НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Вясновыя канікулы для настаўнікаў Століншчыны – гэта і час традыцыйных інтэлектуальных гульняў. Чарговая з іх – медыя-гульня “Беларусь – краіна подзвігу, жыцця і дасягненняў!” адбылася на базе сярэдняй школы № 4 г. Століна 25 сакавіка. Удзел у ёй прынялі 10 каманд устаноў адукацыі раёна: сярэдніх школ № 2 імя С. П. Каплуна, № 3 і № 4 г. Століна, № 1 г. Давыд-Гарадка, № 2 р. п. Рэчыца, № 1 аг. Альшаны, Церабяжоўскай, Беражноўскай, Хорскай і Вялікамалешаўскай імя Героя Сацыялістычнай Працы Н. І. Кавалец.


Арганізатарам спаборніцтваў знатакоў вось ужо на працягу многіх гадоў выступаюць раённая арганізацыя галіновага прафсаюза на чале з Людмілай Цупа і Столінскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці (дырэктар Людміла Леанавец), вядучай і ідэйным натхняльнікам з’яўляецца педагог дадатковай адукацыі Ірына Дабрыянец.


Удзельнікам трэба было даць адказы на 10 пытанняў кожнай з шасці тэм: ”Геаграфія”, “Гісторыя”, “Знакамітыя беларусы”, “Беларуская прамысловасць”, “Свет мастацтва” і “Флора і фауна”. З назвы гульні відаць, што ўсе заданні тычыліся нашай роднай Беларусі і дэманстраваліся на экране ў выглядзе некалькіх карцінак-падказак. Кожны правільны адказ – адзін бал. Адказаўшы на ўсе пытанні правільна, можна было зарабіць 60 балаў. З 10 пытанняў аднаго тура менш за пяць правільных адказаў не было ні ў каго. А каманда Альшанскай сярэдняй школы № 1 дала 10 правільных адказаў у чатырох турах, каманда Хорскай – у трох. Аднак максімальную колькасць правільных адказаў не набрала ніводная каманда, хаця ўсе выступалі даволі роўна і паказалі высокую эрудыцыю. І ўсё ж найбольш блізкімі да запаветнай лічбы з адрывам ў 1-4 балы аказаліся каманды Альшанскай сярэдняй школы № 1 (капітан Ігар Скрабец), Хорскай (капітан Наталля Веляшкевіч) і сярэдняй школы № 1 г. Давыд-Гарадка (капітан Алена Логвінава).
Каманды-пераможцы адзначаны дыпломамі і грашовымі прэміямі.

Оставить комментарий

Похожие новости