Таццяна Скрабейка па выніках мінулага года прызнана «Маладым чалавекам года»
ў галіне абслугоўвання насельніцтва.
Знаёмства з Таццянай Скрабейка – загадчыкам магазіна № 19 Альшанскага філіяла Столінскага райспажыўтаварыства – адбылося на яе рабочым месцы. Таму жадаючых падзяліцца сваім меркаваннем было многа.
– Абавязкова напішыце, што Таццяна – самы лепшы прадавец, заўсёды ў добрым настроі, уважлівая, цярплівая, – параіў адзін з пакупнікоў.
– Хоць маленькі магазін, але ўтульны, таму прыемна сюды заходзіць. Усе тавары прыгожа выкладзены, не трэба блукаць у пошуку неабходнага, як у вялікіх супермаркетах. Ды і прадаўцы добразычлівыя, параяць і падкажуць, што новага ёсць у продажы, і што найбольш карыстаецца попытам. Дзякуй ім за работу, – падзяліўся другі пакупнік.
Сама яна сціпла адказвае, што была прыемна здзіўлена гэтай узнагародзе, бо проста любіць сваю прафесію. Яе Таццяна выбрала па прыкладу сваёй старэйшай сястры Марыі, нават скончыла той жа Брэсцкі гандлёва-тэхналагічны каледж. Па размеркаванні вярнулася ў родны раён і два гады працавала ў аграгарадку Рамель. А калі прапанавалі перайсці ў магазін, у якім працуе зараз, была вельмі задаволена.
Па-першае, тут праходзіла практыку пад кіраўніцтвам тагачаснага загадчыка Людмілы Гутаравай, якой вельмі ўдзячна за падтрымку і набыты вопыт.
А па-другое, не трэба штодзень пераадольваць дарогу ў некалькі кіламетраў.
І тут ужо вось восем гадоў Таццяна сустракае пакупнікоў сваёй прыгожай усмешкай.
– Ведаеце, за ўсе гады, што ў прафесіі, ніводнага дня не пашкадавала аб сваім выбары. Відаць, знайшла прызначэнне. Канешне, не ўсё бывае гладка і лёгка, але ў такія моманты лаўлю сябе на думцы, што гэта проста такі няўдалы дзень, а не жыццё ў цэлым. Таму імкнуся не засяроджваць увагу на дробязях, а паступова вырашаю праблему. Пакупнікоў сваіх ужо добра ведаю, бывае, нават бездакорна здагадваюся, што яны будуць купляць. Калі ж хто заходзіць упершыню, то здзіўляюцца, што ў такім невялікім магазіне ёсць абсалютна ўсё. Для мяне, як загадчыка, важна, каб быў шырокі асартымент на любы густ і кашалёк. Безумоўна, аналізуем запыт пакупнікоў, працуем па заяўках. Здаецца, звычайныя рабочыя моманты, але гэта патрабуе многа часу і ведання сістэмы гандлю. І давер пакупнікоў у ёй знаходзіцца на першым месцы. Таму важна, каб быў з’яднаны калектыў, у якім кожны разу-мее сваю адказнасць. У калегах Ганне Чынікайла і Вользе Грыб упэўнена на ўсе 100 працэнтаў, яны сапраўды адданыя сваёй прафесіі. Гэта вельмі важна, бо, як гаворыць прыказка, адзін у полі не воін. І рэпутацыя гандёвай кропкі – агульная заслуга.
– А як змянілася работа прадаўца за гады Вашай дзейнасці?
– Зараз усё стала больш аўтаматызаваным, узяць, напрыклад, касавы апарат. Раней трэба было кошт кожнага тавару ўводзіць пры разліку, а зараз гэта робіць сканер штрыхкода. Праўда, прадаўцам трэба спачатку ўсё прасканіраваць самастойна, а гэта добры адрэзак часу. Калі пачынала, большасць пакупнікоў разлічвалася грашыма, цяпер жа ў асноўным картачкамі, а моладзь, увогуле, праз спецыяльную праграму ў тэлефоне. На маёй памяці пераход на новыя грашовыя знакі, калі замест мільёнаў з’явіліся тысячы і капейкі. Было нязручна спачатку, але потым прызвычаіліся. Так што, гандаль, як і іншыя галіны, у пастаянным развіцці.
Таццяна прызнаецца, што час ад часу затрымліваецца на рабоце, калі трэба напісаць справаздачу ці аформіць заяўкі. Але муж Міхаіл з паразуменнем ставіцца да такіх сітуацый. Дарэчы, у наступным годзе яны плануюць справіць наваселле. Ёсць ужо і кот, нават цэлых шэсць, якія першымі пераступяць парог. Кампанію ім складзе сабака пароды хаскі, якога вельмі любяць у сям’і.
Альшаны дзяўчына лічыць лепшым месцам для жыцця, бо тут родныя, сябры. А калі захочацца змяніць абстаноўку, можна адправіцца ў падарожжа. Пры жаданні магчымасць заўсёды з’явіцца.
– Жыццё – гэта кніга, якую піша сам чалавек. І запісваць у яе трэба толькі тое, што радуе сэрца. Упэўнена, з любой сітуацыі ёсць выйсце, таму не трэба засмучацца заўчасна. Заўтра будзе новы дзень і новая старонка, – разважае Таццяна.
З чым я цалкам згодна, таму жадаю сваёй суразмоўцы поспехаў і ажыццяўлення ўсіх мараў.
Гутарыла Ганна МЕЛЬНІК