• ru
  • by
  • 27 мая

    USD

    EUR

    Столин

    17C

    Ордэн Маці: Галоўнае, каб было здароўе

    27.03.2020

    190

    0

    З Верай Страха з Рубля пазнаёміліся пры прыемных абставінах: яна атрымлівала ордэн Маці. Гэтая жанчына выгадавала пяцярых дзяцей, якіх называе сваім самым дарагім багаццем. Мае ўжо 11 унукаў і аднаго праўнучка Кірыла. Нягледзячы на тое, што сустракаліся на жыццёвым шляху цяжкасці, Вера Лявонцьеўна не страціла аптымізму і веры ў лепшае. Упэўнена, што ўсё можна пераадолець, галоўнае, каб было здароўе.
    Нарадзілася і вырасла жанчына ў Рублі і сваю вёску лічыць самай прыгожай. Адразу пасля школы выйшла замуж за мясцовага хлопца Аляксея, з якім была знаёма з дзяцінства. Пачалі ладзіць сваю сям’ю, у якой панавалі павага і каханне. Будавалі дом, з’явіліся дзеці.
    Вера Лявонцьеўна спачатку працавала майстрам у філіяле Пінскай трыкатажнай фабрыкі імя Крупскай, які раней быў у Рублі. Калі яго зачынілі, пайшла ў калгас і доўгі час была паляводам.
    – Маладая была, усё паспявала, – расказвае жанчына. – Уставала на досвітку, спачатку сваю вялікую гаспадарку даглядала, есці гатавала, потым у калгас спяшалася. І ведаеце, на ўсё сіл хапала. Мой муж таксама працаваў у філіяле наладчыкам, потым у калгасе і на заробкі ездзіў. Добра мы з ім пражылі. У нашай сям’і было галоўнае правіла: усё вырашаць толькі разам. Таму пакрысе і дом дабудавалі, і дзяцей выгадавалі. Мне ёсць за што дзякаваць Богу.
    Разам з маладой сям’ёй таксама жылі бацькі мужа, якіх даглядала Вера Лявонцьеўна. А яны дапамагалі малых няньчыць. Першым нарадзіўся ў сям’і сын Мікалай, потым дачка Алена. Яшчэ праз некалькі гадоў з’явіліся на свет Сяргей і Таццяна. А самы меншы Арцём нарадзіўся ў 1990 годзе.
    Вера Лявонцьеўна заўжды разумела, што дзяцей мала нарадзіць, трэба іх паставіць на ногі. Працавала не пакладаючы рук, дапамагала і словам, і справай. Аднойчы здарылася бяда, моцна захварэла Алена, што нават урачы не давалі добрых прагнозаў. Востры перытаніт прыкаваў дзяўчыну да бальнічнага ложка. На каленях прасіла няўцешная маці, каб Бог дапамог. Колькі слёз праліла, толькі ёй вядома. І дачка паправілася, што можна было назваць цудам. Зараз яна працуе сацыяльным работнікам у Рублі, дапамагае састарэлым жыхарам.
    Сяргей займаецца фермерствам. Таццяна працуе памочнікам выхавальніка ў Пінску. Там жа жыве і працуе выратавальнікам сын Арцём.
    Сваіх дзяцей Вера Лявонцьеўна навучыла быць сумленнымі і добрымі. Ніколі не браць чужога і заўсёды заставацца людзьмі. Хоць усе раз’ехаліся, але часта збіраюцца ў доме сваёй маці. Прыязджаюць на Вялікдзень, Новы год, Ражджаство і іншыя святы. Стол заўсёды ломіцца ад прысмакаў, якія гатуе жанчына. Абавязкова карук, галубцы, запечаная курыца і салат «Аліўе».
    На жаль, муж Веры Лявонцьеўны ўжо тры гады, як пайшоў з жыцця. Доўга хварэў і не мог працаваць, жанчыне давялося ўзваліць усе клопаты на свае плечы. Але не наракала на жыццё, працавала і дапамагала.
    А яшчэ Вера Лявонцьеўна цудоўна вяжа. І шкарпэткі, і шалікі яе вытворчасці ёсць, бадай, у кожным доме ў вёсцы. Не пакінула і зараз свайго любімага занятку: калі ёсць вольны час, адразу за пруткі. Калі чуе, як некаторыя наракаюць на жыццё ў цяперашні час, кажа: «Не грашыце Богу». Бо ведае, як было раней і наколькі было цяжка зарабіць капейку. А каб пабудавацца, трэба было дзясяткі чэргаў адстаяць.
    Вельмі ганарыцца Вера Лявонцьеўна сваім унукам Мікалаем Страхой, якога добра ведаюць нашы чытачы. Неаднаразова матэрыялы пра яго як пра пераможцу турніраў па дзюдо друкаваліся на старонках газеты. Яму таксама бабуля перадае свае прысмакі ў Мінск, дзе ён зараз вучыцца. Яна звыкла клапаціцца пра ўсіх і дапамагаць. У гэтым і ёсць сэнс жыцця гэтай жанчыны, якая годна нясе ганаровае званне – Маці.
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Автор публикации

    не в сети 1 час

    admin

    Комментарии: 0Публикации: 2922Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Яндекс.Метрика