З успамінаў майго бацькі Міхаіла Уладзіміравіча Шэлехава, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, настаўніка, гісторыка, Ганаровага грамадзяніна г. Давыд-Гарадка і Столінскага раёна
I. Паліцайская школа
У атрадзе імя Суворава на роднай Пухаўшчыне і ў Старадарожскім раёне я ваяваў паўтара гады, з кастрычніка 1942 г., і быў сведкай і ўдзельнікам многіх баявых падзей.
У атрад я прыйшоў у дзень нараджэння 18 кастрычніка, у 16 год. З маім сябрам Мішкам Сарокам мы схадзілі пешшу ў Мінск (60 кіламетраў ад нашай вёскі Бахаравічы), дзе сфатаграфаваліся на аўсвайс (акупацыйнае пасведчанне), і прынеслі дахаты солі. Свае аўсвайсы мы аддалі камісару атрада – з імі хадзілі нашы разведчыкі. Але фотаздымак захаваўся – звычайны хлапчук, такія хлапчукі тады ваявалі папросту.
Доўгі час я ўваходзіў у склад падрыўной групы, якой кіраваў спачатку масквіч лейтэнант Пінчанскі, а потым старшына Сасніцкі. На маім рахунку сем спушчаных пад адхон нямецкіх эшалонаў – асабіста і ў складзе групы. Кожны спушчаны і спалены эшалон, кожная акцыя такога роду афармлялася актам, які падпісваўся ўдзельнікамі аперацыі і сведкамі падзей, так што ўсё было праўдзіва. Браў удзел у многіх баявых аперацыях – у баях пад Рудзенскам, на Слуцкай шашы.
Але найбольш памятныя – два штурмы паліцайскага гарнізона у вёсцы Дражна Старадарожскага раёна. Трэба сказаць, што Дражна была ўнікальным месцам у час акупацыі. Гарнізон складаўся выключна з мясцовых паліцаяў, яны былі вельмі актыўнымі, прыносілі шмат клопату нашаму камандаванню і нам, і наогул вызывалі страшэнную нянавісць, бо вельмі зацята біліся разам з немцамі супраць нас.
Вось чаму перад 2-й Мінскай брыгадай на працягу доўгага часу нязменна стаяла задача – ліквідаваць, знішчыць гэты гарнізон. Гэта было справай партызанскага гонару – выпаліць тое асінае гняздо, дзе сядзела, сама меней, сто паліцаяў. Гарнізон размяшчаўся ў былой школе, якую абкружалі агараджальныя равы і ўзмацнялі дзоты. Паліцаі былі добра ўзброены аўтаматамі, адусюль тырчалі кулямёты, узяць іх апорны пункт было вельмі цяжка. Яны мелі пастаянную сувязь з павятовым цэнтрам Старыя Дарогі, які знаходзіўся прыкладна ў 20 км ад Дражны, – і немцы ў любы момант маглі прыйсці на дапамогу.
Штурм Дражна намі праводзіўся двойчы: першы – 14 студзеня, у траскучы мароз. Негледзячы на мужныя і адчайныя спробы дабіцца поспеху, скончыўся ён трагічна. Мы недалічыліся многіх таварышаў, загінулі разам і камандзір атрада, і камісар, што адбывалася вельмі рэдка. Я раскажу пра гэта ніжэй, а пачну з другога штурму.
З усіх аперацый, у якіх я браў удзел на вайне, асабіста мне запомніўся другі штурм Дражна – 14 красавіка таго ж, 1943 г. Стаяла сярэдзіна вясны, час першых зялёных лісцяў, але вясна тады была позняя. Гэта запомнілася таму, што у самым пачатку штурма – на досвітку, калі мы падыходзілі, набліжаліся, абкружалі Дражна, я бег па гулкай, прамёрзлай, зімовай зямлі. Набліжаўся Вялікдзень, а на Міншчыне стаяла зіма.
Гарнізон тады штурмавала ўся наша брыгада, усе чатыры атрады – Варашылава, Кутузава, Суворава і Чапаева. Браў удзел і я, у якасці другога нумара ручнога кулямёта Дзегцярова. Першым нумарам быў мой зямляк, сусед па вёсцы Бахаравічы, нашы хаты побач стаялі, – Уладзімір Рыгоравіч Рамязевіч. Першы нумар цягаў кулямёт, а я цягаў 3-4 дыскі, а гэта не лягчэй, чым сам кулямёт – больш за 10 кг. Калі трэба, па сітуацыі падмяняў кулямётчыка і вёў бой сам.
Дражну мы ўзялі ў абцугі з усіх бакоў ноччу. На шашы на Старыя Дарогі зрабілі моцную засаду – на выпадак падыходу немцаў. Было зроблена ўсё, каб паралізаваць сувязь паліцаяў з іх нямецкімі гаспадарамі.
Гарнізон займаў школу-дзесяцігодку, і была тая школа для нас крывавай. Сам настаўнік – помню яе ўсё жыццё.
II. З дошкай на амбразуру
На досвітку, толькі-толькі развіднела, брыгада пайшла ў наступ. Падбіраліся ціха, спакойна, і без шуму і клопату ўвайшлі глыбока ў вёску, покуль нас не заўважылі дазорцы… I заўважылі яны нас позна, калі мы занялі вёску. Сон ахінаў Дражна, але дзе-нідзе ўжо палілі печы.
Наш атрад быў адным з штурмавых і займаў галоўную пазіцыю – рухаўся праз поле да гарнізона па цэнтральнай вуліцы: мы павінны былі штурмаваць умацаваную школу прама ў лоб. Калі паднялася страляніна з боку гарнізона, – грымнулі дзве 45-мм гарматы брыгады, якой камандаваў генерал-маёр камбрыг Капуста – адзін з нямногіх партызанскіх генералаў. Брыгада Капусты ваявала ў той час пад Баранавічамі, але неяк нашы дамовіліся наконт дапамогі. Невялічкая батарэя падтрымала, узмацніла штурм шумавым эффектам, раптоўнасцю залпа. Гэтыя гарматы нашы лясныя збройнікі сабралі з рэштак разбітых батарэй, пакінутых Чырвонай арміяй.
Кажучы чэсна, напалохала гарнізон партызанская артылерыя не вельмі. Наадварот – абудзіла. Снарадаў было мала, і гарматы хутка змоўклі. І далей бой мы вялі толькі ружэйна-кулямётным агнём. Мы перабягалі ад аднаго двара да другога, але моцны агонь прымусіў нас легчы і рухацца паўзком. Перад самой школай была чыстая прастора, ніякіх пабудоў не было, каб пад час нападу можна было мець поле агляду. Так рабілі тады акупанты – уздоўж чыгункі і шашы немцы выразалі і высякалі да 100 метраў жывога лесу ў глыбіню, а ў некаторых месцах і больш, – у мэтах засцярогі і лепшага прастрэлу.
Бой доўжыўся больш за дзве гадзіны. Некалькі разоў кідаліся ў атаку, але гэта не давала ніякіх вынікаў, акрамя страт. На полі бою заставалася ўсё больш нашых хлопцаў, якіх немагчыма было вынесці… Выносілі толькі тых, каго змаглі падхапіць адразу, бо потым паліцаі прыстрэльваліся. Мы з Рамязевічам вялі кулямётны агонь па школе. І вось пачалася апошняя, пятая спроба ўзяць гарнізон.
Памочнік камандзіра нашага ўзвода, старшы сержант Аляксей Рублёў, былы ваеннапалонны (удала збег з мінскага лагера ў складзе вялікай групы), быў выхадцам з Расіі, з Тамбоўскай вобласці. Вопытны ваенны – прызыву 1939 года, ён вызваляў Заходнюю Беларусь, высокі, прыгожы, ладны. Ён вучыў нас, маладых, як поўзаць, як лоўка рухацца перабежкамі. Таму мы і змаглі з ім без клопату падабрацца да самой амбразуры. Раптам сяржант нечакана паклікаў мяне да сябе: сам ён ляжаў наперадзе залёгшай шарэнгі. Знаходзіліся мы ад варожага дзота на адлегласці ў 30 метраў, у паліцайскага кулямётчыка літаральна пад носам, але ўстаць у атаку не маглі – гэты гад біў і рэзаў ва ўпор. Я падпоўз бліжэй. Рублёў паказаў на тоўстую дубовую дошку.
– Хапаем дошку! – загадаў Аляксей. Мы павінны былі дзейнічаць ёю, як шчытом.
Рашэнне было рызыковае, але выйсця не было, і другога ў галаву не прыйшло. Рублёў спадзяваўся на кемлівасць і ўдачу. Толькі так можна было закрыць амбразуру, смяротны рэжучы агонь. Я ўзяўся, як памятаю, за дошку злева, ён з правага боку. Мы схапілі дошку, прыгнуліся, прабеглі некалькі метраў, але раптам рэзкі ўдар кулямётнай чаргі выбіў яе з рук! Я ўпаў і ўбачыў, што ўпаў і Рублёў. Паспрабаваў падпаўзці, паклікаў – ён ляжаў у нерухомасці. Ашалелыя паліцаі хутка прыстраляліся па нас…
– Назад! – крыкнуў мне нехта з нашых. Але куды там… Гарнізонны кулямёт рваў кавалкамі падмерзлую зямлю, біў у лоб, але я неяк ацалеў, прыкінуўся мёртвым, Бог мілаваў.
(Працяг будзе).
Міхаіл ШЭЛЕХАЎ,
пісьменнік, журналіст