Падрыхтоўка сельскагаспадарчай тэхнікі да жніва-2025 для ААТ «Новая Прыпяць» з’яўляецца задачай нумар адзін, якую неабходна вырашыць да пачатку сезона.
Толькі надзейная і спраўная тэхніка дазволіць у запланаваныя тэрміны завяршыць уборку збожжавых і зернабабовых. Таму ў такія дні ў майстэрнях гаспадаркі горача. У гэтым пераканаліся, наведаўшы ААТ «Новая Прыпяць».
Большая частка рамонту тэхнікі ў гаспадарцы праводзіцца сваімі сіламі, – кажа намеснік дырэктара ААТ «Новая Прыпяць» Іван Лемяза. – Тэхніка ў гаспадарцы розная: ёсць новая і правераная часам. Нашы механізатары – майстры на ўсе рукі.
Сёлета на ўборцы збожжавых і зернебабовых будзе задзейнічана 12 камбайнаў, размешчаных на машынна-трактарным двары в. Харомск.


Механізатар Руслан Бойка больш за 15 гадоў свайго жыцця ў сельскай гаспадарцы:
– Працэс падрыхтоўкі да жніва заўсёды пачынаем загадзя. На збожжаўборачным камбайне GS12A1 PRO працую з братам Дзмітрыем трэці год. За тэхнікай сочым вельмі старанна. Бягучы рамонт ужо амаль скончылі, засталіся нязначныя нюансы.
Са слоў намесніка дырэктара Івана Генадзьевіча, сямейны экіпаж працуе добрасумленна і адказна. На працягу многіх гадоў за час уборачнай кампаніі яны паказваюць цудоўныя вынікі не толькі на раённым узроўні, але і на вобласці.
На машынным двары вёскі Туры Юрый Трухановіч, які ў сельскай гаспадарцы больш за 25 гадоў, па-гаспадарску і спрытна круціўся каля свайго камбайна GS12A1 PRO.
– Цяпер я задзейнічаны на нарыхтоўцы кармоў, але ў вольны час і калі дазваляюць умовы надвор’я, безумоўна, рыхтую камбайн, – кажа Юрый Трухановіч. – Летась намалацілі на гэтым камбайне 1 500 тон збожжа. Паводле прагнозаў спецыялістаў, гэты ўраджай будзе не горшы за леташні, галоўнае, каб надвор’е і тэхніка не падвялі.
Механізатар Юрый Колбік рыхтуе да адказнай работы камбайн «Палессе»:
– Для мяне гэтая ўборачная кампанія 29 па ліку, – кажа Юрый Віктаравіч. – З практыкі адзначу, што ўсякае бывае ў полі, але калі якасна адрамантаваць тэхніку перад жнівом, то і паломак менш.
Юрый Колбік і яго напарнік Віктар Стэльмах (на жаль, яго ўжо няма ў жывых) на камбайне «Ніва» апынуліся ў ліку лідараў жніва-1996. Таму былі запрошаны на першыя раённыя Дажынкі, якія праходзілі ў г. Століне. Мужчына вельмі добра памятае тое свята, бо сам Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўручаў ім ганаровыя граматы і каштоўныя падарункі.
Думаю, што зараз ўсе гаспадаркі раёна старанна рамантуюць сельскагаспадарчую тэхніку, таму да тэхнічнага агляду (пачнецца ў раёне з 11 чэрвеня) і палявых работ будуць цалкам гатовыя.
Вольга ГУСАК
Фота аўтара