• ru
  • by
  • 27 мая

    USD

    EUR

    Столин

    16C

    Васіль Казёлка з Давыд-Гарадка ў мінулы аўторак прымаў віншаванні з нагоды 75-гадовага юбілею

    07.04.2020

    366

    0

    Такіх работнікаў мала

    Васіль Казёлка з Давыд-Гарадка ў мінулы аўторак прымаў віншаванні з нагоды 75-гадовага юбілею. Усё сваё жыццё ён працаваў машыністам-экскаватаршчыкам у калгасе. Як сеў за трактар у 1963 годзе, то толькі ў 2011 годзе пайшоў на заслужаны адпачынак. Без малога паўвека складае яго стаж.
    – Пэўна, каб скласці ўсё тое збожжа, што перагрузіў, то сто працэнтаў як Замкавая гара была б куча, – смяецца Васіль Іванавіч.
    Васіль Іванавіч родам з Давыд-Гарадка.
    Прыйшоў у калгас «40 гадоў Кастрычніка», які лічыўся адным з самых перадавых у раёне, адразу пасля школы. Самы першы трактар, на якім ён асвойваў землі, быў легендарны ХТЗ-15. Пасля ён перасеў на экскаватар ЮМЗ-2621, які стаў яго надзейным сябрам на доўгія гады. Ашчадна ставіўся ён да яго, своечасова рамантаваў, даглядаў па-гаспадарску. Васіль Іванавіч жыў сваёй работай, таму кіраўніцтва цаніла яго і неаднаразова адзначала на самым высокім узроўні. Амаль кожны год механізатар атрымліваў узнагароды і дыпломы. У 1974 годзе ён стаў уладальнікам бронзавага медаля Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Праз год атрымаў знак «Ударнік Х пяцігодкі». А яшчэ праз год – адну з самых галоўных узнагарод – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Ганарыцца ордэнам Дружбы народаў, які таксама атрымаў на ВДНГ.
    Многа разоў Васіль Іванавіч станавіўся пераможцам сацыялістычных спаборніцтваў. Ён – уладальнік Ганаровай Ленінскай граматы за самаадданую працу і выкананне пяцігодкі. А ў 1982 годзе атрымаў дыплом за высокае майстэрства ва ўсесаюзным сацыялістычным спаборніцтве ў гонар 60-годдзя ўтварэння СССР.
    І гэта толькі малая частка ўсіх узнагарод Васіля Казёлкі. Ён быў прыкладам для моладзі, на яго раўняліся тыя, хто прыходзіў у гаспадарку. І гэта не дзіўна, бо ў любую пару года механізатар быў пры справе. Летам працуе на ўборцы, зімой – кармы раздае, вясной – прыводзіць у парадак сельскагаспадарчыя ўгоддзі.
    Заўсёды ў страі і з баявым духам. Але мала хто ведае, што ў юнацтве Васіль Іванавіч трапіў на матацыкле ў аварыю і амаль дзевяць месяцаў лячыўся. Добрым словам успамінае хірурга Рыгора Разуванава, які ў прамым сэнсе слова паставіў яго на ногі.
    Дабро ніколі не забываецца, упэўнены юбіляр. Як ты да чалавека, так і ён да цябе будзе. У калектыве любілі Васіля Казёлку за пачуццё гумару і заўсёды цудоўны настрой. А начальнікі паважалі за вопыт і прафесіяналізм, заўсёды ставілі ў прыклад.
    – Такіх, як Васіль Іванавіч, работнікаў вельмі мала, – адзначыў у час віншавання дырэктар ААТ «Новая Прыпяць» Іван Антановіч. – Гэта ўнікальны чалавек, бо для гаспадаркі ён быў незаменны. Тады быў іншы час, калі не было столькі высокаэфектыўнай тэхнікі. Таму на першым месцы былі працавітасць і стараннасць людзей. І я ганаруся, што вы, Васіль Іванавіч, працавалі ў нас. Дай Бог вам яшчэ доўгіх гадоў жыцця і каб вы заставаліся такім жа бадзёрым і вясёлым.
    Таксама свае віншаванні перадаў раённы Савет ветэранаў, а Давыд-Гарадоцкі гарадскі выканаўчы камітэт узнагародзіў Васіля Казёлку Ганаровай граматай.
    Але ж самай вялікай узнагародай для юбіляра стала яго жонка – Ганна Іванаўна. Больш за паўвека іх сям’і, якая лічыцца адной з самых моцных у горадзе. Дачка Аляксандра працуе дыспетчарам у ЖКГ, унук Кірыл – урач у Брэсце. Мае сям’ю і сыночка Марка, якога вельмі чакаюць у госці бабуля з дзядулем. Сын Валерый працуе інжынерам па ахове працы ў ААТ «Палеская ніва».
    На заслужаным адпачынку Васіль Іванавіч не сядзіць без справы. Завіхаецца каля дома, які, дарэчы, зрабіў сваімі рукамі. У агародзе проста ідэальны парадак. Жартуе, што нават лепш за жонку спраўляецца з градкамі. Шчыра радуюся за Васіля Іванавіча і зычу здароўя на доўгія гады і многа радасці.

    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Автор публикации

    Комментарии: 0Публикации: 2922Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Яндекс.Метрика