• ru
  • by
  • 27 мая

    USD

    EUR

    Столин

    16C

    Напярэдадні свайго юбілею старшыня Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Іван Наскевіч разважае аб сваёй малой радзіме

    27.03.2020

    1224

    1

    Цераблічы ў маім сэрцы

    Напярэдадні свайго юбілею старшыня Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Іван Наскевіч разважае аб сваёй малой радзіме.

    Пра вёску

    Цераблічы – вёска вялікая. Насельніцтва каля тысячы чалавек. Колькі памятаю, заўсёды было столькі людзей. Гэта частка Палесся своеасаблівая – адсюль, у прынцыпе, людзі нікуды не з`язджаюць. Па-першае, людзі вельмі прывязаны да зямлі, да сельскай гаспадаркі. Тут яны самастойныя – у іх свае парнікі, агуркі, яны бяруць у арэнду зямлю. Па-другое, тут такі куток, ён адрэзаны ад вялікіх дарог, чыгункі. Можа менавіта таму людзі і застаюцца – як 40 гадоў назад жылі амаль 1000 чалавек, так і зараз. Хаця пэўныя тэндэнцыі да зніжэння колькасці насельніцтва ўсё ж ёсць. Калі я хадзіў у школу – васьмігодку на той час – было 120-140 вучняў, а зараз у новай, сярэдняй, школе, якую адкрываў Прэзідэнт, навучаецца толькі 100 школьнікаў. Дзяцей менш становіцца.

    Пра сям’ю

    Ва ўсіх пакаленнях, колькі я ведаю, мая сям’я жыла ў гэтай вёсцы – мае бацькі, бацькі маіх бацькоў. Толькі па лініі мамы майго бацькі ўсе родам з суседняй вёскі Аздамічы. Цікавы факт – гадоў 10 таму, калі старэйшая дачка хадзіла ў 3-4 клас, у школе папрасілі зрабіць радавод, хаця б да пакалення дзядуль-бабуль. У класе ўсе школьнікі зрабілі так, як было зададзена. Мне ж стала цікава даведацца пра свой род. А капну я колькі магчыма! Так вось удалося да сёмага пакалення дакапацца. Яшчэ была жывая мая бабка, яна была пры фенаменальнай памяці і дапамагла. Прычым да шостага пакалення былі нават фатаграфіі радні. На пачатку стагоддзя быў перапіс і кожнага фатаграфавалі. Дык вось у бабкі захаваліся гэтыя здымкі. Невялікія фатаграфіі прыкладна 3х4 на шыльдачках з прозвішчамі на грудзях.
    Бацькі займаліся сельскай гаспадаркай – бацька ўсё жыццё працаваў на трактары, ён нават заслужыў ільготную пенсію, а мама заўсёды працавала ў калгасе. Па сённяшні дзень уся радня ў вёсцы жыве. Толькі два браты выехалі – адзін у Столін, другі – у Пінск.
    Мая жонка не мясцовая, не вясковая – яна з Пінска. Яе бацькі зусім з іншай мясцовасці. Але стала цікава пашукаць і там. Было складана, толькі да пятага пакалення дайшлі. Дзіця як занесла гэтае сямейнае дрэва ў школу, дык усе настаўнікі надта здзівіліся.

    Пра паездкі на радзіму

    Не так часта ўжо бываю, як хацелася б. Стараюся разы тры-чатыры на год трапіць. Калі прыязджаю, то заўсёды сустракаемся з раднёй. У нас вельмі дружная сям’я, усе адзін аднаго падтрымліваюць. Колькі памятаю, ніколі ў нас не было сярод сваякоў нейкіх спрэчак ці сварак. Нават нясціпла можа скажу – паказальна дружны род.

    Аб прадпрымальнасці

    Я скончыў школу з медалём і, можа скласціся меркаванне, павінен быў увесь час займацца ўрокамі. Але такія былі распарадак і сістэма адукацыі, што я больш чым паўтары гадзіны з падручнікамі не сядзеў. Хапала часу на ўсе – трэба было і бацькам дапамагчы, і пагуляць паспець. У той час – 70-80-я гады – на сяле было складана. На пачатку вясны жаночая палова раз’язджалася па Саюзе гандляваць насеннем, прывозілі добры заробак. А ў маі-чэрвені ўся мужчынская палова вёскі раз`язджалася амаль на ўсё лета на пасяўную, уборку і іншыя работы. Людзі ў гэтай мясцовасці прадпрымальныя, не прывыклі сядзець на месцы.

