НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Урачыста, але разам з тым па-сямейнаму, адзначыла 80-гадовы юбілей сярэдняя школа № 2 г. Давыд-Гарадка.


Павіншаваць прыйшлі былыя выпускнікі розных гадоў, ветэраны педагагічнай працы і кіраўніцтва раёна. Вітала ўсіх дырэктар Наталія Свірыдчук, для якой гэтая ўстанова з’яўляецца другім домам ужо 20 гадоў.


Школа славіцца сваімі дасягненнямі, высокім узроўнем патрыятычнага выхавання, сувяззю пакаленняў і, самае галоўнае, выпускнікамі.
Адна з іх – Іна Філановіч – вяла святочную праграму і, як яна прызналася, таксама хвалявалася. Бо менавіта на гэтай сцэне актавай залы яна пачынала свой шлях у прафесію.


Прыехаў павіншаваць школу першы намеснік старшыні Столінскага раённага выканаўчага камітэта Васіль Літвінкевіч. Пажадаў установе і далей заставацца ў ліку лепшых і ўручыў дырэктару Ганаровую грамату Столінскага райвыканкама.


Атрымалі ўзнагароды педагогі школы. Намеснік начальніка аддзела па адукацыі Алена Васькавец выступіла з віншавальным словам і ўручыла Ганаровыя граматы галоўнага ўпраўлення абласнога выканаўчага камітэта настаўніку працоўнага навучання Алегу Оваду, настаўніку англійскай мовы Людміле Палукошка, настаўніку пачатковых класаў Ларысе Ходзінай. Ганаровымі граматамі аддзела па адукацыі Столінскага райвыканкама ўзнагароджаны настаўнік англійскай мовы Наталія Кузьміч, настаўнік-дэфектолаг Алена Леўкавец, настаўнік фізікі Уладзімір Ракала.
Падзячныя лісты аддзела па адукацыі Столінскага райвыканкама атрымалі настаўнік геаграфіі Таццяна Дранько-Майсюк і настаўнік матэматыкі Раіса Савіч.


Старшыня прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Столінскага райвыканкама Людміла Цупа ўручыла ўзнагароды дырэктару школы Наталіі Свірыдчук, настаўнікам пачатковых класаў Алене Кузьміч і Ірыне Кунштэль, настаўніку рускай мовы і літаратуры Людміле Куст, выхавальніку групы падоўжанага дня Людміле Плескацэвіч, інспектару па кадрах Лане Царык, прыбіральшчыку тэрыторыі Мікалаю Шасцюку, настаўніку беларускай мовы і літаратуры Таццяне Якімовіч.
Архіўныя фота, якія былі паказаны ў час прэзентацыі, вярнулі прысутных на многа гадоў назад. У 1949 годзе школа была сямігадовай, а ўжо ў 1952 годзе атрымаў атэстаты 21 выпускнік. У 1956 годзе налічвалася 582 вучні. Прыемнымі ўспамінамі падзяліўся былы дырэктар Барыс Раманчук, які ўзначальваў школу з1987 па 2002 год. Ён прыгадаў усіх настаўнікаў, якія не толькі давалі веды, але і вялі культурную дзейнасць. Быў нават хор настаўнікаў і танцавальны калектыў. А якія канцэрты ладзілі!


І які ж юбілей абыходзіцца без падарункаў? Сваю карціну падарыў знакаміты мастак, які калісьці хлапчуком бегаў па прыступках гэтай жа школы, Аляксандр Харашун. Прыйшлі з падарункамі кіраўнікі ўсіх устаноў і прадпрыемстваў горада, мясцовыя прадпрымальнікі, якія дапамагаюць школе. Спецыяльна прыехалі былыя выпускнікі з Мінска, Гомеля, іншых гарадоў і таксама зычылі роднай школе самага лепшага. Дарэчы, сёлета школа можа ганарыцца поспехам выпускніцы Дар’і Палукошка, якая набрала 100 балаў па англійскай мове.


Віншавальную паштоўку даслаў ураджэнец Давыд-Гарадка, Герой Расіі, генеральны дырэктар Асамблеі народаў Расіі Аляксандр Дарковіч. Не забыў пра юбілей школы і знакаміты паэт, празаік, журналіст, лаўрэат шматлікіх прэмій Міхаіл Шэлехаў – сын былога дырэктара Міхаіла Шэлехава.
Давыд-Гарадоцкая СШ № 2 з’яўляецца роднай для цэлай кагорты ўрачоў. Віншавалі галоўны ўрач Столінскай цэнтральнай раённай бальніцы Віктар Майсюк, яго сястра ўрач-гінеколаг Валянціна Казёлка, урач-хірург Міхаіл Янкоўскі. А выпускніца 1978 года, залатая медалістка, а зараз урач-педыятр кабінета здаровага ладу жыцця Раіса Місюра кранула прысутных вершам, які напісала сама.


Музыкальныя нумары падрыхтавалі вучні і педагогі школы. Міхаіл Сеген, юнацтва якого таксама прайшло тут, выканаў знакамітую «Польку беларускую». Выступіў народны ансамбль «Прамень» Давыд-Гарадоцкага дома культуры.
На юбілеі панавала цёплая атмасфера, адчуваліся радасць і гонар. Школу любяць, пра яе не забываюць, ёй дапамагаюць. А значыць – у будучыні новыя дасягненні і поспехі!
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Аккредитовано 593 национальных наблюдателя
Диабет – не приговор
Главное – порядок

Главное – порядок

15 ноября, 2024
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости