13 июля

USD

EUR

Столин

12C

Кветкі – мая душа — Ніна Мікалаеўна Скулавец з аграгарадка Кароцічы

28.05.2020

232

0

Завітаць да Ніны і Вячаслава Скулаўцоў з аграгарадка Кароцічы мне параіла сястра. Маўляў, уразіла прыгажосць і парадак у двары і каля сядзібы. Але лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць, таму збіраюся ў госці.
І сапраўды, ужо знадворку відаць, што ў гэтым доме жывуць сапраўдныя гаспадары. Ніну Мікалаеўну сустрэла з яе любімай прыладай працы ў руках – граблямі. Жанчына збянтэжана заўсміхалася, што не пры парадзе, але з задавальненнем правяла экскурсію па сваім дворыку.


– Кветкі – мая душа, –дзеліцца гаспадыня. – Мне прыносіць задавальненне працаваць на зямлі. Радуюся, калі бачу, як мае расліны ўзыходзяць і пачынаюць цвісці. Многія кветкі стараюся разводзіць сама. Вось у вазонах на ганку петуніі асабіста садзіла, хоць справа гэта вельмі складаная: насенне нагадвае манную крупу і трэба пастарацца, каб з яго атрымалася прыгожая кветка. Клемацісы таксама вельмі люб-лю, у мяне некалькі гатункаў ёсць. Разводзіла з чаранкоў, як і вейгелу, самшыт, брызгліну, туі. Вось толькі ружы ніяк не атрымліваецца развесці, але я паспрабую яшчэ. У гэтым годзе вырашыла пасадзіць хрызантэмы, набыла таксама самы навейшы гатунак – мультыфлора, які расце выдатна як у вазоне, так і ў адкрытым грунце. Праўда, каб палюбавацца імі – давядзецца прыехаць восенню (смяецца). А вось ружовыя півоні хутка пачнуць агортваць сваім водарам. Гартэнзіі палюбіла, у гэтым годзе мяцёлчатую набыла. Ёсць у маім кветніку фарзіцыя, спірэя, фуксія, бягонія, прымула. Абажаю ландышы, якія вяртаюць у дзяцінства. Падабаюцца хосты,  якія доўга застаюцца зялёнымі. Ды і да ўсіх кветак я не абыякавая, таму многа часу праводжу ў сваіх кветніках і на клумбах. Гэта маё.
– Заўважыла, што ў вас вельмі незвычайныя і прыгожыя вазоны і кашпо для кветак. Падкажыце, дзе іх набыць?
– Нідзе, я іх сама зрабіла, – адказвае Ніна Мікалаеўна. – Каля пяці гадоў таму захапілася пляценнем з газетных трубачак. Падгледзела тэхніку ў інтэрнэце і пачала спрабаваць. Я, увогуле, калі загарэлася ідэяй, то адразу бяруся за справу. Прыходжу дадому пасля парніка ці агарода і яшчэ вечар кручу трубачкі. Пачала плесці карзіны, кошыкі для рознай дробязі. А потым падумала, якімі прыгожымі былі б вазоны для кветак!  Каб яны не псаваліся ад дажджу, апрацоўваю іх спецыяльным яхтным лакам, які выкарыстоўваюць для лакіравання корпуса і ўнутранай ашалёўкі драўляных яхт і караблёў. Ён адрозніваецца гнуткасцю і моцнасцю пакрыцця. Праўда, па цане ён зусім не танны, але гэта таго каштуе. Цяпер маім вазонам нават снег не страшны. А яшчэ ў мяне ёсць вазоны з… лінолеума. Яны таксама трывалыя і выглядаюць нібы з дрэва. Усе так думаюць, хто бачыць упершыню.
Рукі ў Ніны Мікалаеўны заўсёды былі ў рабоце. Сваю першую сукенку пашыла ў 10-ым класе. Пасля заканчэння школы паступіла ў Брэсцкае дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 26 швейнай вытворчасці імя Д. М. Карбышава, якое скончыла з чырвоным дыпломам. У 1985 годзе вярнулася на малую радзіму і ўладкавалася швачкай у КБА ў Кароцічах, працавала на працягу 13 гадоў, пакуль яго не зачынілі.
– Бывае, гляджу – ідзе бабулька, а на ёй кофта, якую я пашыла, – успамінае жанчына. – Гэта зараз што хочаш можна купіць у магазіне і нават праз інтэрнэт, а раней набыць тканіну для сукенкі было за шчасце. Людзі запісваліся за месяц, каб пашыць святочны ўбор. Былі такія выпадкі, што і ўначы даводзілася карпець над швейнай машынкай. Але ўдзячнасць людзей таго каштавала.
Пазней Ніна Мікалаеўна загарэлася жаданнем навучыцца вязаць. Шкарпэткі, шапкі, безрукаўкі і нават сукенкі  выходзілі з-пад пруткоў часта. Асабліва шанцавала маленькай дачушцы Лідачцы, якая была самай моднай у класе.
На ўваходзе ў дом ляжыць прыгожы дыванок, які гаспадыня зрабіла з розных кавалкаў тканіны. Жанчына вырашыла такім чынам падарыць другое жыццё старому адзенню. А на вышытым сваімі рукамі ручніку выносіла хлеб на вяселлях сваіх дзяцей. Ёсць многа вышытых карцін, адна з любімых – вышытыя крыжыкам львы.
Дом Ніны Мікалаеўны, як і яе дворык, утульны і напоўнены цяплом.
Да пары жонцы і муж – Вячаслаў Міхайлавіч, у якога таксама залатыя рукі, што відаць адразу: прыгожая альтанка і арэлі размясціліся каля дома, а ўсе кветкі і дрэўцы надзейна абаронены ад ветру зробленымі яго рукамі падпоркамі. Дарэчы, 23 мая – 35 гадоў, як Ніна Мікалаеўна і Вячаслаў Міхайлавіч крочаць разам па жыцці.
Гонар для любой сям’і – дзеці. Сын Вячаслаў скончыў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь, а потым Інстытут нацыянальнай бяспекі. Зараз разам з сям’ёй жыве і працуе ў Лідзе. Да бабулі хутка прыедуць унукі Кірыл і Кацярына. А дачка Ліда – наша калега, працуе намеснікам рэдактара газеты «Край Смалявіцкі», на старонках якой таксама з’яўляліся кветкі, якія растуць каля бацькоўскага дома.
– Вось і ў нашу газету трапіла, – смяецца Ніна Мікалаеўна.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Автор публикации

не в сети 4 часа

admin

Комментарии: 1Публикации: 3190Регистрация: 17-05-2019

Обсуждение

Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

Разработка сайта

Яндекс.Метрика