НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Ёсць на Палессі жыватворны куточак – Фядоры, створаны і ўпрыгожаны працавітымі рукамі мясцовых жыхароў. На пряцягу 75 гадоў гісторыя аграгарадка цесна пераплялася з гісторыяй стварэння і станаўлення мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства –
СВК «Фядорскі». Цяпер адно без другога немагчыма нават уявіць. Менавіта сёння,
15 лістапада, гаспадарка адзначае 75-гадовы юбілей. І сімвалічна, што адбываецца гэта напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

Станаўленне.
Калгас імя Шчарбакова
У пасляваенныя гады перад сялянамі ставіліся нялёгкія задачы: трэба было не толькі пракарміць сябе і сваю сям’ю, але і выканаць планы па пастаўцы дзяржаве збожжа, малака, мяса і іншай прадукцыі.
У той час быў узяты курс на суцэльную калектывізацыю сельскай гаспадаркі. У верасні 1949 года ў Фядорах прайшоў сход, на якім абмяркоўвалася пытанне калектывізацыі.
З трохсот вясковых гаспадарак у калгас тады ўступілі 67. Калгасу прысвоілі імя Шчарбакова, а першым старшынёю стаў Карп Гапончык. Збожжам, сабраным сялянамі ў агульны фонд, было засеяна 250 га.


Ужо ў наступным годзе калгас імя Шчарбакова аб’яднаўся з калгасам «Серп і молат» з суседняга Нячатава. Новым старшынёй абралі Рыгора Андрэева. За калгасам было замацавана каля 700 га ворнай зямлі, 1000 га сенажацяў і больш за 800 га пашы.
Першы грузавы аўтамабіль у калгасе з’явіўся ў 1951 годзе, праз год – другі. Гэта палегчыла перавозкі, хаця з-за дрэнных дарог транспарт можна было выкарыстоўваць толькі на пэўных участках.


У 1960-я гады ў калгасе актыўна шло будаўніцтва: з’явілася новая ферма, Дом жывёлавода, амбар на 500 тон збожжа. У 1964- і 1965-м гадах сіламі гаспадаркі былі пабудаваны клуб і Дом культуры ў Нячатаве і Фядорах адпаведна, потым – ФАП, магазін. У самым канцы дзесяцігодкі ў гаспадарцы пачалі будаваць жыллё для спецыялістаў і калгаснікаў, дарогі з цвёрдым пакрыццем і многае іншае.
У 1970-я гады на Століншчыне пачалася маштабная меліярацыя. Дзякуючы гэтаму глабальнаму праекту ў калгасе імя Шчарбакова значна пашырылася плошча сельгасугоддзяў. Першы год дзесяцігодкі азнаменаваўся тым, што гаспадарка была адзначана юбілейным медалём «За доблесны труд. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна». За дасягнутыя поспехі ўзнагароды таксама атрымалі перадавікі калгаса. І з гэтага часу капілка калектыўных і асабістых узнагарод за поспехі ў рабоце на зямлі працягваюць папаўняцца.


– Памятаю, як у 1970-я гады, яшчэ ў час майго дзяцінства, вакол вёскі была скрозь вада, – узгадвае галоўны бухгалтар СВК «Фядорскі» Людміла Мельніковіч. – Наша сям’я жыла па вуліцы Садовай у Фядорах і ў перыяд паводкі да суседняга дома можна было дабрацца толькі на лодцы.
Амаль усе сяляне трымалі хатнюю жывёлу, але сенажацяў не хапала і летам людзі нарыхтоўвалі сена прама ў балоце. Стаіш па пояс у вадзе, цягаеш траву на «грудок», машкара, вужы навокал… І толькі позняй восенню ці зімой, калі балота падмярзала, сена вывозілася дадому. А для нас, сельскай дзетвары, сапраўднай забавай у гэты час было тое, што ад вёскі да лесу ўтвараўся вялізны каток, дзе мы каталіся на самаробных каньках.


Прафесійны падыход і адказнасць кожнага работніка гаспадаркі прывялі да таго, што да 1980 года тут налічвалася больш за 30 трактароў, а ў 1981-м годзе з кожнага гектара было атрымана 25,8 цэнтнера збожжавых і зернебабовых, што па тым часе было нечым з разраду касмічнага.

«Беражцы», «Прагрэс». Эпоха Рыгора Дзямко
Падарункам лёсу для працаўнікоў калгаса ім. Шчарбакова стала рашэнне дзяржавы аб будаўніцтве новага саўгаса, які планавалася ўзвесці на асушаных балотах. Першапачаткова меркавалася, што яго будуць уладкоўваць паблізу вёсак Беражцы і Гальцы. Але даследаванне паказала на высокі ўзровень грунтавых вод у гэтых месцах, што ўскладняла маштабнае будаўніцтва.


