НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Кожнаму чалавеку ў жыцці даводзіцца прайсці безліч інстанцый і наведаць мноства кабінетаў.
То трэба немаўля зарэгістраваць, то аформіць крэдыт, то на работу ўладкавацца і так далей.
Усё гэта патрабуе не толькі шмат часу, але і значных асабістых хваляванняў.

Таму важна, калі на шляху сустракаюцца дасведчаныя спецыялісты, якія і дапамогуць, і настрой добры падораць. Менавіта такім спецыялістам з’яўляецца Таццяна Сапон – вядучы спецыяліст па рэгістру насельніцтва аддзялення па грамадзянству і міграцыі Столінскага РАУС.
Працуючы на дадзенай пасадзе з 2007 года, Таццяна Міхайлаўна дакладна ведае, чым жыве гэты рэгіён. Што зусім не дзіўна – за год на гэтым участку выдаецца больш за 2 000 пашпартоў! Праз яе рукі праходзяць звесткі пра кожную сям’ю, якія яна скрупулёзна правярае і, калі трэба, удакладняе, бо памылкі – недапушчальныя. Ды і яе добра ведаюць многія вяскоўцы, не толькі як сапраўднага прафесіянала, але і чулага чалавека.


Слаўная спадчына
Спалучэнне бездакорных прафесійных ведаў і добрага спагадлівага сэрца перадалося Таццяне Міхайлаўне ад продкаў. Родны дзядуля Цяльпук Барыс Ніканавіч нарадзіўся ў вёсцы Бастынь Лунінецкага раёна ў 1893 годзе. У гады Вялікай Айчыннай вайны Барыс Ніканавіч быў прызначаны камендантам сямейнага лагера брыгады імя С. М. Кірава, у якім пражывала больш за тысячу жанчын, дзяцей і старых з навакольных вёсак. Цікавы той факт, што за галаву нястомнага разведчыка Ніканавіча фашысты абяцалі шмат грошаў. За ўклад у перамогу ўзнагароджаны ордэнам Леніна, медалём «Партызану Айчыннай вайны», ордэнам Айчыннай вайны І ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі і іншымі ўзнагародамі ўрада.
Адразу ж пасля вызвалення Лунінецкага раёна Барыс Ніканавіч пачаў працаваць старшынёй сельскага Савета ў Дзятлавічах, а потым узначаліў калгас імя Молатава. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам сельскага, раённага Саветаў, у склад Лунінецкага райкама партыі. У 1946 і 1950 гадах жыхары раёна выбіралі яго дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, яму давяралі быць старшынёй Пінскай вобласці ў Савеце нацыянальнасцей Вярхоўнага Савета СССР. Паехаў падымаць цаліну ў Цалінаград, цяперашні г. Астана Рэспублікі Казахстан, дзе і пахаваны.
Яго старэйшыя сыны Міхаіл і Рыгор таксама здабывалі Вялікую Перамогу, былі байцамі атрада «За Радзіму» брыгады імя С. М. Кірава, дзве дачкі дапамагалі ў санчастцы. Бацька Таццяны Міхаіл узнагароджаны медалём «Партызану Айчыннай вайны» I-й ступені, ордэнам Чырвонага Сцяга. Ва ўзнагародным лісце напісана, што ён прымаў актыўны ўдзел у разгроме фашысцкіх гарнізонаў і эшалонаў. Аднойчы ён выратаваў ад варожай кулі камандзіра партызанскага атрада генерал-маёра, Героя Савецкага Саюза Васіля Захаравіча Каржа. Той часта гасцяваў у іх доме і называў свайго выратавальніка мой «сябра Міхась». Пасля вайны бацька працаваў міліцыянерам, потым быў старшынёй Савета ветэранаў, ветэранам партыі і працы.
Сямейнай рэліквіяй з’яўляецца ордэн «Маці-гераіня», які атрымала маці маёй суразмоўцы Марыя за нараджэнне і выхаванне 13 дзяцей! І яго ўручаў асабіста Леанід Брэжнеў. Бацькі былі персанальнымі пенсіянерамі, што вялікая рэдкасць у той час. Таццяна Міхайлаўна ашчадна захоўвае ўсе звесткі пра сваіх слаўных продкаў і перадае іх ужо сваім унукам.


