У мінулыя выхадныя цэнтр Брэста з сучаснага горада ператварыўся ў жывы летапіс беларускай традыцыйнай культуры. 19 і 20 верасня тут разгарнуўся маштабны
IX адкрыты абласны фестываль фальклорнага мастацтва «Радавод».
Ён сабраў сотні гараджан і гасцей горада, якія мелі магчымасць дакрануцца да вытокаў, адчуць сілу і прыгажосць спадчыны продкаў. Сярод удзельнікаў былі і творчыя калектывы Століншчыны.
Фестываль праводзіцца з 2004 года. Адзін раз у тры гады ўсе зацікаўленыя беларускай самабытнай культурай збіраюцца ў адным з гарадоў Брэстчыны. Назва фестываля – Радавод – гаворыць сама за сябе. Мерапрыемства сімвалізуе сувязь пакаленняў, непарыўныя традыцыі, якія ствараліся стагоддзямі. Арганізатары свята – аддзел па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны цэнтр маладзёжнай творчасці – паставілі перад сабой амбіцыёзныя задачы: не толькі забавіць гледачаў, а і прабудзіць інтарэс да асабістых каранёў у самай рознай аўдыторыі.
Фестываль «Радавод» праходзіў на некалькіх інтэрактыўных пляцоўках, дзе кожны мог знайсці сабе занятак па душы. У мастацкім музеі адбылася навукова-практычная канференцыя па падвядзенні вынікаў конкурсаў відэакліпаў і навукова-даследчых работ. Галоўная сцэна парка культуры і адпачынку стала цэнтрам музычнай і танцавальнай культур. Тут выступалі калектывы, якія захоўваюць аўтэнтычную манеру выканання старадаўніх песняў, а таксама гурты, якія віртуозна пераплятаюць старадаўнія матывы з актуальным гучаннем. Гледачам была паказана вялікая колькасць народных танцаў.
Цікавасць у гасцей фестывалю выклікалі майстар-класы традыцыйных народных промыслаў.
Тут народныя ўмельцы з усёй вобласці дэманстравалі пляценне з лазы і саломы, вышыўку, стварэнне лялек. Важна, што кожны жадаючы пад кіраўніцтвам майстроў мог паспрабаваць свае сілы ў пляценні з прыродных матэрыялаў. Акрамя таго, праграма мерапрыемства ўключала ўрачыстае шэсце і гала-канцэрт, на якім былі агучаны імёны пераможцаў.
Для старэйшага пакалення «Радавод» – гэта настальгія і добры настрой ад усім вядомых танцаў, для бацькоў – магчымасць пазнаёміць дзяцей з жывой гісторыяй, а не са старонак кніг, а для моладзі – адкрыццё пласта культуры, які можа быць цікавы і займальны. Фестываль наглядна паказаў, што традыцыі здольныя аб’ядноўваць людзей, дарыць пачуццё прыналежнасці свайму народу і сваёй зямлі.
Прадстаўнікі раёна годна прадставілі родны край і паказалі добрыя вынікі. Як паведаміла дырэктар РЦДТ Людміла Леанавец, у скарбонцы раёна 25 дыпломаў упраўлення па адукацыі розных ступеняў: 15 – першай, 8 – другой, 2 – трэцяй і дыпломы ўдзельнікаў.
Так, Давыд-Гарадоцкі цэнтр дзіцячай творчасцi атрымаў шэсць дыпломаў першай ступені: вакальны калектыў «Рубляначка» (кiраўнiк В. М. Лемяза) i фальклорны калектыў «Вяртанне» (кiраўнiк К. Ф. Кадолiч) – у конкурсе «Фальклорныя спевы», навучэнкi цэнтра Алена Свiрыдчук і Настасся Туравец (педагог А. В. Петравец) – у конкурсе «Фальклорная гульня», Петрусевiч Марыя (педагог А. Я. Вандзiч) – у конкурсе дзiцячых навукова-даследчых работ «Фальклорная спадчына», аб’яднанне па iнтарэсах «Давыд-СIЦI» (кiраўнiк І. М. Петрусевiч) – у конкурсе «Фальварак майстроў», а аб’яднанне па iнтарэсах «Палессе» (кiраўнiк К. Ф. Кадолiч) – у конкурсе «Музейны куток».
