• ru
  • by
  • 4 июля

    USD

    EUR

    Столин

    17C

    Жалезных спраў майстар

    23.06.2020

    153

    0

    У нашай газеце мы часта расказваем пра работнікаў сельскай гаспадаркі – механізатраў, камбайнераў, вадзіцеляў. А на гэты раз хачу пазнаёміць чытачоў з Віталем Леськам – зваршчыкам ААТ «Кароцічы».
    Віталь Адамавіч працуе ў гаспадарцы ўжо 18 гадоў. Прыйшоў сюды пасля заканчэння Столінскага ПТВ-164. Спадабаўся кіраўніцтву, бо рукі ў яго сапраўды залатыя. Што ні зробіць – хоць на выставу адпраўляй. Зрабіў вароты на ўездзе на мехдвор і ў гаражы. Сваімі рукамі зварыў два новыя прычэпы для трактароў, на якіх ў гаспадарцы зараз возяць сянаж. І нават бочкі для смецця зроблены ім. Калегі не нахваляць Віталя Адамавіча, бо ведаюць, што для яго няма невырашальных задач.
    – Мне проста падабаецца тое, чым займаюся, – сціпла адказвае мужчына. – Упэўнены, у любой прафесіі важна, каб быў інтарэс. Інакш нічога не атрымаецца. Улетку да мяне звычайна прыходзяць выпускнікі ліцэя і я адразу магу сказаць, будуць яны працаваць альбо не. У асноўным адрабляюць назначаны тэрмін, а далей займаюцца іншай справай. Але ёсць і здольныя хлопцы, якім падабаецца гэтая прафесія. Са зваркай трэба быць вельмі асцярожным, бо адзін няправільны рух – і можа здарыцца бяда. Хачу сказаць, што ў нас цудоўны кіраўнік, падтрымлівае мае прапановы і ідэі. Калі патрэбен матэрыял, затрымак не бывае.
    Акрамя работы, паспявае Віталь і дома парадак трымаць. Веснічкі і вароты таксама зварыў сам. Усё імкнецца даводзіць да толку, бо працаваць спусціўшы рукавы не ў яго характары.
    – Лепш патраціць больш часу і зрабіць якасна, чым потым сто разоў перарабляць, – лічыць ён. – Ды і ў маёй рабоце хібы недапушчальныя. Не дай Бог, у прычэпе адпадзе што па дарозе, тады людзі могуць атрымаць траўмы. І гэта ўжо будзе цалкам мая віна. Пакуль я не ўпэўнены ў тым, што ўсё баздакорна, – не здаю ў эксплуатацыю.
    – А вашы вочы не пакутуюць? – пытаю ў зваршчыка.
    – Не, пакуль «адзінкі» на абодвух воках, – смяецца Віталь. – Я заўсёды выконваю тэхніку бяспекі і працую ў спецыяльных акулярах. І сваім практыкантам адразу кажу: меры асцярогі на першым месцы.
    Акрамя таго, што Віталь Леська добры майстар, ён яшчэ выдатны сем’янін. Разам з жонкай Галінай жывуць у сваім доме ў Лутках. Восенню адзначаць 15 гадоў з дня шлюбу. У сям’і падрастае памочніца – дачка Лізавета.
    Калі выдаецца вольны час, усе разам любяць пасмажыць шашлыкі на мангале, які, правільна, таксама сваімі рукамі зварыў гаспадар.
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Автор публикации

    не в сети 5 часов

    admin

    Комментарии: 1Публикации: 3142Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Яндекс.Метрика