Тады саўгас пад назвай «Беражцы» вырашылі ўзводзіць на базе калгаса ім. Шчарбакова. Пасля аказалася, што гэта значнае рашэнне стала свайго роду ўзнагародай тутэйшым людзям і зямлі. І яны спаўна апраўдалі гэты выбар! Узвядзенне саўгаса пачалося ў 1983 годзе. Адбылася яшчэ адна падзея, якая на многія гады абумовіла паспяховае развіццё новага сельгаспрадпрыемства: яго дырэктарам стаў ураджэнец вёскі Вялікае Малешава Рыгор Аляксеевіч Дзямко. З часам Рыгор Аляксеевіч стане знакамітым кіраўнікоў, да яго прыйдзе заслужаная слава. Але гэта будзе пазней… А тады ён узваліў на свае плечы вялікую адказнасць за будучыню ўсяго калектыву.


Пад меліярацыйны аб’ект вылучаліся вялізныя грошы. У той перыяд Фядоры нагадвалі грандыёзную будоўлю: у 1985 годзе тут быў узведзены добраўпарадкаваны жылы пасёлак на 136 кватэр для спецыялістаў і работнікаў новага саўгаса. Тады тут знайшлі сваё месца і справу ўсяго жыцця многія маладыя людзі і сем’і, якія прыехалі ў Фядоры з розных куткоў неабсяжнага Савецкага Саюза, сярод якіх быў і цяперашні кіраўнік гаспадаркі Мікалай Агафонаў, які доўгі час узначальваў інжынерную службу і быў правай рукой Аляксея Дзямко.


– Нарадзіўся і вырас я ў Расіі, на Урале. Але карані маёй мамы – у вёсцы Табулкі Пінскага раёна. Неяк прыехаў я да сваякоў пагасціць і ўбачыў у газеце аб’яву, што ў саўгас у Фядорах патрабуюцца спецыялісты інжынернай кваліфікацыі. Да таго часу за плячыма ў мяне была служба ў войску, вучоба ў інстытуце і размеркаванне на працу ў Арлоўскую вобласць. Але заставацца там мне не хацелася, і я вырашыў паспрабаваць уладкавацца на Палессі. Прыйшоў да Рыгора Аляксеевіча Дзямко, які тады ўзначальваў гаспадарку, сказаў, што магу працаваць кім заўгодна, але ёсць праблема – не адпрацаваў размеркаванне. А ён ды і кажа: «Заставайся, праца зной-дзецца. А па размеркаванні вырашым пытанне, адпішамся». Так мяне і прынялі інжынерам па сельгасмашынах. І я да гэтага часу ўдзячны Рыгору Аляксеевічу за яго падтрымку. Гэта было ў маі 1985 года. Калектыў у нас тады быў малады, дружны, вясёлы, песенны, і той час мне і зараз дабром успамінаецца.
У перыяд праўлення Рыгора Дзямко ў цэнтры абноўленай вёскі вырас шматфункцыянальны комплекс, дзе па гэты дзень размяшчаюцца праўленне калгаса, сельскі савет, аддзяленні паштовай сувязі і «Беларусбанк», комплексны прыёмны пункт камбіната бытавога абслугоўвання. Былі ўзведзены і новыя аб’екты сацкультбыту: Дом культуры, сярэдняя школа на 390 месцаў, дзіцячы яслі-сад на 140 месцаў, амбулаторыя, спартзала, крамы харчовых і прамысловых тавараў.
У 1988 годзе меліярацыйны аб’ект «Беражцы» быў здадзены ў эксплуатацыю. Да гэтага часу ў гаспадарцы ўжо функцыянаваў вялікі комплекс па вырошчванні і адкорму маладняку буйной рагатай жывёлы на 6 000 галоў. Развіццю жывёлагадоўлі спрыяла тое, што пасля меліярацыі значна пашырылася зямельная плошча гаспадаркі – да таго часу яна складала 8 326 га, з якіх 5 892 га займалі сельгасугоддзі. Гэта спрыяла фарміраванню трывалай кармавой базы. Тутэйшыя жыхары памятаюць пра тое, які круты паварот на шляху да цывілізацыі тады зрабіла іх вёска.


У 1989 годзе саўгас «Беражцы» быў перайменаваны ў калгас «Прагрэс». З уводам у строй новых жывёлагадоўчых ферм значна вырасла прадуктыўнасць жывёлы, павялічыліся аб’ёмы продажу мяса і малака. Але ў Савецкім Саюзе ўжо ішла перабудова, якая ў выніку прывяла да развалу адзінай краіны Саветаў, з прычыны чаго былі разбураны і традыцыйныя эканамічныя сувязі. Гэта вяло да маштабнага хаосу і нявызначанасці ў краіне, працоўных калектывах. Нягле-дзячы на гучную і аптымістычную назву, негатыўныя тэндэнцыі не абмінулі і калгас «Прагрэс».
У 1990 годзе комплекс па вырошчванні і адкорму маладняку буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы выйшаў на праектную магутнасць. Але сацыяльна-эканамічны крызіс, які нарастаў у грамадстве, прыкметна знізіў пакупніцкую здольнасць насельніцтва і суб’ектаў гаспадарання. Узніклі праблемы са збытам прадукцыі жывёлагадоўлі. Укормленых бычкоў з «Прагрэсу» мясакамбінаты калі і прымалі, то ніхто не спяшаўся за іх разлічвацца. Даўгі нарасталі, а грошы патрэбныя былі і на гаруча-змазачныя матэрыялы, і на ўгнаенні, і на зарплату людзям. У гаспадарцы і цяпер прызнаюць той факт, што ў той няпросты час калгас выстаяў толькі дзякуючы кіраўніцкаму таленту і інтуіцыі старшыні Рыгора Дзямко і згуртаванасці калектыву.