Прадстаўнікі СШ № 2 г. Століна імя С. П. Каплуна (народны ансамбль народнай музыкі «Вятліца» (кiраўнік А. Я. Пашкевiч) у конкурсе «Фальклорная музыка»; узорны ансамбль фальклорнага танца «Палескія плясуны» (кіраўнік І. Л. Лёгкі) і народны ансамбль народнай музыкі «Вятліца» (кiраўнік А. Я. Пашкевiч) у конкурсе «Этнавечарына»; выканаўцы бытавых танцаў: навучэнец 11 класа Давід Шэлест і навучэнка 8 класа Ксенія Малчановіч (настаўнік І. Л. Лёгкі); навучэнцы 8 класа Дзмітрый Агіевіч і Мілана Гром (настаўнік І. Л. Лёгкі) – заваявалі пяць дыпломаў першай ступені.
Дыпломамі другой ступені ўзнагароджаны Столінскі РЦДТ (два дыпломы), СШ № 2 г. Століна імя С. П. Каплуна (узорны калектыў народнай песні «Весялінка» (кіраўнікі Т. Я. Дзенісовіч і Н. М. Цыганкова) у конкурсе «Фальклорныя спевы»; узорны ансамбль народнай музыкі «Млынок» (кіраўнік А. І. Майсяевіч) у конкурсе «Фальклорная музыка»; узорны ансамбль фальклорнага танца «Палескія плясуны» (кіраўнік І. Л. Лёгкі) – у конкурсе «Фальклорны танец»; выканаўцы бытавых танцаў: навучэнцы 8 класа Багдан Язубец і Паліна Кузьменка (настаўнік І. Л. Лёгкі) – чатыры дыпломы.
Дыпломы трэцяй ступені ў Столінскага РЦДТ (конкурс юных майстроў студыі «Вышыванка» – адзін) і СШ № 2 г. Століна імя С. П. Каплуна (выканаўцы бытавых танцаў Кірыл Цупа і Аліна Гойка – удзельнікі ўзорнага ансамбля фальклорнага танца (кіраўнік І. Л. Лёгкі).
Узнагароджаны ўдзельнікі ўзорнай студыі народных промыслаў «Вышыванка» Вераніка Вярэніч, Валерыя Еўтух, Анастасія Комік, Крысціна Ляшко, Ксенія Бруцкая, Вольга Хадзькова, Кацярына Хадзькова. Адзначана выстаўка дэкаратыўна-прыкладной творчасці студыі «Вышыванка» (кіраўнік В. М. Лёгкая), студыя «Скарбонка рамёстваў» (кіраўнік А. Дз. Крук), гурток «Юны ганчар» (кріраўнік В. А. Казачок), гурток «Чароўная скарбонка» (кіраўнік М. С. Рудзько) – два дыпломы першай ступені, навучэнка СШ № 1 аг. Альшаны Вольга Сыса (навукова-практычная канферэнцыя, кiраўнік Дзiяна Рудзяк) і навучэнцы Веляміцкай СШ Таццяна Гушча, Раман Ранцэвіч, («Бабуліна кухня», кiраўнік Iрына Шмат) – па адным дыпломе.
Дыпломамі другой ступені ўзнагароджаны навучэнцы Лядзецкай СШ Алiна Грышчук, (фальклорныя спевы, кiраўнік Каралiна Рудзько) – адзін дыплом, СШ № 3 г. Століна (калектыў «Батлейка», кiраўнік Анжалiка Калавур) – адзін дыплом, Столінскі РЦДТ (дыплом за лепшую выставу «Фальварак майстроў» ), СШ № 2 г. Століна імя С. П. Каплуна (калектывы «Весялінка», «Млынок» – па адным дыпломе, «Палескія плясуны» – два дыпломы).
Дыпломы трэцяй ступені ў Столінскага РЦДТ (у конкурсе юных майстроў узнагароджана Анастасія Комік (узорная студыя народных промыслаў «Вышыванка» педагог В. М. Лёгкая) – адзін і СШ № 2 г. Століна імя С. П. Каплуна (калектыў «Палескія плясуны») – адзін.
Па выніках усіх конкурсаў Столінскі раён заняў другое месца ў дзвюх магчымых намінацыях – «Лепшая фальклорная праграма раёна» і «Выстаўка-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Фальварак майстроў».
Фестываль фальклорнага мастацтва ў г. Брэсце завяршыўся, пакінуўшы яскравыя эмоцыі. Ён даказаў, што цікавасць да каранёў у беларусаў працягвае мацнець. І цяпер, да наступнага года ў творчых калектываў ёсць яшчэ адна нагода пагартаць сямейныя альбомы, пагаварыць з бабулямі аб мінулым, развучыць новыя песні і танцы.
Віншуем навучэнцаў і педагогаў з заслужанымі ўзнагародамі!
Святлана МАРОЗ