15 июля

USD

EUR

Столин

21C

У «Світання» – новае світанне

19.04.2019

80

0

Юбілеі – заўсёды прыемная нагода. А калі ён у цэлага калектыву, то яшчэ лепш. Вось як у народнага інструментальнага  ансамбля “Світанне”, які ў гэтым годзе адзначае сваё 35-годдзе. І праз столькі гадоў свайго існавання яго выступленні з’яўляюцца ўпрыгажэннем любой святочнай канцэртнай праграмы. 

А з чаго ўсё пачыналася?
Калі тэатр пачынаецца з вешалкі, то ансамбль пачынаецца з музычных інструментаў. Першымі інструментамі былі баян і бас, тры балалайкі, дзве домры, на якіх вучыў іграць заснавальнік калектыву Фёдар Украінец. А кіраваў – дырэктар Давыд-Гарадоцкай дзіцячай музычнай школы Міхаіл Трухановіч. Ансамбль быў створаны для папулярызацыі народнай музыкі і акампаніраваў салістам гарадскога Дома культуры. Выкарыстоўвалі рэпертуар савецкіх і замежных кампазітараў, апрацоўкі якіх таксама гучалі на Дзень горада, Дзень Перамогі, 8 Сакавіка і іншыя святы.
Праз дзесяць гадоў інструментальны калектыў, нарэшце, атрымаў сваю назву “Світанне”. Яе прапанаваў Анатоль Савацееў – чалавек, які падарыў калектыву не толькі назву, але і новы імідж. Аднойчы ён трапіў на рэпетыцыю калектыву і пабачыў у ім вялікі патэнцыял. Сам Анатоль Ільіч аказаўся ваенным, які трапіў у Давыд-Гарадок (раней тут была вайсковая часць) па службе. Дагэтуль ён некалькі гадоў жыў і служыў у Германіі, дзе быў удзельнікам ваеннага ансамб-ля. Любоў да музыкі пранёс праз усё жыццё, што было відавочна, калі ён рэпеціраваў. Ён не іграў, ён жыў музыкай. Сам з’яўляўся таленавітым акардэаністам і аранжыроўшчыкам, пісаў апрацоўкі і партытуры, якіх была проста неверагодная колькасць. Пачалі гучаць галасы вакалістаў Ірыны Котка, Алены Петравец, Міхаіла Сегена, Ігара Харашуна, Веры Мароз і Валянціны Пашкевіч.
Узровень ансамбля дазволіў у 1995 годзе атрымаць званне “Народны”. Ён грымеў не толькі ў нашым раёне. З гастролямі аб’ехалі і іншыя гарады вобласці, дзе нязменна выклікалі гучныя апладысменты. Трэба адзначыць, што трапіць у калектыў было не надта лёгка. Перавага аддавалася тым, хто сапраўды адданы музыцы і не шкадаваў часу на рэпетыцыі. За столькі гадоў існавання ўдзельнікамі калектыву былі многія музыканты, імёны якіх і зараз ва ўсіх на слыху. Юрый Чурыла іграў на скрыпцы, Леанід Шыкунец і Валерый Бакунец – на баяне, Наталля Будзько – на домры, як і Ніна Краўчук, Святлана Галавач – на электрафартэпіяна, Ніна Сцяпура, Наталля Бандарэнка – на балалайцы, як і Аліна Тукіна, Віктар Самсановіч і Сяргей Комар – на ўдарных інструментах.
“Світанне” і зараз працягвае слаўную традыцыю пакараць музыкай. Сапраўдную асалоду атрымліваюць і госці, якія прыязджаюць у Давыд-Гарадок. Зараз калектыў складаюць настаўнікі Давыд-Гарадоцкай дзіцячай школы мастацтваў. Кіраўніком з’яўляецца Аліна Тукіна, на баяне іграе дырэктар школы Вадзім Козел, на акардэоне – Ірына Васечка, на цымбалах – Надзея Бразоўская, на электрапіяніна – Ніна Сцяпура, на бас-гітары – Валерый Мазан, на ўдарных інструментах – Міхаіл Драня.
Вялікую спадчыну атрымалі яны ад сваіх папярэднікаў. У рэпертуары ансамбля больш за 100 рознахарактарных твораў: інструментальная, сучасная, народная музыка, творы рускіх, беларускіх, замежных аўтараў. Гучаць творы такіх кампазітараў, як Яўген Дзярбенка, Яўген Дога, Астор П’яцола, Данііл Браслаўскі і іншых. Бадай, няма такога чалавека, які б не застаўся ў захапленні ад выступлення калектыву. Ведаю, бо і сама неаднойчы прысутнічала на канцэртах, дзе выступаў гэты ансамбль. Таму зычым народнаму інструментальнаму ансамблю“Світанне” ніколі не пакідаць музычны гарызонт і каб былі нагоды для новых сустрэч.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Автор публикации

не в сети 41 минута

admin

Комментарии: 1Публикации: 3207Регистрация: 17-05-2019

Обсуждение

Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

Разработка сайта

Яндекс.Метрика