• ru
  • by
  • 30 марта

    USD

    EUR

    Столин

    -0C

    Да Дня абаронцаў: Пераемнасць

    20.02.2020

    135

    0

    Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброенных Сіл  Рэспублікі Беларусь па ініцыятыве раённага савета ветэранаў і раённага  аб’яднання прафсаюзаў у Альшанах быў наладжаны круглы стол  з абаронцамі  розных гадоў службы.

    На жаль, у  вялікім аграгарадку ўжо два гады як пахавалі апошняга  ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Аляксей Дзмітрыевіч Мазоль, які аб’ядноўвае ветэранаў працы пры сельвыканкаме, адзін з тых, хто нарадзіўся  пасля вайны, пайшоў  служыць  Айчыне ў 1967 годзе. Як сам сведчыць, служба яго не была падобна на  службу многіх яго равеснікаў, бо юнак, які з маленства захапляўся  спортам, быў бронзавым прызёрам чэмпіянату СССР у г. Казані ў чэрвені 1966 года, трапіў  у спартыўную роту. У арміі ён хадзіў часцей  за ўсё ў спартыўнай форме, удасканальваў сваё майстэрства  гульні ў валейбол, які любіў. Служба праходзіла ў Таліне, у Эстоніі, дзе поруч з беларусам служылі барцы з Дагестана, баскетбалісты  з Эстоніі і прадстаўнікі многіх іншых нацыянальнасцяў.

    • Калі я ехаў у ваенкамат, то ведаў, што служыць буду тры гады, як і мае папярэднікі, — расказвае А. Д. Мазоль. – Аднак у Століне нас абрадавалі: выйшаў загад аб скарачэнні службы на год.

    Сёння былому салдату ўспамінаюцца не толькі аднапалчане, але і прыбалтыйскі клімат. Неяк і спартсменам давялося чысціць дарожкі ад снегу, бо за ноч яго нападала амаль  паўметра ў вышыню.

    Супрунчык Юрый Мікалаевіч быў прызваны на службу вясной 1987 года. Павестку атрымаў у Мінску, дзе вучыўся  ў тэхвучылішчы на электрамантажніка. Са сталіцы і паехаў  на цягніку спачатку ў Маскву, а потым у Душанбэ. Службу давялося несці ў Чырванасцяжнай  сярэднеазіяцкай пагранічнай акрузе. Поруч былі юнакі з Малдавіі, Прыбалтыкі, Узбекістана, Таджыкістана, Украіны. Усе яны  прайшлі тры месяцы вучобы, а потым 11 верасня трапілі ў Афганістан. Служба працягвалася два гады. Служба  нялягкая і адказная, у  якой не было дзедаўшчыны, а была дысцыпліна і ўзаемавыручка. А яшчэ былі частыя пераезды з месца на месца. І нідзе больш за месяц не затрымліваліся.

    Бацькі напісалі, што недзе  поруч з Юрыем служыць  яго  аднакласнік, бо адрас быў той жа. Вельмі хацелася сустрэцца з земляком, а калі стаў  пытаць  у ваеннаслужачых, то напаткаў юнака з суседняй вёскі Сямігосцічы. Гэта быў Анатоль Вабішчэвіч. Рэдкая  ўдача! Таму і цяпер армейскія сувязі не рвуцца. Звоніць былы пагранічнік у многія гарады  былога Саюза, у тым ліку і ў Грузію, дзе цяпер пражывае яго былы камандзір.

    Служба заканчвалася  для Супрунчыка  Ю.М.  14 лютага 1989 года. У Афганістане  цвілі ўжо абрыкосы, а ў роднай Беларусі  толькі заканчвалася зіма…

    Ігар Анатольевіч Скрабец  пачынаў службу ў 1995 годзе ў Брэсце  ў механізаванай брыгадзе. У Альшанах  ён скончыў 9 класаў і паехаў  вучыцца ў Баранавіцкі  педагагічны  каледж, каб стаць пасля яго заканчэння настаўнікам пачатковых  класаў.  Але па спецыяльнасці не давялося працаваць ні дня: адразу забралі  ў армію. Пад Брэстам у навучальным цэнтры  атрымаў спецыяльнасць  старшага  аператара-наводчыка супрацьтанкавых кіруемых ракетных  сістэм.  На палігоне давялося  страляць не адзін раз.  Ці былі цяжкасці?  А як без іх! Асабліва ў першыя дні, калі яшчэ не ўцягнуўся  ў армейскае жыццё.  Толькі зараз  успамінаецца ўсё добрае. Што дала армія? Навучыла адказнасці, дысцыпліне, узаемавыручцы. Дзедаўшчыны  не было,  а навабранцаў  прымушалі  жыць “па Статуту”. Калектыўная адказнасць  вельмі хутка  ставіла на месца любога.  І хоць з часу службы  мінула нямала гадоў, і сёння  Ігар звоніць у Косава, дзе жыве яго армейскі сябар Сяргей.

    У канцы  лістапада мінулага года  вярнуўся  са службы ў арміі Струг Іван Аляксандравіч. Ён выпускнік Гомельскага  аграрна-эканамічнага каледжа, дзе атрымаў спецыяльнасць  тэхніка-праграміста. Давялося  амаль год папрацаваць  у школе № 1 роднага аграгарадка, а потым была служба ў Слуцку ў транспартных  войсках.  З ім поруч служылі  юнакі з розных куткоў Беларусі: Бабруйска, Чачэрска, Кобрына і іншых. Паўтара года праляцелі хутка, цяпер  часта  па мабільніку  размаўляе  з сябрамі. І для яго армія – гэта школа дысцыпліны і мужнасці.

    Самы малодшы  ўдзельнік круглага стала – вучаць 11-ага класа  сярэдняй школы № 1 агр. Альшаны  Павел Пашкевіч. Ён толькі вучыцца, але ў армію жадае  ісці. Хоча трапіць  у транспартныя войскі, а для гэтага  пасля заканчэння школы  плануе атрымаць правы на ваджэнне  машыны  ў 18 гадоў.  Ведае, што армія патрабуе моцных  і загартаваных юнакоў, таму ўвага фізкультуры і ўласнаму здароўю. Бацька Паўла служыў  ля Чорнага мора, а юнак будзе  абараняць родную краіну – Беларусь.

    Такая атрымалася размова  за круглым сталом. Пры розным  узросце  ўдзельнікаў адчувалася пераемнасць пакаленняў  абаронцаў. Усе яны адзначылі важнасць армейскай службы для мужчын, іх асабістую адказнасць у справе абароны  і неабходнасць  умацавання арміі і ўтрымання яе на сучасным узроўні  патрабаванняў.

    Валянціна МІРАНОВІЧ

    Фота Ганны МЕЛЬНІК

    Автор публикации

    Комментарии: 0Публикации: 2553Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Яндекс.Метрика