    Аб выхаванні

    Гэта я пра што? Паехаў бацька на ўсё лета, а гаспадарка дома застаецца. А яна ладная – заўсёды была карова, а то і дзве, свінні з парсюкамі, гусі, каля 40 курэй. Яшчэ ж і конь быў. І ўсіх трэба было даглядаць, корм нарыхтоўваць. І я, напэўна, гадоў з 12 мог спакойна дзялянку травы выкасіць. Што такое «не хачу», «не магу»? Я не памятаю і не ведаю такіх слоў з дзяцінства. Ёсць слова «трэба». Сёння не накосіш цяляці травы – заўтра яно захварэе. А з 14 гадоў я ўжо поўнасцю ў кампаніі з мужыкамі станавіўся ў рад і касіў. Адставаў ці не – не так важна. Я не буду хваліцца, але, тым не менш, дзеці прыязджалі не дурэць, а працаваць. У шэсць раніцы ўставалі, дзень касьба, вечарам дадому вярталіся.
    Зараз дзеці не такія – паўгадзіны папрацуюць і кажуць: «Я стаміўся». Што такое стаміўся? Як ты стаміўся? Тут людзі прыехалі працаваць і права пайсці адпачываць, калі ўсе працуюць, у цябе проста не было. Так, можна было тэмп знізіць, але ніяк не легчы і ляжаць. Такія былі прынцыпы выхавання ў тыя часы ў вёсцы.
    Самая цяжкая пара – восень. Пара ўсё спарадкаваць: бульбу капаць, убіраць іншую гародніну. Я не любіў гэта рабіць. Як успомню, што трэба было тыдзень, а то і два прастаяць у полі, нахіліўшыся да зямлі, дык аж зараз дрыжыкі бяруць. Але зноў жа пытанне «хачу» – «не хачу» не ўзнікала.

    Пра ўспаміны

    З дзяцінства запомнілася сала. Як Прэзідэнт казаў: «Калі не возьмеш з сабой у поле сала, то там няма чаго рабіць». Сала, хлеб і памідоры або агуркі – вось і ўся ежа ў вёсцы падчас палявых работ. Добра памятаю, што заўсёды, асабліва да сенакосу, стараліся захаваць, зберагчы «карук», або «багук», як яго яшчэ называюць. Гэта вяленае мяса, якое звычайна рабілі да Вялікадня. Але абавязкова захоўвалі да лета, на сенакос. Яно неверагоднага смаку прадукт, які выдатна падыходзіў для падтрымання сіл на сенакосе. Зараз ужо так мала хто робіць – сена не косяць самі, табе яго і накосяць, і прывязуць, толькі плаці. А як жа: тэхніка ступіла наперад – і бульбу ніхто ўручную ў вёсцы не капае.
    Пра настаўнікаў
    Юрыстаў у вёсцы ў нас не было, але гуманітарную накіраванасць маёй далейшай дзейнасці вызначыў настаўнік гісторыі Фёдар Міхайлавіч Шпакевіч, пасля ён стаў маім сябрам. Яшчэ і дагэтуль у школе працуе. Гэта вельмі прывабны чалавек, ён на наш клас – шосты-сёмы прыкладна – вялікія надзеі ўскладаў як малады спецыяліст. Разам з ім мы стварылі школьны музей, шмат падарожнічалі пешшу і на веласіпедах. Гэта ж і партызанскі край. І ў першабытныя часы тут былі стаянкі старажытных людзей. Усё гэта мы вывучалі з настаўнікам, знаходзілі каменныя сякеры, наканечнікі стрэл. Падчас адкрыцця школы Прэзідэнтам, дарэчы, Фёдар Міхайлавіч падарыў Кіраўніку дзяржавы адну каменную сякеру з эпохі неаліту з нашай калекцыі.
    Ён не быў класным кіраўніком, але цяпер, праз гады, я разумею, што менавіта ён прывіў мне гэту любоў да гуманітарных навук. Заўсёды, калі прыязджаю ў вёску, стараюся з ім убачыцца.

    Пра мясцовы музей і яго захавальніка

    Ёсць яшчэ адзін цікавы чалавек у вёсцы – наш бібліятэкар, стваральнік музея народнага быту – Іван Піліпавіч Супрунчык, народны майстар Беларусі, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне». Ён сякерай па-мастацку высякае скульптуры з дрэва, добра малюе.
    Які след ён пакінуў у маім жыцці? Раней усе чыталі шмат кніг. Для мяне «праглынуць» за суткі кнігу было нескладана. І вось заўсёды чакаеш новага паступлення – як правіла, адзін раз у месяц новая партыя кніг паступала. У мяне з бібліятэкарам было так званае джэнтльменскае пагадненне – дапамагаў яму ўнесці ў фармуляр новыя кнігі, праштампаваць іх, а ён замест гэтага даваў права ўзяць іх першаму.
    Вы не ўяўляеце сабе, якім аўтарытэтам ты карыстаўся, калі першым чытаў цікавую кнігу. На здзіўленне, шмат у той час чыталі людзі, але, на вялікі жаль, сёння літаратура мала цікавіць моладзь…

    Аб захапленнях

    Заўсёды гулялі ў футбол. Вёска была вялікая, умоўна падзеленая на раёны. У кожным з іх было сваё так званае футбольнае поле. У свабодны час усе захапляліся гульнёй. Паміж раёнамі нават былі свае чэмпіянаты – 5-6 каманд, як правіла, было. Прызы? Гэта ўсё ўмоўна. Сам факт перамогі – гэта ўжо ганарова.
    Яшчэ ў вёсцы па-асабліваму адзначалася Купалле. За месяц да святкавання вёска «зачышчалася» поўнасцю. Усё, што дрэнна ляжала, збіралася ў кучу – пакрышкі, старыя чаравікі, смецце, усё, што добра гарыць. Зноў жа кожная частка вёскі рыхтавала свой агонь, гэткае спаборніцтва агнёў было. Агонь быў да 20 метраў уверх. Гэта відовішча – усё сяло збіралася на ўскраіну вёскі да ракі.

    Пра канфлікты

    Паколькі вёска была вялікая і ўмоўна падзелена на раёны, канфліктаў было не пазбегнуць. Самы гарачы час зноў жа прыпадаў на Купалле. Вечарам кампаніі хлапчукоў перацягвалі падрыхтаваныя для агню колы і гуму адзін у аднаго. Даходзіла да сутычак – біліся, па паўгода не размаўлялі. Але летнія чэмпіянаты па футболе мірылі ўсіх. Неяк усё было без злосці, культурна, без траўм…

    Пра дапамогу вёсцы

    Важна, каб чалавек, які нечага дасягнуў у жыцці, ведаў свае карані, не забываў іх і зрабіў нешта для роднага кутка. Старыя людзі памятаюць, што раней у Цераблічах быў храм, недзе ў архівах нават ёсць фатаграфіі. Але потым царква згарэла, аднавіць яе не ўдалося, і людзям даводзілася многія дзесяцігоддзі хадзіць на службу ў Аздамічы. Вяскоўцы спантанна аб’ядналіся і ў Цераблічах пяць гадоў таму з’явілася свая царква. Многія прадпрыемствы аказалі дапамогу, калгасы падключыліся, але асноўны ўклад зрабілі людзі. Я таксама аказваў пэўную дапамогу ў арганізацыйных пытаннях, у афармленні дакументаў, пошуку мецэнатаў. І вось ужо вёску немагчыма ўявіць без храма, у якім, дарэчы, заўсёды шмат людзей.
    Аднойчы, калі я быў у бацькоў, да мяне прыйшлі людзі – мае землякі. І выказалі агульнае меркаванне, што ёсць праблемы з грамадскім транспартам. Пачаў разбірацца з-за чаго, аказалася, з-за таго, што на працягу 4,5 км ад вёскі да раённага цэнтра – гравійка. Таму і цяжкасці з аўтобусамі. І вось разам з абласнымі і раённымі ўладамі мы вырашылі пытанне аб будаўніцтве асфальтаванай дарогі і ўжо больш за год гэты ўчастак прымае грамадскі транспарт.
    Летась удалося дапамагчы вяскоўцам з будаўніцтвам жалезабетоннага моста цераз Льву, невялікую, але каварную рачулку. І цяпер дарога ў лес для ўсіх адкрыта!
    У планах на 2020 год дапамагчы лю-дзям з завяршэннем асфальтаванай дарогі паміж вёскамі Альгомель і Аздамічы, нашымі бліжэйшымі суседзямі. Гэту работу мы пачалі ў мінулым годзе, але не паспелі завяршыць.
    Падкрэслю аднак, што ці былі б 2018 год і далей трохгодка аб’яўлены пад знакам Года малой радзімы ці не, дарогі і мост я ўсё роўна дапамог бы зрабіць. Гэта павінна быць для людзей і без напаміну акцыямі, усё павінна ісці ад сэрца.

    Аб малой радзіме

    Сёння шмат спекуляцый на гэту тэму. Ці існуе яна ў прынцыпе або паняцце Радзімы адно – гэта краіна, дзе ты нарадзіўся? Не ведаю. Ёсць месца, дзе ты жывеш, і месца, дзе ты нарадзіўся. Усе яны родныя ў нейкай меры. Але для мяне малая радзіма гэта ў першую чаргу месца, дзе жывуць бацькі і дзе жыве мой род. Хочаш або не хочаш, гэта месца, як магніт, прыцягвае. Ну як можна не з’ездзіць да бацькоў, якія цябе выгадавалі і выхавалі? Гэта, на мой погляд, ненатуральна, гэта – грэх. Сябе пастаянна дакараю за тое, што ў мяне так рэдка атрымліваецца ездзіць дадому.

    Гутарыў Аляксандр Іваноў

    Автор публикации

    не в сети 33 минуты

    admin

    Комментарии: 0Публикации: 2922Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Яндекс.Метрика