Ад аўтара: Добра ведаю гэтую сям’ю, бо Вольга – мая сястра. Заўсёды шчыра радуюся, калі бываю ў іх дома, ці яны прыязджаюць у госці. Бо такія сем’і, у якіх усё знаходзіцца на сваім месцы, – гонар нашай краіны. І гэтая ўзнагарода – ордэн Маці – насамрэч знайшла сваю гераіню. Непамерна ганаруся!

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Итоги

Итоги

14 марта, 2025
Вся жизнь – с музыкой
Следы войны

Следы войны

14 марта, 2025
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости