15 июля

USD

EUR

Столин

21C

Вялікая сям’я – вялікае шчасце — Аляксандра Скрабейка, уладальніца ордэна Маці з аг. Альшаны

30.04.2020

806

0

У гэтым упэўнена Аляксандра Скрабейка – уладальніца ордэна Маці з аграгарадка Альшаны, з якой мы сустрэліся якраз у час уручэння. Гэтая жанчына – шчаслівая маці шасцярых дзяцей, якіх пяшчотна называе сонечнымі промнямі.

Старэйшай Галіне – названай у гонар бабулі – ужо 11 гадоў. Дзяўчынка спакойная і не па гадах разважлівая. Яна галоўная маміна памочніца, дапамагае як з малымі няньчыцца, так і на кухні гаспадарыць. Мішка – таксама названы ў гонар двух дзядуль – вучыцца ў 3-ім класе. Умее за сябе пастаяць і ўжо поўным ходам дапамагае бацьку ў мужчынскіх справах: і дроў прывезці ў парнік, і веласіпед парамантаваць. Першакласнік Сяргей – яшчэ той весялун, абажае жартаваць і яго залівісты смех чуваць яшчэ з двара. У школу ходзіць з ахвотай, хоць прызнаецца, што больш падабаецца з сябрамі час бавіць, чым над сшыткамі карпець. Пяцігадовая Валянціна ходзіць у дзіцячы садок. А самыя малодшыя ў сям’і – двухгадовая Наташка і Іван, якому толькі тры месяцы. Таму зусім не сумна ў доме сям’і Скрабейка. Аляксандра жартуе, што ўжо навучылася адпачываць пад дзіцячы гоман.
– Зараз у нас гарачая пара як у прамым, так і ў пераносным сэнсе, – кажа яна. – Палім печы ў парніку, таму радуемся кожнай хвіліне, калі можна адпачыць. Я пераважна з дзецьмі, а вось муж стамляецца моцна. Калі прыходзіць у дом, то прашу малых, каб крыху цішэй гулялі. Але дзеці ёсць дзеці – у іх свае правілы.
Аляксандра і Мікалай у шлюбе 12 гадоў, з якіх дзесяць жывуць у сваім доме. Будавалі самі, без крэдытаў, дапамагалі бацькі.
– У Альшанах так заведзена: калі адзін з дзяцей ажаніўся, то ўсе разам будуюць дом. І так усім дзецям. Калі ўсе агулам дапамагаюць, то справа ідзе хутчэй. Вось чаму многія людзі, якія прыязджаюць у наш аграгарадок, здзіўляюцца. Маўляў, адкуль такія дыхтоўныя сядзібы з’яўляюцца, як грыбы пасля дажджу. Нашы дзеці пакуль малыя, але мы з мужам таксама задумваемся пра іх будучыню. Безумоўна, мы не ведаем, што яны выберуць – застацца ў Альшанах ці ўладкавацца ў горадзе, – але ў любым выпадку будзем ствараць для іх неабходны задзел, каб было лягчэй стаць на ногі. Думаю, гэта правільна.
Пакуль жа даём наказ дзецям, каб яны добра вучыліся і імкнуліся атрымаць адукацыю. Усё ж парнікі і палі – гэта не надта надзейная крыніца даходу. Да слова, агуркі былі ўчора ўсяго па 1 рублю і 50 капеек, хоць у мінулым годзе кошт за кілаграм быў у два разы большы. І невядома, што далей будзе, тым больш сітуацыя зараз ва ўсім свеце непрадказальная. А калі ёсць прафесія і работа, то дакладна без кавалка хлеба не застанешся. Адно толькі засмучае, што працоўных месцаў у нашым раёне не хапае. Вось мы жывём на вуліцы, на якой нашымі суседзямі ў сваёй большасці з’яўляюцца маладыя і мнагадзетныя сем’і. Таму думаю, што ў будучыні пытанне аб працаўладкаванні будзе стаяць востра. Трэба разглядваць усе магчымыя варыянты, а самае галоўнае – добра вучыцца. Бо, як гаворыцца, адукацыю за плячамі не трэба насіць.
– Аляксандра, а якія каштоўнасці вы прывіваеце сваім дзецям?
– Самае галоўнае, каб цанілі сваю сям’ю. У нашым хуткаплынным жыцці мы часта не заўважаем, як бяжыць час. Бо за ім бяжым і мы. Адно трэба зрабіць, другое паспець, тое закончыць. Такі кругаварот знаёмы кожнаму. Але як важна ў ім знаходзіць час для дарагіх сэрцу людзей, знаходзіць магчымасць спыніцца і назіраць за жыццём. Мы часта збіраемся ў маёй маці, якая накрывае вялікі стол і гатуе свае каронныя стравы. Я шчаслівая, што ў мяне вялікая сям’я. І нідзе не адчуваю сябе так добра, як ў яе коле.

Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Автор публикации

не в сети 2 часа

admin

Комментарии: 1Публикации: 3207Регистрация: 17-05-2019

Обсуждение

Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

Разработка сайта

Яндекс.Метрика