– Гэта быў перыяд, калі калгас здаваў сваю прадукцыю на перапрацоўку, а грошай вяскоўцам па паўгода не плацілі, – успамінае галоўны бухгалтар СВК «Фядорскі» Людміла Мельніковіч, праз якую праходзілі ўсе разлікі. – Але замест таго, каб спасылацца на праблемы, тут агульнымі намаганнямі сталі шукаць шляхі іх вырашэння. На нейкім этапе плату за рэалізаванае малако забіралі сырам, а потым самі прадавалі яго ў Расію і Украіну. Тады, ва ўмовах блытаніны і адсутнасці выразных арыенціраў, трэба было шукаць неардынарныя шляхі выхаду з сітуацыі. І тут вельмі важнай стала асоба кіраўніка-стваральніка, якім і быў Рыгор Дзямко.

Сучаснасць
У 2003 годзе адбылася чарговая рэарганізацыя – калгас «Прагрэс» быў перайменаваны ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў »Фядорскі». У чэрвені 2004-га да яго быў далучаны СВК «Радчыцкі», у выніку агульная зямельная плошча аб’яднанай гаспадаркі перавысіла 12 тысяч гектараў, з якіх каля 10 тысяч займаюць сельгасугоддзі. У склад сельгаспрадпрыемства ўвайшлі вёскі Радчыцкага сельсавета – Калоднае, Аўсямірава, Радчыцк, Паніжжа, Вялікі Лес і ўся іх інфраструктура. У красавіку 2008 года СВК «Фядорскі» ўпершыню наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, які, ацаніўшы сучасную добраўпарадкаванасць палескай вёскі, адзначыў, што калі б усе аграгарадкі былі такімі, як гэты, то ён бы лічыў сваю місію выкананай. Кіраўнік дзяржавы тады наведаў комплекс па вырошчванні і адкорме маладняку буйной рагатай жывёлы і пакінуў даручэнне: пабудаваць два будынкі па вырошчванні маладняку на комплексе. Да восені таго ж года, калі Прэзідэнт другі раз наведаў гаспадарку, яго даручэнне было выканана: адно жывёлагадоўчае памяшканне было ўзведзена сваімі сіламі, другое – Столінскай ПМК-24. Будаваліся гэтыя аб’екты за кошт уласных сродкаў прадпрыемства і з прыцягненнем крэдытаў банка.


У верасні 2009 года, пры трэцім наведванні гаспадаркі, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка даў даручэнне давесці пагалоўе буйной рагатай жывёлы да 20 тысяч галоў, у тым ліку кароў – да 2,5 тысячы. Цяпер у гаспадарцы ўжо больш за 20 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 2 825 дойных кароў. І калі ў 1986 годзе, як толькі разгортвалася маштабнае будаўніцтва, надой на карову складаў 2 704 кг малака, то зараз гэты паказчык трохразова павялічаны: па выніках 2023 года тут атрымалі 8 343 кг малака ад кожнай каровы. А па выніках уборачнай кампаніі гэтага года ў гаспадарцы атрымалі амаль 19,8 тысячы тон збожжа. А калі казаць у цэлым, то ў СВК «Фядорскі» вырабляюць адну пятую агульнараённага вала збожжа, адну шостую аб’ёму малака і больш за траціну – мяса. Сёння СВК «Фядорскі» – флагман сельгасвытворчасці раёна. А яшчэ – прадмет нястомнай працы, аб’ект гонару вялікага і зладжанага калектыву, якім на працягу 37 гадоў кіраваў Рыгор Аляксеевіч Дзямко (яго агульны стаж у аграпрамысловым комплексе перавысіў 53 гады). У сакавіку 2022 года ён, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, ганаровы грамадзянін Столінскага раёна, ардэнаносец, пайшоў на заслужаны адпачынак, выхаваўшы годную змену маладых спецыялістаў і перадаўшы сельгаскааператыў у надзейныя рукі сваіх аднадумцаў.


Прафесіяналізм і зладжанасць у працы, мэтанакіраваная мадэрнізацыя вытворчасці, пісьменныя эканамічныя разлікі перспектыў і выгод, жаданне жыць і годна зарабляць на сваёй зямлі дапамаглі «Фядорскаму» выйсці на перадавыя рубяжы і стабільна ўтрымліваць свае пазіцыі. А цяперашні сплаў вопыту і маладосці спецыялістаў і працаўнікоў з’яўляецца залогам добрай будучыні гаспадаркі, якую ў гэтым згуртаваным калектыве навучыліся планаваць і будаваць самі – сваім розумам, сваёй працай і рукамі.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара
і з архіва СВК «Фядорскі»

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Аккредитовано 593 национальных наблюдателя
Диабет – не приговор
Главное – порядок

Главное – порядок

15 ноября, 2024
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости