10 июля

USD

EUR

Столин

15C

У кафэ прыдарожнага сервісу «Каласок» у Альшанах сустракаюць з радасцю

06.03.2020

431

0

Кафэ прыдарожнага сервісу «Каласок» Альшанскага філіяла Столінскага райспажыўтаварыста знаходзіцца ў самым цэнтры аграгарадка Альшаны. Падстава для матэрыялу – прыемныя водгукі ад яго наведвальнікаў.


Мне таксама давялося адпачываць у кафэ «Каласок» і ў мяне засталося толькі прыемнае ўражанне: смачная ежа. Усе стравы гарачыя, пададзеныя арыгінальна, таму паспрабаваць хочацца абсалютна ўсё. Меню настолькі разнастайнае, што кожны наведвальнік знойдзе страву на свой густ. Другая прычына – якаснае і хуткае абслугоўванне. Падаюць стравы своечасова, не трэба сто разоў нагадваць ці доўга чакаць. Афіцыянткі настолькі непрыкметна гэта робяць, што нават здзіўляешся, адкуль з’явілася талерка перад табой. Трэцяя прычына – гэта вельмі прыемная абстаноўка і прыгожы інтэр’ер. Няхай ён і не такі сучасны, але затое вельмі ўтульны. І чацвёртая прычына – гэта прымальны кошт, што таксама важна для чалавека.


Сваё меркаванне выказала жыхарка вёскі Сямігосцічы Яраслава Пінчук:
– Мой дзень нараджэння быў у сярэдзіне снежня і я вырашыла адзначыць яго ў кафэ «Каласок». Паехала ўзгадніць меню. Мяне сустрэла адміністратар Людміла Свірыдчук. Яна – прафесіянал сваёй справы, разу-мее кліентаў з паўслова. Мы даволі хутка дамовіліся, але я ўсё роўна хвалявалася за якасць страў. І хвалявалася дарэмна: госці не пераставалі хваліць повараў. Асобны момант – гэта тое, наколькі ўважліва ставяцца ў кафэ да пажадання кліентаў, таму адчуваеш сябе высокім госцем. Таму і дзень нараджэння свайго сына таксама вырашыла адзначыць тут. І зноў не пашкадавала.
У мінулы раз госці папрасілі, каб перад кафэ паставілі лавачку. І на гэты раз яна ўжо стаяла! Мая сястра Міраслава раней працавала адміністратарам рэстарана ў Кіеве, сустракала замежных гасцей. Разбіраецца ў кухні і абслугоўванні, таму можа параўнаць. І яна прыемна была здзіўлена, што ў палескай глыбінцы ёсць кафэ, дзе можна годна адпачыць. Напісала ўдзячнасць кіраўніцтву Альшанскага філіяла Столінскага райспажыўтаварыства, але пажадала, каб у наступны візіт з’явілася караоке. Таму будзем чакаць!
Прыемна адазвалася пра кафэ таксама старшыня Вялікамалешаўскага сельскага Савета Таццяна Васюхневіч:
– Гэта вельмі добра, што недалёка ад нас ёсць такое кафэ. Сярод маіх знаёмых многія адзначалі юбілеі, дні нараджэння, сустрэчы выпускнікоў. Мне давялося быць тут на жалобнай прычыне – памінках. Думаю, што са мной многія згадзяцца, што ў гэты дзень не да гатавання і накрывання сталоў. Тады быў пост і мы заказалі поснае меню. І што ўразіла – нам прапанавалі больш за дзясятак страў з грыбоў, рыбы, бульбы і іншых посных інгрэдыентаў. Стол быў накрыты хвіліна ў хвіліну, таму чакаць не давялося. Мая сястра з Кобрына таксама была прыемна здзіўлена: ні ў кожным горадзе знойдзеш такога ўзроўню кафэ. Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць удзячнасць усяму калектыву.
І вось я еду на сустрэчу з Людмілай Свірыдчук. Праўда, з ёй мы бачымся не першы раз. Амаль на кожным выязным мерапрыемстве заўважаю гэтую жанчыну ў нацыянальным адзенні, якая бойка вядзе гандаль. Гэта Дні вёсак, абласныя і раённыя дажынкі, этнакультурны фестываль «Кліч Палесся» ў Ляскавічах, Дні пісьменства. Яе абаянне і пачуццё гумару проста не даюць прайсці міма.
У кафэ «Каласок» Людміла працуе 10 гадоў і за гэты час прайшла шлях ад афіцыянткі да буфетчыцы 4-га разраду. Вядзе яна і ўсю адміністрацыйную работу: прымае заказы на розныя прычыны і ўзгадняе з кліентамі меню.
– Мы заўсёды ідзём насустрач наведвальнікам і сустракаем іх з радасцю, – дзеліцца яна сваім прафесійным сакрэтам. – Я ўжо літаральна з першых хвілін бачу, што чалавек хоча. Калі прыйшла, нагрузка была каласальная. У Альшанах тады «Каласок» быў адзіным кафэ. Успамінаю, як у нас былі вяселлі па тры дні запар. Я прыходзіла дадому толькі у чатыры гадзіны раніцы, прымала душ і зноў спяшалася на работу.
Калі з’явіліся іншыя ўстановы грамадскага харчавання, заказаў стала менш. Але ўсё роўна дастаткова. Вось нядаўна запісала некалькі вяселляў на красавік і чэрвень. У мінулым годзе было амаль 20 праводзінаў. Улетку ў нас сустракаюцца былыя выпускнікі, людзі адзначаюць юбілеі і проста дні нараджэння. Дарэчы, у апошні час хрэсьбін таксама многа.
Кожны дзень у нас абедае каля 30 чалавек. З тэхнолагам распрацавалі два комплексы, якія каштуюць 4,5 рубля кожны. Прыслухоўваемся да пажаданняў нашых наведвальнікаў. Мужчыны, напрыклад, просяць, каб смажанка абавязкова была і суп з фрыкадэлькамі. Паколькі наша кафэ прыдарожнага сервісу, то, канешне, у нас многія кліентаў, якія проста праязджаюць міма Альшан. Таму ў нашым меню асобнае месца займаюць стравы нацыянальнай кухні – дранікі, боршч, каўбаскі, катлеты і гэтак далей.
У нас гатуюць цудоўныя повары Галіна Грыб і Ганна Сіліцкая. Праўда, зараз мы маем патрэбу яшчэ ў адным. Але нам трэба чалавек са спецыяльнай адукацыяй і, самае галоўнае, каб кулінарыў з душой.
Як расказаў начальнік Альшанскага філіяла Столінскага райспажыўтаварыства Аляксандр Скрабец, у бліжэйшай будучыні кафэ «Каласок» чакае рамонт, пасля якога мы абявзкова завітаем сюды зноў. І, спа-дзяюся, па прыемныя ўражанні.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Автор публикации

Комментарии: 1Публикации: 3172Регистрация: 17-05-2019

Обсуждение

Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

Разработка сайта

Яндекс.Метрика