• ru
  • by
  • 27 февраля

    USD

    EUR

    Столин

    5C

    У лесе адпачываю душой

    11.02.2020

    270

    0

    Алена ўзрадавана паглядзела на бацьку. Нарэшце яны едуць на Пераколле – прыгожае месца на ўлонні прыроды за яе вёскай Цераблічы. Бацька пакрысе рыхтуецца, складае патрэбныя рэчы ў машыну. Дзяўчынка цярпліва чакае і назірае, як промні сонца скачуць па даху іх хаты.
    Лес вабіць яе сваёй цішынёй і, здаецца, там жыве казка. А яна ў ім – лясная фея.
    Цяпер гэтая дзяўчынка Алена Сямейка – інжынер па лесакарыстанні дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Палескі лясгас» і па выніках мінулага года прызнана «Маладым чалавекам года» ў галіне эканомікі і прамысловай вытворчасці.
    Яна бездакорна ведае палажэнні, загады, інструкцыі, іншыя матэрыялы і нарматыўныя дакументы вышэйстаячых органаў па пытаннях лесакарыстання.
    Валодае Лясным кодэксам, асновамі эканомікі, арганізацыі вытворчасці, працы і кіравання.

    Арганізуе выкананне работ па ўсіх відах лесакарыстання – высечкі галоўнага карыстання, высечкі догляду лесу, нарыхтоўкі другарадных лясных матэрыялаў. Удзельнічае ў складанні вытворча-фінансавага плана лясгаса, а таксама ў распрацоўцы і выкананні мерапрыемстваў па ўсіх відах лесакарыстання. Кантралюе якасць адвядзення лесасек і захаванне патрабаванняў заканадаўства па ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным карыстанні прыродных рэсурсаў, а таксама правілаў і нормаў аховы працы і пажарнай бяспекі на работах па лесакарыстанні. Аналізуе і сістэматызуе даныя па лесасечным фондзе. Афармляе лесарубныя білеты на дазвол высечкі, ордэры на водпуск лесу на пні, білеты на ўсе віды пабочнага карыстання лесам і многае іншае.
    Алена цяпер на работу ідзе ў прыгожай форме і да яе звяртаюцца па імені і імені па бацьку. Але, як і раней, яна любіць прыязджаць у сваё любімае Пераколле, дзе адпачывае душой. Бацька Іван Іванавіч, які паказаў сваёй дачцэ хараство лесу і навучыў пра яго клапаціцца, дагэтуль працуе вадзіцелем у Сцвіжскім лясніцтве. І ён ганарыцца сваёй Леначкай. Толькі яна сярод яго чатырох дзяцей пайшла па лясной сцяжынцы.
    – У лесе зусім па-іншаму адчуваеш рэчаіснасць, здаецца, там спыняецца час, – кажа Алена. – Але ў адрозненні ад сябе маленькай, якая свята верыла ў казку, зараз я разумею, што лес – гэта адзіны вялікі жывы арганізм, які трэба даглядаць, які патрэбна берагчы і захоўваць. І я вырашыла звязаць сваё жыццё з гэтым заняткам.
    Пасля заканчэння Церабліцкай сярэдняй школы Алена паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на лесагаспадарчы факультэт. Усе практыкі праходзіла ў Палескім лясгасе, але калі прыйшоў час размеркавання, яна магла па-ехаць аж у Віцебскую вобласць. Захваляваліся бацькі: гэта ж так далёка! Ды і Алена засмуцілася, таму выбрала другі прапанаваны варыянт – застацца на кафедры і скончыць магістратуру. Кіраўніцтва Палескага лясгаса, бачыўшы ў Алене Сямейка перспектыўнага, а галоўнае – зацікаўленага ў сваёй рабоце спецыяліста, накіравала запыт ва ўніверсітэт і 1 жніўня 2017 года працаўладкавала яе.
    – Многія пыталі мяне, чаму выбрала гэтую… мужчынскую прафесію. Маўляў, па лесе хадзіць у гумавых ботах не надта прыгожа, – смяецца Алена. – А я сваю прафесію лічу рамантычнай. Безумоўна, мне многа даводзіцца працаваць з дакументацыяй, многа падлічваць і аналізаваць. Але я ўпэўнена, што выконваю важную справу. Нездарма ж лес называюць нашым скарбам.
    – Значыць, ты ведаеш, колькі дрэў расце на тэрыторыі лясніцтва? – здзіўляюся я.
    – Не. Гэтым займаецца іншая арганізацыя – лесаўпарадкавальнае РУП «Белдзяржлес», якое раз у 10 гадоў прыязджае сюды і да-следуе наш лясны фонд. Задача Палескага лясгаса – абараніць лес ад шкоднікаў і ад… людзей. На жаль, сярод іх ёсць такія, якія да лесу ставяцца па-варварску: высякаюць, парушаюць правілы збору грыбоў і ягад, выкідаюць смецце і нават здохлых жывёлін. Асабліва шчыміць сэрца, калі лес гарыць. Як спецыяліст ведаю, наколькі гэта вялікі ўдар для расліннага і жывёльнага свету. У мінулым годзе буйныя пажары пачаліся ў красавіку. Тады я якраз была на сесіі (Алена атрымлівае другую вышэйшую адукацыю ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь – аўт.) і глядзела гэтыя жудасныя відэа пажару ў інтэрнэце. Калі прыехала, мне даводзілася выязджаць на месца пажараў і аналізаваць колькі ўрону нанесена прыродзе. Памятаю, як шкадавала малады лес, якому было каля 30 гадоў. 50 гектараў згарэла…
    Да таго ж аслаблены лес вельмі ўспрымальны да розных хвароб і шкоднікаў, якіх існуе сотні. Таму лес зберагчы – гэта задача складаная, але вельмі важная, – упэўнена Алена.
    Яна хоць і жыве ў Давыд-Гарадку, часта бывае ў родных Цераблічах. У вольны час аддае перавагу спакойнаму адпачынку і, канешне, з задавальненнем ходзіць у лес у грыбы і ягады. Асвоіла алмазную вышыўку і за гэтую зіму зрабіла вялікі малюнак ваўчыцы. У мінулым годзе наведала Закарпацце, дзе атрымала асалоду ад адпачынку і мясцовай прыроды, асабліва стромкіх высокіх хвояў, якіх мясцовыя жыхары называюць «смэрэкі». З задавальненнем адправілася б падарожнічаць у скандынаўскія краіны.
    А сярод галоўных планаў на будучыню – стварэнне сям’і. Прыклад – яе бацькі, у сям’і якіх і праз гады пануе каханне і павага. А я шчыра жадаю Алене, каб усе яе планы і мары абавязкова здзейсніліся.
    Текст і aота
    Ганны МЕЛЬНІК

    Автор публикации

    не в сети 45 минут

    admin

    Комментарии: 0Публикации: 2325Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Яндекс.Метрика