• ru
  • by
  • 4 апреля

    USD

    EUR

    Столин

    4C

    Гарыць агонь у вачах

    20.02.2020

    591

    0

    На аўтобусе Мікалай Ярмалюк даехаў да Альшан. Адтуль дабраўся на малаковозе да Сямігосціч. Ён трымаў шлях у Альгомель, куды яго накіравалі пасля інтэрнатуры. Толькі вось як туды трапіць, не меў нават уяўлення. Пашчасціла, што сустрэў жыхароў гэтай вёскі, якія пагадзіліся яго правесці. Ішлі пешшу праз палі кіламетраў так з дзясятак. Добра, што надвор’е спрыяла — на вуліцы быў чэрвень. Мікалай азіраўся, быццам запамінаў дарогу, але у Альгомлі ён застаўся на ўсё жыццё. І прыкіпеў сэрцам да гэтага палескага куточка.

    …Сам родам з вёсцы Падбур’е Камянецкага раёна. Дзяцінства было вясёлым, але жылі не багата. Маці працавала ў калгасе, бацька – міліяратарам. Акрамя яго ў сям’і было дзве малодшыя сястры. Аднойчы дваюрадны брат Васіль прапанаваў Мікалаю паступіць вучыцца пасля восьмага класа. Маўляў, хутчэй на ногі станеш і свет пабачыш. Той пагадзіўся без разваг. І вось пасля апошняга званка яны разам імчаць на матацыкле ў Брэст, каб падаць дакументы ў медыцынскае вучылішча.

    Паступіў ён без цяжкасцяў, а вось вучыцца было не надта лёгка. У першай палове дня – заняткі, а ў другой – практыка. Паколькі кватэру здымаў далёка ад вучылішча, туды-сюды ездзіць не атрымлівалася. І амаль увесь вольны час праводзіў у бібліятэцы. Юнак паспяваў толькі паспаць. Прачынаўся і зноў на заняткі.

    Пасля вучобы Мікалай едзе ў вёску Мачулішчы Камянецкага раёна, каб узначаліць фельчарска-акушэрскі пункт. На новым месцы хутка асвоіўся, а праз паўгода прыйшла павестка ў армію.  Два гады служыў фельчарам батальёна ў радыётэхнічных войсках у Гродна. Але думкі працягнуць вучыцца не пакідалі, і ён паступіў на падрыхтоўчыя курсы Гродзенскага медыцынскага інстытута, а потым стаў яго студэнтам. Калі скончыў ардэнатуру ў Брэсце, накіравалі ў Альгомель узначаліць участковую бальніцу.

    …І вось ідзе туды і гадае: што ж там чакае? А яго чакалі хворыя, многа хворых.  Ён быў адзіным урачом у бальніцы.  У 1978 годзе медыцынскіх кадраў катастрафічна не хапала. Было свабодна 10 ставак і Мікалаю Ярмалюку давялося працаваць на іх усіх! Бальніца абслугоўвала Альгомель, Вялікае Малешава, Сямігосцічы, Аздамічы, Цераблічы, Кароцічы, Талмачава і Луткі, — а гэта восем з паловай тысяч чалавек! Дзейнічаў стацыянар на 25 коек, які рэдка пуставалі. Работы было столькі, што ён амаль не начаваў дома.  Ён быў патрэбен людзям.

    Аднойчы спрасонку  ўначы малады ўрач пачуў, як хтосьці стукае ў акно.  Аж разгубіўся, і доўга не мог сцяміць, дзе ён. Спалоханая жанчына клікала на дапамогу: муж памірае. Мікалай бярэ ўсё, што трэба, і бяжыць. На месцы бачыць, што чалавек… проста крыху лішняга выпіў.  Гэта жонка ў паніку кінулася. Памераў ціск, даў лекаў і пайшоў дамоў. Як толькі выйшаў з двара, зразумеў, што не ведае ў які бок ісці, бо толькі два тыдні, як працуе. А вяртацца і спытаць неяк няёмка было. Добра, што ў бальніцы лямпачка на вуліцы гарэла. Так на яе святло і прыйшоў дадому.

    Ужо потым ён так звык да начных выклікаў, што чуў, як веснічкі адчыняюцца. Хуценька збіраўся і ішоў. Разумеў, што кожная хвіліна можа быць апошняй.

