НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
5/5 - (1 голос)

Бывае, сустракаеш чалавека і разумееш, што перад табой легенда. Адзін з іх – Васіль Паўлавіч Дарошка з вёскі Талмачава, па працоўным шляху якога можна вывучаць развіццё механізацыі ўсёй краіны. 46 гадоў стажу, безліч перамог у сацыялістычных спаборніцтвах і ўзнагарод, сярод якіх Ордэн Працоўнай Славы ІІІ ступені. Усё яго жыццё прайшло за рулём, які не пакінуў і зараз, кіруючы сваім уласным трактарам. І гэта ў 80 гадоў!


Не было часу
на дзяцінства
Васіль Паўлавіч нарадзіўся 25 верасня 1944 года ў вёсцы Талмачава. Сям’я трымала сваю гаспадарку – каня, кароў і іншую жыўнасць. А ў краіне цяжкія пасляваенныя гады… Людзі толькі-толькі акрыялі спачатку ад польскага прыгнёту, потым – фашысцкай навалы. Спяшаліся ўладкаваць жыццё, таму многа працавалі. І васьмігадовы Васіль на поўную сілу з бацькам рыхтаваў сена за ракой, лоўка махаючы касой. Быў адзін памочнік, бо дома яшчэ дзве сястры. Усё ўмеў кемлівы хлапчук: і каня запрэгчы, і дроў насекчы, і карову дагледзець. Але ўсё ж найбольш яго вабіла тэхніка. Ён мог гадзінамі разглядаць якісьці прыбор. Прычым ён быццам бачыў яго наскрозь. Пэўна, сёння Васіль абавязкова стаў бы інжынерам ці якім вучоным у гэтай галіне, а тады не было часу на дзяцінства. Трэба было працаваць і зарабляць на кавалак хлеба.

Першы камбайн і 60 рублёў
У тыя гады на Палессі адбывалася маштабная калектывізацыя – ствараліся сельскія гаспадаркі. І Васіль, скончыўшы 7 класаў Кароціцкай школы, пайшоў уладкоўвацца ў калгас «1 Мая», у якім ужо працавалі яго бацькі.
Настойлівасць і ўпэўненасць у сваіх сілах 15-гадовага юнака, які хацеў быць механізатарам, спачатку здзівіла тагачаснага старшыню Мікалая Ляшука. Не дзіўна, пасведчання трактарыста няма, ды і да паўналецця далёка. Але затое разгледзеў жаданне працаваць і адказнасць за свае ўчынкі, таму прызначыў яго памочнікам камбайнера адзінага ў гаспадарцы на той час камбайна С-4М. Дагэтуль збожжа жалі сярпом уручную жанчыны. І вось, нарэшце, такая палёгка. Дарэчы, гэта першы камбайн савецкай вытворчасці.


Добра памятае Васіль Паўлавіч той момант, калі прынёс сваю першую заработную плату 60 рублёў дадому. Для параўнання: бацькі па 7 рублёў атрымлівалі, таму яны нават расчуліліся ад гэтай падзеі.
– Малайца, сынок, ужо за нас больш зарабляеш, – і бацька па-мужчынску працягнуў руку.
Першы трактар
і прапанова стаць інжынерам
Пасля юнага механізатара адправілі прычэпваць плугі да трактара ДТ-54, з чым таксама бліскуча Васіль справіўся. Добра сябе зарэкамендаваў, таму яму даверылі першы трактар ДТ-14. Спяшаўся Васіль да свайго жалезнага сябра і да нараду па шэсць гектараў культываваў. І толькі калі перайшоў на трактар ДТ-20, яго нарэшце адправілі вучыцца ў Давыд-Гарадок, дзе знаходзілася машынна-трактарная станцыя. Вучоба давалася лёгка. Пешшу напрасткі хадзіў юнак за 25 кіламетраў. Ці ж праблема гэта, калі ёсць мэта?


А тым часам не толькі Васіль Дарошка вучыўся і развіваўся, уся савецкая прамысловасць вялікімі тэмпамі рушыла наперад. Пачалі буйнець заводы, выпускацца ўсё больш магутныя і мадэрнізаваныя машыны для сельскай гаспадаркі. Неўзабаве ў калгас прывезлі камбайны СК-4.
Адным з камбайнаў кіраваў, канешне, Васіль Паўлавіч. Калі спёка, то чорныя ад пылу былі мезанізатары. І толькі ў СК-5 Ніва канструктары зрабілі кабіну. Дарэчы, гэты камбайн выпускаўся з 1972 па 2017 гады, быў самым распаўсюджаным збожжаўборачным камбайнам у СССР і свайго роду «візітнай карткай» савецкага сельгасмашынабудавання. Канструктары пастаянна ўдасканальвалі мадэль і, што самае галоўнае, ёсць у гэтым заслуга і майго суразмоўцы. Калі патрэбна было падзяліцца прапановамі, то Васіль Паўлавіч выказаў сваю: каб шкіў быў не па прамой, а каб пад конус, бо адбойны біцер не вытрымліваў і ламаўся. Супадзенне ці не, але потым камбайны выходзілі з канвеера, выраб якіх быў згодна гэтай парадзе.

