• ru
  • by
  • 20 октября

    USD

    EUR

    Столин

    15C

    Дзеля мірнага неба

    03.05.2019

    2

    0

    Пякучы боль вайны не пакідае сэрца і да гэтага часу трывожыць думкі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Сцяпана Фядосавіча Сніпіча.
    Сцяпан Сніпіч нарадзіўся 26 студзеня 1926 года ў в. Радчыцк. Нельга назваць яго дзяцінства і юнацтва лёгкім і бязвоблачным. Цяжкая сялянская праца, вясковы быт, які вымагаў ад працаўнікоў нястомнасці і сіл, каб ад раніцы да вечара шчыраваць сем’ямі.
    У 1944 годзе Сцяпана Сніпіча прызвалі на службу ў армію. Недзе каля месяца служыў у Белай Царкве, дзе навабранцаў рыхтавалі да ўдзелу ў баявых дзеяннях.
    – Неяк, памятаю, прыехаў лейтэнант, які адабраў байцоў, якіх накіравалі ў Латвію ў 73 стралковы батальён. У іх ліку аказаўся і я, — успамінае Сцяпан Фядосавіч. – Мы стаялі ў абароне. Мне давялося выконваць абавязкі памочніка лейтэнанта. Правяраў абарону. Спачатку, мабыць, сумняваліся, што раблю ўсё правільна, таму пераправяралі. Пасля ўпэўніліся, што я ўсё раблю правільна, і ўсялякія пытанні зніклі. Мне давяралі, ды і сам непакоіўся, каб не дапусціць памылкі, бо ад маіх дзеянняў у многім залежаў лёс баявых таварышаў.
    За месяц Сцяпан Фядосавіч пакрыху прызвычаіўся да ваенных умоў, але кожны бой забіраў сяброў, болем страты адгукаўся для кожнага з байцоў. Ніхто ніколі не гаварыў пра тое, што не баіцца ворага, але былі гатовы рызыкаваць сваім жыццём за баявых таварышаў, дзеля перамогі над фашыстамі.
    Не можа забыць Сцяпан Сніпіч бой пад Рыгай. Тады яго параніла.
    – Вельмі цяжкі бой выдаўся. Многа нашых палегла тады, – успамінае Сцяпан Фядосавіч. — Мяне ўсяго абсыпала трафіруючым снарадам. Увесь час чуліся ўзрывы снарадаў, стракаталі кулямёты, ішлі танкі. Бой не спыняўся. Я апынуўся ў эпіцэнтры ваенных дзеянняў. Самастойна перамяшчацца не мог. Дапамогі таксама чакаць не было адкуль. Пякучы боль запаланіў маю свядомасць. Узніклі думкі пра самае страшнае, баяўся, што не дажыву да таго моманту, пакуль прыйдзе дапамога. Снарады праляталі над галавой. Мне пашчасціла: ляжаў між варонкамі і маліўся, каб застацца ў жывых. Час цягнуўся вельмі марудна. Але вось перастрэлка спынілася на кароткі час. Мяне вынеслі з поля бою. Да гэтага часу перад вачыма стаіць сівы дзед-салдат на белым кані, які тады адвёз мяне ў тыл. Там стаяла палатка і ўрачы агледзелі мяне… Двухбаковае асколачнае раненне… Зрабілі перавязку. Да раніцы сядзеў у адным становішчы на крэсле і баяўся варухнуцца. Мяне перамагаў невыносны боль… Такіх, як я, было многа. Раніцай па нас прыйшла машына. У кузаве былі пасцелены галінкі хвоі, на якіх сядзела вялікая колькасць параненых.
    Параненых даставілі ў г. Паўлаў Горкаўскай вобласці. А там — шпіталь. Доўга давялося Сцяпану Сніпічу лячыцца. Пасля яго накіравалі на перасыльны пункт у Молатава.
    Пасля ранення не дзейнічала рука. У целе засталіся чатыры асколкі, якія непакояць ветэрана і сёння ды напамінаюць пра апошні бой пад Рыгай. Мабыць, з гэтай прычыны было прынята рашэнне пра дэмабілізацыю Сцяпана Сніпіча.
    У 1945 годзе вярнуўся на сваю малую радзіму. Адразу пайшоў працаваць у калгас у Радчыцк. Работы тады на вёсцы хапала.
    У в. Гарадная жылі родныя, у госці да якіх ездзіў Сцяпан. Там і пазнаёміўся са сваёй другой палавінкай – будучай жонкай Надзеяй.
    У Сніпічаў нарадзіліся дзве дачкі Ева і Марыя. Зараз жывуць у р. п. Рэчыца і г. Мінску. Цяжка працавалі, стараліся, каб дзеці жылі ў дастатку. Слабела здароўе як у Сцяпана, так і Надзеі. У хуткім часе жонка моцна захварэла. Ва ўсім дапамагала суседка Вера Апанасаўна Сушчык.
    Надзея благаславіла Сцяпана, каб ён пасля смерці жонкі быў побач з Верай, калі тая не будзе супраць. Так і сталася. Вера Апанасаўна забрала Сцяпана Сніпіча ў свой дом і стала яму і сябрам, і дарадцам, і верным памочнікам. Разам паціху спраўляліся па гаспадарцы.
    Дзеці, унукі і праўнукі Веры Апанасаўны заўжды ставіліся да Сцяпана Фядосавіча як да роднага. Часта наведваліся, дапамагалі.
    У жніўні пайшла з жыцця Вера Сушчык, але яе сын Аляксандр Іванавіч не пакінуў Сцяпана Сніпіча. Зараз ён узяў на сябе ўсе клопаты пра ветэрана.
    – Ужо зусім слабое здароўе ў нашага Фядосавіча, – расказвае Аляксандр Іванавіч. – Але разам неяк спраўляемся. Я стараюся не пакідаць яго без нагляду. Нават калі еду дадому ў Рэчыцу, дык сэрца не на месцы, таму імкнуся хутчэй вярнуцца. Прыходзіць сацыяльны работнік. Наведваліся са школы. Сам вакол дома разбіў кветнік, пасадзіў парэчкі, займаюся гаспадаркай, каб і Сцяпану Фядосавічу было прыемна паглядзець на ўсю гэтую прыгажосць. Жыццё не стаіць на месцы, вось мы і рухаемся разам наперад, перамагаючы ўсе перашкоды. Калі што не так, дык я падбадзёрваю Фядосавіча словамі: “Дык Вы ж салдат” і ў яго адразу мяняецца выраз твару, нават здаецца, што гэта надае яму сілы і ён вядзе новы бой, але ўжо з сабою, каб перамагчы хваробу, цялесную слабасць ці сваё недамаганне.
    Напярэдадні Дня Перамогі мы віншуем ветэрана Вялікай Айчыннай вайны са святам і жадаем чалавеку, які цаной страшных пакут, падарыў нам самае дарагое – мірнае неба над галавой, моцнага здароўя, аптымізму, бадзёрасці і сіл.
    Людміла
    КАСПЯРОВІЧ
    Фота
    аўтара

    Автор публикации

    не в сети 17 часов

    admin

    Комментарии: 2Публикации: 1834Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.