• ru
  • by
  • 18 февраля

    USD

    EUR

    Столин

    5C

    СТОЛІНШЧЫНЕ – 80! Адукацыя: Лёс, знітаваны са школай

    17.01.2020

    75

    0

    Пётр Кірэчка вядомы многім у раёне. І не дзіва: чалавек сорак пяць гадоў аддаў працы ў Мачульскай школе, з іх – сорак у якасці дырэктара.

    Шлях у прафесію звычайна пачынаецца з вучнёўскай парты. Якімі ж былі школьныя гады будучага дырэктара? Пётр Гаўрылавіч успамінае: «Цяжка было атрымліваць адукацыю ў матэрыяльным плане. Школы мала забяспечваліся, падручнікі вучням куплялі бацькі. Яны каштавалі немалых грошай адносна калгасных заробкаў. Каб купіць кнігі, даводзілася хадзіць з маці ў журавіны». Пачатковую школу закончыў у Мачулі. Васьмігадовая на той час працавала ў Рамлі. Па гразі і ў мароз хадзілі ў суседнюю вёску. Сярэднюю школу давялося заканчваць у Альшанах. Да пачатку маразоў дабіраліся пехатой, веласіпедамі. З надыходам зімы і да цёплага часу жылі на кватэрах у альшанцаў, якім нейкую суму за навучэнцаў выплачвала дзяржава. У суботу пасля заняткаў вучні з Сямігосціч, Рамля, Мачуля ішлі дадому. А ў нядзелю хтосьці з бацькоў, запрэгшы коніка, вёз свайго і іншых юнакоў і дзяўчат у Альшаны. На возе ці санях трэсліся і сумкі з харчамі на тыдзень. Са свайго дзяцінства Пётр вынес вялікую павагу да педагогаў. З яго слоў: «Мне шчасціла на настаўнікаў».

    У верасні 1940 года ў Столінскім раёне працавала 52 школы, з іх 36 пачатковых, 15 няпоўных сярэдніх і адна сярэдняя ў Століне. У школах вучылася 9454 школьнікі.
    Навучанне вялося ў асноўным на беларускай мове, было таксама 4 рускамоўныя, польская і яўрэйская школы.
    Для ліквідацыі малапісьменнасці працавала 5 вячэрніх школ. У іх займаліся 630 чалавек.
    З 1 верасня 1940 года пачаў працаваць сельскагаспадарчы тэхнікум. Там вучыліся 203 чалавекі.
    Паляводаў рыхтавала ў Століне абласная 2-гадовая сельскагаспадарчая школа.
    Для падрыхтоўкі рабочых кадраў была створана школа фабрычна-заводскага навучання, у якой займалася 150 чалавек.
    Пасля такая ж школа фабрычна-заводскага навучання з’явілася ў Давыд-Гарадку.
    Вясной 1940 года ў Давыд-Гарадоцкім раёне працавалі 36 школ, з іх 24 пачатковыя, 12 няпоўных сярэдніх. У іх займаліся 7293 чалавекі.
    Востра стаяла праблема кадраў. Замест неабходных 246 педагогаў ў Давыд-Гарадоцкім раёне працавалі толькі 117. І з іх 63 не мелі педагагічнай адукацыі.
    Усеагульнай адукацыяй у Столінскім раёне ў 1939-1940 навучальным годзе было ахоплена толькі 86,4 працэнта дзяцей.
    Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны на 1 верасня 1944 года былі адкрыты ў Давыд-Гарадоцкім раёне 23 школы і ў Столінскім – 24.
    У наступным навучальным годзе сетка ўстаноў адукацыі практычна аднавілася. І ў школах Давыд-Гарадоцага раёна навучалася 5550 вучняў, у Столінскім раёне – 5908.
    У 1946 годзе ў Століне і Давыд-Гарадку адкрыты першыя дзіцячыя садкі.
    Для вырашэння праблемы недахопу педагогаў у Століне і Давыд-Гарадку былі адкрыты трохмесячныя курсы па падрыхтоўцы настаўнікаў.
    Большасць школ размяшчаліся ў пакоях вясковых хат.
    У 1950 годзе Савет Міністраў Беларускай ССР прыняў пастанову аб увядзеннні абавязковай сямігадовай адукацыі. У нашым раёне гэта стала значнай праблемай, бо не ўсе дзеці былі ахоплены нават пачатковай адукацыяй. Таму школы проста пераймяноўваліся ў сямігадовыя, а пасля станавіліся імі па факце. Гэта так званыя «нарастаючыя сямігодкі».

