• ru
  • by
  • 18 февраля

    USD

    EUR

    Столин

    5C

    СТОЛІНШЧЫНА — 80! Культура: Захаваць спадчыну

    17.01.2020

    196

    0

    У гэтым выказванні Алены Дубойскай – яе стаўленне да сваёй любімай работы, якой яна аддала без малога 40 гадоў.

    Алена нарадзілася ў Давыд-Гарадку. З маленства сябравала з песняй, наведвала музычную школу па класе баяна, таму пасля васьмі класаў вырашыла паступаць у культурна-асветную ўстанову. Так сталася, што выбар прыпаў на Жытомірскае культасветвучылішча. За амаль чатыры гады вучобы Алена зарэкамендавала сябе як творчая асоба і ўжо з другога курса разам з выкладчыкамі гастралявала ад абласной філармоніі па Жытомірскай вобласці.

    Пасля вучобы выказала жаданне вярнуцца на радзіму і ўладкавалася ў аддзел культуры. Першае рабочае месца – аўтаклуб і абавязкі загадчыка. Гэта было ў 1983 годзе.
    – З Мальвінай Яўгенаўнай Наздрыной і іншымі калегамі мы ездзілі з канцэртнымі выступленнямі па раёне, наведвалі маланаселеныя пункты, неслі мастацтва ў масы, – дзеліцца Алена Мікалаеўна. – У той час жыццё бурліла. Ахвотнікаў удзельнічаць у канцэртах было даволі. Людзі бескарысліва прапаноўвалі сваю дапамогу, дзяліліся сваім талентам… На жаль, цяпер такіх энтузіястаў мала.

    Аднаўленне народнай гаспадаркі Столінскага раёна пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў спрыяла і ажыўленню культурнага жыцця. Ужо ў 1945 годзе ў раёне працавалі хаты-чытальні, кінатэатр, раённая бібліятэка, чырвоныя куткі. Многія з іх размяшчаліся ў прыватных дамах, пры сельвыканкамах. Нават у такіх неспрыяльных умовах была арганізавана мастацкая творчасць.
    У 1946 годзе налічвалася 14 хат-чытальняў у Давыд-Гарадоцкім раёне – Турская, Аздаміцкая, Веляміцкая, Сямігосціцкая, Альшанская, Рубельскя, Колкаўская, Ля-дзецкая, Вялікамалешаўская, Рамельская, Мярлінская, Альгомельская, Храпуньская, Хорская.
    Акрамя іх дзейнічалі 2 дамы сацыялістычнай культуры – у Давыд-Гарадку і Харомску, пры якіх меліся самастойныя бібліятэкі.
    Кніжны фонд Давыд-Гарадоцкай бібліятэкі ў кастрычніку 1947 года налічваў 3650 экзэмпляраў, а за 1948 год узрос да 5060 экзэмпляраў.
    У студзені 1950 года ў раёне працавалі 17 хат-чытальняў, раённы дом культуры, 2 сельскія дамы культуры, 2 чырвоныя куткі, раённая і 2 вясковыя бібліятэкі. У многіх населеных пунктах працавалі гурткі мастацкай творчасці.
    У 1955 годзе ў раёне дзейнічалі 13 бібліятэк, 25 клубаў і дамоў культуры, дом піянераў, 17 хат-чытальняў. У адным з будынкаў у цэнтры Століна 5 лістапада адкрыта экспазіцыя Столінскага краязнаўчага музея.
    У 1959 годзе ў вёсках Харомск, Туры, Арлы былі ўзведзены сельскія дамы культуры.
    У 1970-я гады пабудаваны 11 дамоў культуры і клубаў на 2690 месцаў, у 1980-я – пяць дамоў культуры на 1300 месцаў.
    У 1990-я гады ў раёне дзейнічалі 68 устаноў клубнага тыпу, 81 бібліятэка з агульным фондам 814,9 тысячы экзэмпляраў кніг і часопісаў, чатыры музычныя школы, школа творчасці, краязнаўчы музей.
    У Століне, Давыд-Гарадку і Рэчыцы дзейнічалі кінатэатры. У вёсках кінапракат ажыццяўляўся на базе клубных устаноў. Працавала 80 кінастацыянарных установак. Калі ў 1953 годзе кінапаказам было ахоплена 245657 чалавек, то ў 1990-м – 1385,4 тысячы чалавек. Да 2000 года колькасць стацыянарных установак скарацілася да 46, а наведванні кінасеансаў склалі толькі 60,4 тысячы чалавек. Такі спад тлумачыцца як шырокім укараненнем тэлебачання ў быт людзей, так і крызісным становішчам кінапракату ў цэлым.
    На цяперашні момант кінапаказы на Століншчыне ажыццяўляе кінатэатр «Экран» у Століне, дзе навінкі кіно дэманструюцца ў фармаце 3Д, і адна аўтаперасовачная ўстаноўка на раёне.

    Раней працаваць было лягчэй: менш праводзілася мерапрыемстваў, было больш часу на іх падрыхтоўку. Цяпер, здаецца, ідзе гонка за колькасцю, ад якой церпіць якасць, бо часам вывучыць тэкст фізічна немагчыма… Але як бы там ні было – наш раён вельмі багаты на таленты і мы імкнёмся працаваць так, каб не ўдарыць тварам у гразь – па сумленні і як мае быць.
    Як цяпер памятае Алена Дубойская сваё першае сольнае выступленне – на Палескім кірмашы, які ладзіўся на мяжы Столінскага і Дубровіцкага раёнаў. Пачуўшы залівісты голас Алены Дубойскай, кіраўнік народнага хору «Крыніца» Алена Аўсянік прапанавала ёй наведваць хор. З таго часу Алена Мікалаеўна – пастаянная яго ўдзельніца.
    Калі ў аддзеле культуры арганізавалі метадычны цэнтр, Алена Дубойская стала працаваць у ім метадыстам па народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, пасля вяла метадычную работу па харавой дзейнасці па атрыманай у культасветвучылішчы спецыяльнасці. У 2001 годзе Алена атрымала вышэйшую адукацыю – скончыла Мінскі інстытут сучасных ведаў па спецыяльнасці народная творчасць. Кіруе народным фальклорна-этнаграфічным калектывам «Верасень», які функцыянуе на базе Рэчыцкага ГДК. З гадамі рос вопыт і аўтарытэт. За плячамі былі не толькі тэарэтычныя веды, а і гады практычнай работы. З 2003 года Алена Дубойская – дырэктар метадычнага цэнтра, з 2015 – дырэктар раённай клубнай сістэмы. Яна – салістка заслужаных калектываў – народнага хору «Крыніца» і ансамбля народнай музыкі «Выцінанка», які двойчы прадстаўляў нашу краіну на Сусветнай выстаўцы «ЭКСПА» ў Мілане (Італія) і Астане (Казахстан), а сёлета будзе прадстаўляць Рэспубліку Беларусь на такім жа форуме ў Дубае (ААЭ).
    – У нас добры, малады, працаздольны творчы калектыў аднадумцаў, якому па сіле ўсе мерапрыемствы, што ладзяцца ў раёне, – расказвае Алена Мікалаеўна. – Метадычны цэнтр праводзіць вучобу культработнікаў раёна, на базе ўстановы дзейнічаюць мастацкія калектывы – народны клуб аматараў песні «Ярок» пад кіраўніцтва Валерыя Шуркалы і творчы клуб «Альтанка» на чале з Нінай Лісавец. Увогуле ўсе супрацоўнікі – актыўныя творчыя асобы і прапагандысты мастацкай творчасці.
    У сваім працоўным станаўленні Алена Дубойская вельмі ўдзячна свайму калегу Валянціну Іўковічу – рэжысёру ўсіх ранейшых святаў на Століншчыне, арганізатару агітбрыгады «Вестники», слава аб якой распаўсюдзілася за межы раёна і вобласці і даляцела да будоўлі стагоддзя – Байкала-Амурскай магістралі. Валянцін Аляксандравіч і на заслужаным адпачынку наведваецца да калег, каб абмеркаваць падзею ці нешта слушнае параіць.
    Сёння работу па духоўным і культурным развіцці на Століншчыне вядуць тры дзіцячыя школы мастацтваў, дзве музычныя школы мастацтваў, раённы краязнаўчы музей і тры яго філіялы, 55 устаноў культуры, з іх атрымалі развіццё новыя тыпы клубных устаноў – у в. Гарадная паспяхова працуе Цэнтр ганчарства, у в. Цераблічы – Цэнтр драўлянай скульптуры, у вёсках Атвержычы і Мачуль – сельскія дамы фальклору, у аграгарадках Рамель і Альшаны – Цэнтры культуры і вольнага часу. Працуе аўтаклуб.
    З 2008 года на базе Цэнтра ганчарства раз у два гады праводзяцца міжнародныя пленэры ганчароў. У 2018 годзе там прайшоў шосты пленэр. За час існавання Цэнтра ганчарства тут пабывала вельмі шмат экскурсій, сярод якіх госці з Галандыі, Шатландыі, Англіі, Германіі, Італіі, Францыі, жыхары Масквы і Санкт-Пецярбурга, Растоўскай вобласці і Азербайджана, Мінска, Брэста, Гродна і іншых гарадоў.
    Добрай традыцыяй стала правядзенне масавых мерапрыемстваў, аснову якіх складаюць народныя святы. У г. Давыд-Гарадку штогод праводзіцца ўнікальны старадаўні зімовы абрад «Конікі», якому сёлета нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Далейшае развіццё нацыянальнай культуры, элементаў яе самабытнасці праяўляецца і ў ходзе правядзення святаў Масленіца, Тройца, Купалле, Дажынкі, свята журавін ў в. Альманы. Сталі традыцыйнымі правядзенне святаў гарадоў Століна і Давыд-Гарадка, вёсак і вуліц, раённы конкурс сучаснага эстраднага мастацтва «Зоркі Палесся», творчыя справаздачы калектываў аматарскай творчасці, масавыя гулянні.
    У раёне працуе 18 калектываў са званнем «народны, «узорны», тры з іх заслужаныя – заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль народнай музыкі «Выцінанка» і заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны хор «Крыніца» Столінскага ГДК, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны інструментальны ансамбль «Брыз» Столінскай дзіцячай школы мастацтваў. Сваёй плённай дзейнасцю яны ўмацаваюць творчы патэнцыял Століншчыны, развіваюць культуру і захоўваюць духоўную спадчыну продкаў.

    Галіна
    ГАШЧУК

    Автор публикации

    не в сети 4 часа

    admin

    Комментарии: 0Публикации: 2270Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Яндекс.Метрика