    Неяк ноччу прывезлі цяжарную жанчыну з крывацёкам. Трэба было экстрана рабіць кесарава сячэнне, інакш загіне і яна, і дзіця. Тэлефануе ў Давыд-Гарадоцкую бальніцу, каб хутчэй прыслалі дапамогу. Пакуль хуценька з акушэркай робяць аперацыйны блок з радзільнай залы, вызначаюць групу крыві і рэзус. Урач прыязджае крыху больш, чым праз гадзіну. “Шукай кроў хутчэй для пералівання!” —  загадвае, а сам пачынае аперацыю. На суседнюю кушэтку кладзецца сам Мікалай: яго кроў падышла. Жанчына нарадзіла здаровага хлопчыка і сама засталася жыць. Усе ўздыхнулі з палёгкай.

    У Альгомельскай участковай бальніцы ў той час, як прыйшоў Мікалай Ярмалюк, штогод было 80 родаў. Працавала вопытная акушэрка Ганна Данілава, якая выратавала не адну жанчыну. Яна таксама начавала ў бальніцы, не ведаючы ні сну, ні адпачынку. Увесь калектыў быў з’яднаны агульнай мэтай – дапамагчы хвораму чалавеку, выратаваць яго.

    …Як толькі пачыналася вясна ці восень у Альгомелі і суседніх вёсках можна было забыць пра дарогі . Іх проста не існавала, а машыны грузлі нават на цэнтральных вуліцах.  Як зараз памятае Мікалай Мікалаевіч,  лістапад тады быў  холадны і даждлівы.  І тут на парозе з’яўляецца вадзіцель калгаснай машыны… з немаўлём на руках, закручаным у фуфайку.  Выявілася, што мужчына… сам прыняў роды, а жанчыну пакінуў у кабіне машыны, якая загрузла ў яме ля Аздаміч.

    Але, на жаль, не заўсёды ўдавалася выратаваць. Паміралі ў Мікалая Мікалаевіча на руках, як і хворыя старыя людзі, так і маладыя.

    У Дзень медыцынскага работніка ўвесь калектыў выехаў за Кароцічы на пікнік, каб сала пасмажыць і ўхі пакаштаваць. Але неяк неспакойна на сэрцы было галоўнаму ўрачу. Быццам штосьці прадчуваў. Як толькі ўехалі ў вёску, прама на вачах здарылася аварыя: матацыкл урэзаўся ў дрэва.  Хутчэй бягуць да хлопца і дзяўчыны, якія ляжалі. У хлопца – пераломы, а ў 16-гадовай дзяўчыны ўнутраны крывацёк. Так і памерла на руках у доктара…

    Мікалай Мікалаевіч і сам быў аднойчы на валаску ад смерці. З вострым перытанітам трапіў спачатку ў Давыд-Гарадок, адтуль адправілі ў Пінск. Будучы ўрачом разумеў, што аперацыю трэба рабіць экстрана, і кансіліум прыняў рашэнне не адцягваць. А дома за яго маліліся ўсе яго родныя і пацыенты, бо ведалі – гэта ўрач ад Бога. А ён, як толькі паправіўся, зноў вярнуўся ў сваю ўжо родную бальніцу.

    За чатыры дзесяткі гадоў многае змянілася. Нарэшце з’явіліся дарогі, бальніца некалькі разоў мяняла назву і статус, з’явіўся пункт хуткай дапамогі, цалкам абнавіўся калектыў. У Мікалая Мікалаевіча нарадзіліся тры дачкі і шэсць унукаў. Ён даўно жыве ў новым дыхтоўным доме, які пабудаваў сваімі рукамі.  На яго вачах вырасла некалькі пакаленняў мясцовых жыхароў. Не забылі пацыенты свайго любімага ўрача і ў гэты прыгожы, не па-зімоваму цёплы дзень прынеслі падарунак, каб павіншаваць яго з 70-годдзем. Расчуліўся, нават сляза з’явілася на добрых вачах, у якіх, нягледзячы на гады, гарыць агонь. Як і тады, калі ён ішоў па палях выконваць свой абавязак – служыць людзям…

    Ганна МЕЛЬНІК

    Фота аўтара

     

    Автор публикации

    не в сети 4 часа

    admin

    Комментарии: 0Публикации: 2604Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Яндекс.Метрика