    Часта школьнікаў прыцягвалі да сельскагаспадарчых работ. На ўборцы бульбы працавалі да трох тыдняў. Такое адбывалася і ў 70-80-я гады мінулага стагоддзя, калі Пётр Гаўрылавіч ужо быў кіраўніком школы. Пазней трэба было навярстаць упушчанае: скарачаліся канікулы, праводзіліся дадатковыя ўрокі. З другога боку – калгас аказваў вялікую дапамогу ў забеспячэнні школы. У 1975 годзе за сродкі калгаса «Запаветы Леніна» і па ініцыятыве яго старшыні Гваздзюкевіча І. С. быў пабудаваны ў Мачулі тыпавы будынак васьмігодкі. Двойчы ў год за сродкі базавай гаспадаркі вучні адпраўляліся на экскурсіі, наведвалі гарады Брэст і Мінск. Падарожнічалі таксама калгасным транспартам. Гэта, часцей за ўсё, была грузавая машына, абсталяваная для перавозкі людзей. Праўленне таксама выдзяляла грошы на рамонт, набыццё спартыўнага інвентару, дапамагалі будматэрыяламі, фарбай. Калгасам быў набыты гімнастычны гарадок на металічнай аснове, які ў тыя часы каштаваў дзве тысячы рублёў, ці столькі ж у амерыканскай валюце.
    У 70-80-я гады партыяй і ўрадам быў прыняты шэраг законаў у галіне адукацыі. Яна стала больш практычна накіраванай, вялікая ўвага надавалася прафадукацыі. Адкрываліся навучальна-вытворчыя камбінаты, дзе рыхтавалі кадры для мясцовых калгасаў. У 1978 годзе сем вучняў школы, якія закончылі Альшанскі НВК, атрымаўшы прафесію трактарыста, уліліся ў рады механізатараў, праз некаторы час сталі перадавымі працаўнікамі не толькі ў калгасе, але і раёне.
    Былы дырэктар з гонарам паведамляе, што ў тыя гады вялікі працэнт выпускнікоў школы паступаў у сярэднія навучальныя ўстановы. Многа выхадцаў з Мачульскай БШ, яшчэ два гады адвучыўшыся ў Рамельскай СШ, станавіліся студэнтамі вышэйшых устаноў адукацыі.
    Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС школай былі ўстаноўлены цесныя сувязі з замежнымі арганізацыямі. Многія вучні пабывалі на аздараўленні ў Нідэрландах, Вялікабрытаніі, Германіі. Таксама аказвалася спонсарская дапамога. Сябрам стаў Луіджы Паста, дырэктар італьянскай школы з правінцыі Бергама. Вучнямі і бацькамі з названай установы былі сабраны сродкі. У 2000 годзе, дзякуючы гэтай дапамозе, была заменена ўся мэбля ў школе, аргтэхніка. Таксама абсталявалі кабінет інфарматыкі.
    Пётр Гаўрылавіч адзначае: «Лічу не зусім апраўданымі частыя змены ў навучальных праграмах, замену на новыя падручнікі, часта складзеныя тэарэтыкамі, а не практыкамі». На пачатку новага тысячагоддзя ў школах пачалі навучанне матэматыцы старшакласнікаў на двух узроўнях. Дыферэнцыяцыя неабходная, выкліканая часам. Але хутка ад гэтага адмовіліся. Гэтак жа адбылося, калі пераходзілі на 12-гадовае навучанне, але справа была спынена. Тыя вучні не змаглі нават навучацца ў НВК, атрымаць пасведчанні трактарыстаў, вадзіцеляў…
    Мой суразмоўца вядзе гутарку на роднай мове і з гонарам гаворыць, што Мачульская базавая школа была ўвесь час беларускамоўнай. У выніку ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе сярод беларускамоўных школ заняла першае месца. Увогуле, часта станавілася пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва на лепшую базавую школу. Ва ўстанове была вялікая бібліятэка. Такой колькасці цікавых, карысных выданняў не мелі нават сярэднія навучальныя ўстановы. Пётр Гаўрылавіч гаворыць, што ў тыя часы склаўся калектыў аднадумцаў, якія, калі і спрачаліся, то толькі з-за навучальнага працэсу. Ні адзін з вучняў не быў пастаўлены на ўлік. Калі здараліся нейкія хібы ў паводзінах вучняў, то разбіраліся з ім, з бацькамі.
    Былы дырэктар, відаць, і зараз цікавіцца справамі адукацыі. Ён заўважае, што аўтары звяртаюцца да настаўнікаў-практыкаў па парады ў паляпшэнні дапаможнікаў.
    Многа гаварылася пра школу, а вось пра сябе Пётр Гаўрылавіч не надта хацеў расказваць. За гады яго праца была неаднаразова адзначана. Сярод узнагарод – Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі СССР, нагрудны знак «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». А галоўная ўзнагарода – павага, удзячнасць былых вучняў, іх бацькоў.
    Галіна БАБАРЫКА
    Фота аўтара

    Автор публикации

    не в сети 5 часов

    admin

    Комментарии: 0Публикации: 2270Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Яндекс.Метрика