Заслужаныя ўзнагароды
Васіль Паўлавіч затым перасеў на камбайн ДОН. Таксама яму пашчасціла кіраваць новенькім МТЗ-50. Адзін ва ўсім раёне, нават кіраўнікі іншых гаспадарак употайкі зайздросцілі. Таксама кіраваў МТЗ-80, -82. На адным з іх і «даехаў» да свайго заслужанага адпачынку. У памяці маштабная меліярацыя на Палессі, якая праводзілася ў 1960-1970-х гадах, калі было асушана два мільёны гектараў забалочаных земляў. Нават старажылы не верылі, што з былых балотаў атрымаюцца палі.
За сваю дзейнасць Васіль Паўлавіч мае шмат дасягненняў. У 1972 годзе за значныя паказчыкі павышэння ўраджаю, паспяховае выкананне планаў продажу збожжа дзяржаве Васіля Дарошку ўзнагародзіў Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР, у 1975 за перамогу ў рэспубліканскім спаборніцтве – Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР, у гэтым жа годзе атрымаў сярэбраны медаль ВДНГ СССР. А 1980 годзе – за самаадданую і высокапрадуктыўную шматгадовую працу ў калгасе, які зараз мае назву «Кароцічы», Васіль Паўлавіч атрымаў Ордэн Працоўнай Славы ІІІ ступені.


Ёсць сярод узнагарод і яшчэ адна вельмі дарагая сэрцу майго субяседніка. Гэта медаль прападобнамучаніка Макарыя, ігумена Пінскага за шчырую і руплівую працу ў славу Царквы, якая была ўручана ў мінулым го-дзе епіскапам Пінскім і Лунінецкім Георгіем. Васіль Паўлавіч прымаў актыўны ўдзел у будаўніцтве храма Нараджэння Хрыстова в. Талмачава. Ён адказваў не толькі за ўсю дакументацыю, але і за дастаўку будаўнічых матэрыялаў, арганізацыю работы. І зараз любіць прыходзіць у царкву, дзе адпачывае сэрцам і душою. Моліцца за сваіх родных, дзяцей, унукаў. З жонкай Марыяй ужо 53 гады жывуць душа ў душу. Калі пазнаёміліся, яна была свінаркай у калгасе, ён – вопытны механізатар. Вяселле не адкладвалі. Дачка Ганна і сын Васіль жывуць побач. Яшчэ адна дачка ў Мазыры.

Не ўмею сядзець без справы
Як вы ўжо зразумелі, паважаныя чытачы, трактар у Васіля Паўлавіча ёсць і зараз. Купіў яго ў Запясоччы больш за 30 гадоў таму. Перабраў увесь, змазаў кожную дэтальку, штосьці замяніў. Дапамагаў сын Васіль, які, хоць па прафесіі стаматолаг, а вось у душы таксама механізатар. Калі цікаўлюся, якая тэхніка – айчынная альбо замежная – лепшая, Васіль Паўлавіч адказвае:
– Уся, калі пра яе клапаціцца, берагчы, своечасова даглядаць, вось як чалавека. Бо выкінуць лягчэй, чым адрамантаваць. Канешне, сучасныя трактары, камбайны – гэта магутныя агрэгаты, якія здольны выконваць работы любой цяжкасці. У мяне душа радуецца, калі бачу, як гэтыя «асілкі» бегаюць па нашых палях. Значыць, маё пакаленне нездарма тады ўсё пачынала. Я заўсёды спяшаўся і на работу, і дадому, бо і там, і там мяне чакалі. Зараз даглядаю свае соткі, ёсць чым заняцца. Ды і не магу сядзець без справы. Надакучвае. Таму, калі паклічуць у родную гаспадарку, хоць заўтра пайду, – усміхаецца Васіль Паўлавіч.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Аккредитовано 593 национальных наблюдателя
Диабет – не приговор
Главное – порядок

Главное – порядок

15 ноября, 2024
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости