• ru
  • by
  • 27 мая

    USD

    EUR

    Столин

    17C

    Іван Казуля ў апошні дзень сакавіка адзначыў 70-гадовы юбілей.

    03.04.2020

    166

    0

    Жыццё дадзена на добрыя справы

    Упэўнены Іван Казуля, які ў апошні дзень сакавіка адзначыў 70-гадовы юбілей.

    Не памылюся, калі скажу, што гэтага чалавека не раз добрым словам успамінаюць жыхары вёскі Сямігосцічы ды і ўсе тыя людзі, з якімі яму давялося працаваць за сваё жыццё. 10 гадоў ён кіраваў калгасам «XVII партз’езд», які зараз уваходзіць у склад гаспадаркі «Новая Прыпяць».

    Іван Іосіфавіч заўсёды слухаў і чуў людзей, бо разумеў, што ўсё ў жыцці вяртаецца бумерангам. Вось таму і гучаць тэлефонныя званкі кожныя 10 хвілін з пажаданнямі здароўя і шчасця, радасці і дабрабыту. А юбіляр слухае і на вуснах усмешка, без якой, бадай, нельга ўявіць Івана Іосіфавіча.

    Рабіць

    па справядлівасці

     

    Жыццё навучыла мяне рабіць па справядлівасці і ўмець заўсёды пастаяць за сябе. Будучы падлеткам, спрабаваў паступіць у сувораўскае вучылішча, але не прайшоў па стане здароўя. Памятаю, што засмуціўся тады вельмі. Праўда, і дома быў патрэбен. Бацькі не стала, калі мне споўнілася толькі восем гадоў. Ён быў вадзіцелем і часта браў мяне з сабой у кабіну. Гэта было сапраўдным шчасцем – патрымацца за руль. Заўсёды ў цудоўным настроі, любіў гуляць са мной і старэйшай сястрой у розныя гульні. Цудоўныя ўспаміны… Боль ад страты асабліва адчувалася з гадамі. Маці ўсяляк імкнулася нас пракарміць. Працавала на цагельным заводзе грузчыцай, таму моцна стамлялася і мы яе стараліся не турбаваць. У школе вучыўся добра, толькі некалькі чацвёрак было ў атэстаце. Праўда, аднойчы мяне выключылі са школы. Адзін з вучняў разбіў аконнае шкло, а віну злажылі на мяне. Я не пагадзіўся, бо гэта была няпраўда. Усе на ўрокі, а я за канькі і на рэчку. Маці пытае: «Чаму не ў школе?» «Выключылі!» – чэсна адказаў і распавёў, як было насамрэч. Яна выслухала, але не ганіла. Яна верыла мне і я мог ва ўсім ёй давяраць.

     

    Пачынаў з нізоў

     

    Пасля школы я працаваў лабарантам у Столінскім медыцынскім вучылішчы (зараз яго ўжо няма). Потым пайшоў служыць у армію, спачатку быў у Асіповічах у артылерыі, потым накіравалі вадзіцелем на Дангузскі палігон, што ў Арэнбургскай вобласці.

    У 1973 годзе паступіў у Мінскі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі і скончыў яго на выдатна па спецыяльнасці інжынер-механік. Пасля вучобы ўладкаваўся працаваць у раённае аб’яднанне «Сельгастэхніка». Пачынаў вадзіцелем, потым стаў майстрам лінейна-мантажнага ўчастка. Некалькі гадоў загадваў майстэрнямі і ў 1987 годзе стаў намеснікам кіраўніка аб’яднання. Магу сказаць, што работа ў «Сельгастэхніцы» вельмі многа мне дала. Паколькі гэтая арганізацыя зай-малася забеспячэннем і дастаўкай тэхнікі, дэталяў, гаручага і гэтак далей, я быў знаёмы з усімі калгасамі ў раёне. І думаў, што пра сельскую гаспадарку ведаю ўсё. Зразумеў, што памыляўся, калі стаў намеснікам старшыні калгаса «Сцяг Перамогі», што ў Церабяжове. Дагэтуль удзячны Васілю Якаўлевічу Кусту, які ўзначальваў калгас. Ён быў прыкладам адказнага і адданага сваёй справе чалавека. Потым першы сакратар Столінскага раённага камітэта  Кампартыі Беларусі Аляксандр Бокач накіраваў  мяне ў калгас «XVII партз’езд». Ну я і паехаў.

     

    «XVII партз’езд»

     

    Мяне сустрэлі людзі насцярожана, перажывалі, каб горш не было. Тады ў калгасе працавала большая частка вяскоўцаў. Землі тут былі нядрэнныя, але механізацыя была вельмі слабая.  Было дзве фермы і добра памятаю, што колькасць жывёлы складала 3,5 тысячы галоў, што было вельмі многа. Сена касілі на чацвёртую частку: адну сабе, тры – у калгас. Бульбу садзілі ўручную, пад каня. Фермы былі драўляныя, дарог не было. Відавочна, што патрэбны былі змены. Мы набылі дзве саджалкі і пачалі садзіць людзям бульбу. Купілі прэс і спецыяльныя цялежкі, якія звозілі сена з палёў. Людзі адразу адчулі, што стала лягчэй.

    Канечне, я не ведаў усіх, таму папрасіў, каб інспектар па кадрах Вольга Арлянін завяла для мяне спецыяльны сшытак, у якім падрабязна напісала, дзе і хто жыве. А карту з назвамі ўрочышчаў і сельгасугоддзяў мне даў галоўны аграном Уладзімір Ракавец. Хачу падзякаваць калектыву, з якім адразу знайшлі агульную мову. Жыхары вёскі таксама перасталі глядзець на мяне з апаскай і часцей звярталіся. Усім маладым сем’ям давалі калгасную тэхніку, каб прывезці будаўнічыя матэрыялы. І маладую цялушачку ў падарунак. Не забывалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы, дапамагалі адзінокім людзям. Адзначалі святы і ладзілі канцэрты. Як працавалі, так і адпачывалі. Людзі павінны жыць дружна з уладай.

     

    Даводзіць

    справу да канца

     

    У 1993 годзе здарылася вясновая паводка. Дарогі былі ў плачэўным стане. Як гаворыцца, не было шчасця, ды няшчасце дапамагло. Папрасіў, каб нам выдаткавалі сродкаў на асфальтаванне. І тады нас пачулі, літаральна за год мы заасфальтавалі амаль усе дарогі па вёсцы. Людзі былі вельмі задаволены, ды і тэхніка менш ламалася.

    Давялося пазмагацца і за тое, каб давесці да канца будаўніцтва школы. Яе пачалі будаваць па праграме ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі. А потым рэзка  «замарозілі». Разам з тагачасным дырэктарам школы Анатолем Гапко едзілі ў Мінск да Аляксандра Бокача, які ўжо быў намеснікам старшыні кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Дзякаваць Богу, ён дапамог і ў 1993-м новая школа адчыніла свае дзверы. Я заўсёды імкнуўся даводзіць справы да канца, няправільна гэта – спыняцца на паўдарогі.

     

    Футбол

     

    Я ўлюбёны ў футбол і ў цэлым у спорт. Яшчэ калі працаваў у «Сельгастэхніцы», гуляў у футбол. Тады каманда калгаса «XVII партз’езд» была моцным сапернікам, бо з’яўлялася неаднаразовым чэмпіёнам раёна. Калі ж я ўзначаліў гаспадарку, прапанаваў аднавіць каманду. І хлопцы з радасцю згадзіліся. Каб быў стымул, за перамогу плацілі пяць рублёў, за нічыю – два, а калі прайгравалі – нічога. Хлопцы змагаліся і перамагалі. Імі ганарылася вёска. Я едзіў амаль на ўсе гульні, каб падтрымаць. І зараз сачу за спортам як у раёне, так і ў свеце. Гэта маё захапленне.

     

    Чалавеку трэба

    даваць другі шанц,

    не даваць – трэці

     

    Розныя сітуацыі былі за гады маёй работы. У мяне, як і ў любога простага смертнага чалавека, былі і сябры, і ворагі. Бывала, спадзяешся на таго ці іншага работніка, а ён цябе падводзіць. Але я стараўся кожнаму даваць шанц. Паверыць, што ён на самай справе лепшы. Гэта вельмі дзейсны спосаб, на мой погляд. І радавалася сэрца, калі людзі потым прыходзілі і прасілі прабачэння. І я прабачаў, і мы далей працавалі.

    Асабліва жорстка ставіўся да п’янак на рабоце. Вымовы не давалі патрэбных вынікаў, ішоў на крайнія меры, пакідаў без зарплаты. Тады і жонкі падключаліся: як так – усе атрымлівалі зараплату, а яе муж – не. Сумеснымі намаганнямі мы выкаранялі гэтую звычку. Мне заўсёды шкада маладых хлопцаў, якія прыахвоціліся да гарэлкі. На жаль, некаторыя гэтую звычку не пакінулі. Ужо калі я не працаваў гадоў пяць, прыйшоў неяк у калгас па салому. А яны пабачылі мяне і кінуліся ўрассыпную са словамі: «Казуля ідзе! Уцякаем!»

    Але ў большасці сваёй сямігошчанцы – добрыя людзі і адказныя. У.1999-м – апошнім годзе майго кіравання – была вялікая пагроза паводкі. Прыпяць тады моцна разлілася і дамба ледзь стрымлівала ваду. Літаральна 10 сантыметраў дамбы выратавалі ад затаплення. Трэба было бачыць, наколькі з’ядналіся людзі! На спінах насілі мяшкі з пяском, вартавалі начамі па чарзе кожны ўчастак, начавалі на голай зямлі. Пры-знаюся, я сам лічу цудам, што вёску тады ўдалося выратаваць ад вялікай вады. Гэта была агульная перамога!

     

    За любым

    паспяховым

    мужчынам стаіць

    жанчына

     

    У сваю жонку Людмілу я закахаўся з першага погляду і назаўсёды. У верасні, дасць Бог, адзначым 45-годдзе нашага вяселля. Бязмерна ўдзячны ёй за ўсе гады нашага жыцця, за давер і падтрымку.

    Многія сустрэчы ладзіліся ў нас дома. Тэлефаную і кажу ёй: «Люда, чакай, едуць госці». І яна разумела мяне з паўслова. Яна заўсёды была са мной поруч, яна мой баявы таварыш. З ёй і ў разведку не страшна ісці. Мая палова.

    А самае галоўнае – жонка падарыла мне дачку Алёну і сына Аляксандра. Яны ў сваю чаргу – дзвюх унучак і двух унукаў. Павел зараз працуе ў ААТ «Палеская ніва» ветэрынарам, вучыцца завочна ў Пінскім філіяле Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Мае жонку і сыночка Максіма – майго першага праўнука. Насця – студэнтка БНТУ. Ганна – у 10 класе. А ўнучку Ванюшу чатыры гадочкі, таксама тэлефанаваў і віншаваў.

    Калі моцна захварэў на сэрца, Івану Іосіфавічу давялося пакінуць работу і тры гады лячыцца. За гэты час многае змянілася. У калгас ён не вярнуўся. Працаваў майстрам у райгазе, адкуль і пайшоў на заслужаны адпачынак. Дарэчы, адтуль таксама віншавалі і зычылі здароўя і дабрабыту!

    Таксама далучаемся да віншаванняў і мы. Няхай жыццё дорыць радасныя падзеі і прыемныя ўспаміны, а знакамітая ўсмешка не сыходзіць з вуснаў!

    Ганна

    МЕЛЬНІК

    Фота аўтара

    Автор публикации

    не в сети 1 час

    admin

    Комментарии: 0Публикации: 2922Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Яндекс.Метрика