Вучоба і сям’я
Пасля заканчэння школы ў 1985 годзе Таццяна адправілася ў Вялікія Лукі вучыцца ў сельскагаспадарчым інстытуце на эканамічным факультэце. Актыўная, гаваркая дзяўчына прымала актыўны ўдзел у жыцці ўстановы, была старшынёй студсавета і атрымлівала павышаную стыпендыю. Пасля вучобы прапанавалі працаваць юрысконсультам у племянным саўгасе «Лакнянскі», што ў Пскоўскай вобласці.
У час вучобы пазнаёмілася з мужам Сяргеем з Беражнога, які быў накіраваны ў гэты ж саўгас начальнікам жывёлагадоўчай брыгады. Маладым далі двухпакаёвую кватэру, абяцалі дом, тым больш сям’я павялічылася дзвюмя дачушкамі.
Але так склалася, што ў 1994 годзе сям’я вяртаецца на радзіму мужа ў Беражное. Таццяна ўладкавалася ў падатковую службу галоўным спецыялістам аддзела юрыдычных асоб. Тры гады працавала галоўным эканамістам у раённым камбінаце бытавога абслугоўвання, пасля чаго перайшла на цяперашнее месца працы.
– Мне ўсюды падабалася, – кажа Таццяна Міхайлаўна. – Але менавіта тут адчуваю сябе на сваім месцы, бо люблю працаваць з людзьмі. З удзячнасцю ўспамінаю калегу Мікалая Паўлавіча Гусака, пры якім прыйшла. Дасведчаны, тактоўны, вучыў быць уважлівым да дробязяў і абавязкова сачыць за зменамі ў заканадаўстве. І насамрэч, кожны год штосьці мяняецца, таму неабходна пільнасць. Таксама хачу падзякаваць Любові Уладзіміраўне Шаламіцкай – выдатнаму кіраўніку, якая цаніла кадры, дапамагала вырашаць любыя рабочыя пытанні і заўсёды на першае месца ставіла людзей.
Прыходзяць за сваім галоўным дакументам – пашпартам – людзі самага рознага ўзросту. Імкнуся да кожнага знайсці падыход, каб чалавек застаўся задаволены. Па жыцці стаўлюся да людзей так, як хацела б, каб ставіліся да мяне. Магу ўпэўнена сказаць, што тут галоўны памочнік – добры настрой, а дзе выручыць і пачуццё гумару. Асобная катэгорыя – мнагадзетныя сем’і, якімі заўсёды захапляюся, бо выхаванне дзяцей – гэта вялікая праца. Па свайму вопыту ведаю, што ў такіх сем’ях заўсёды пануюць узаемадапамога, неабыякавасць, адказнасць і клапатлівасць пра блізкіх. Памятаю, калі бацькі рабілі новыя пашпарты, і ў кожны трэба было паставіць 10 штампаў па колькасці дзяцей! Самаму маленькаму грамадзяніну, якому рабілі пашпарт, быў толькі тыдзень ад нараджэння. А самаму старэйшаму – 100 гадоў!


Кожны дзень праходзіць па-рознаму, прыносіць новыя сустрэчы і падзеі, таму сваю работу лічу вельмі цікавай. Але дадому стараюся яе не браць. Там іншых спраў хапае, – смяецца мая суразмоўца.
А дома Таццяна Міхайлаўна – гаспадыня, жонка, маці. З мужам ідуць побач душа ў душу 37 гадоў. Дачка Крысціна жыве ў Санкт-Пецярбурзе і працуе ў турыстычным агенцтве. Многа падарожнічае, але пры першай магчымасці прыязджае на малую радзіму разам з сям’ёй, у якой трое дзяцей. Кацярына жыве ў сталіцы, займаецца кандытарскай справай і любіць рабіць блізкім салодкія сюрпрызы.


Таццяна Міхайлаўна ўпэўнена, што чалавек будзе шчаслівым толькі тады, калі сам гэтага захоча, бо ўсё ў яго руках. І нават цяжкасці, перашкоды і іншыя праблемы – шлях да развіцця і поспеху. Таму ніколі не засмучаецца і з аптымізмам глядзіць на жыццё.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Жить заботами сельчан!
Помнить, чтобы жить…
Пожар в Столинском районе
Предыдущая новость

Оставить комментарий

Похожие новости