• ru
  • by
  • 18 февраля

    USD

    EUR

    Столин

    5C

    СТОЛІНШЧЫНЕ – 80! Памятаем гісторыю, ствараем сучаснасць, глядзім у будучыню

    17.01.2020

    246

    0

    Слаўны юбілей адзначае сёлета наш Столінскі раён – 80 год з дня стварэння. За гэты час абылося шмат знакавых падзей, што тым ці іншым чынам уплывалі на развіццё рэгіёна. Сёння хацелася б расставіць прыярытэты на сучасным этапе жыцця Століншчыны. Пра гэта ў інтэрв’ю са старшынёю Столінскага райвыканкама Рыгорам Пратасавіцкім.
    – Рыгор Васільевіч, наш раён самы вялікі сельскагаспадарчы ў рэспубліцы. Відавочна, што на першым плане развіццё аграрнай галіны. Што на сёння можна сказаць пра гэту сферу?

    – Адназначна, што зроблена нямала. За апошнія чатыры гады ў сельскую гаспадарку ўкладзена больш за 95 мільёнаў рублёў інвестыцый. Тэмп росту валавой прадукцыі гэтай галіны склаў 148 працэнтаў пры заданні 115. Аб’ёмы па вытворчасці малака павялічаны на 32 працэнты, прадукцыі гадоўлі жывёлы і птушкі – на 24 працэнты. Цалкам выкананы заданні па атрыманні ўраджаю бульбы, агародніны, садавіны.
    Па валавой вытворчасці малака, а гэта 122 тысячы тон, раён займае дзявятае месца ў рэспубліцы (сярод 118 раёнаў), па вытворчасці мяса – 17 тысяч тон – 23 месца ў Беларусі.
    У цэлым за апошнія чатыры гады надой ад адной каровы павялічыўся на 1125 кілаграмаў і склаў 5805 кілаграмаў у сярэднім па раёне.
    Відавочна, што сакрэт поспеху – самаадданая праца людзей і дакладна выпрацаваная стратэгія развіцця. У прыватнасці, штогод, пачынаючы з 2016 года, у раёне ў эксплуатацыю ўводзяцца тры-чатыры даільна-малочныя блокі з сучасным абсталяваннем. Сёння на Століншчыне 47 такіх даільных залаў.
    Праведзена рэканструкцыя 84 памяшканняў для ўтрымання і гадоўлі рамонтнага маладняку. Пабудавана 98 новых сіласна-сянажных траншэй. У 1,4 раза павялічаны аб’ёмы нарыхтоўкі травяных кармоў. Гэтаму садзейнічала павелічэнне пасеваў люцэрны да шасці тысяч гектараў.
    Штогод сельгасарганізацыі раёна нарыхтоўваюць больш за 27 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы. Як вынік – і ў 2018 годзе, і ў 2019 Століншчына была лідарам у абласным спаборніцтве ў гэтым кірунку.
    Толькі ў мінулым годзе набыта больш за 90 адзінак новай тэхнікі і абсталявання, пабудаваны два комплексы для захавання збожжа.
    Канешне, на дасягнутым спыняцца не будзем. Аграрны сектар патрабуе штодзённай работы – гэта тая галіна, дзе, як кажуць, няма выхадных. Тым больш, што ёсць у нас адна з галоўных складаючых поспеху любой справы – высокапрафесійныя кадры. Сярод іх і тыя, хто за плячыма мае не адзін дзясятак працоўных дзён, і моладзь, якая імкнецца ўкараняць сучасныя падыходы. Вось такі сплаў вопыту і ініцыятыўнасці дае магчымасць крочыць у нагу з часам.
    Моцныя аграрныя традыцыі захоўваюць і працягваюць працоўныя калектывы СВК «Фядорскі», КУВП «Манькавічы», ААТ «Новая Прыпяць», ААТ «Палеская ніва» і іншыя.

    – Наш раён не можа пахваліцца маштабамі развіцця прамысловых прадпрыемстваў. Але ўсё ж тыя, што працуюць на тэрыторыі рэгіёна, нядрэнна сябе зарэкамендавалі. Ды і патрэбы жыхароў задавальняюць. Напрыклад, агракамбінат, хлебазаводы, камбінат будаўнічых матэрыялаў і іншыя.

    – Прамысловая вытворчасць рэгіёна галоўным чынам зарыентавана на перапрацоўку мясцовай сыравіны і сельгаспрадукцыі. За апошнія гады мы змаглі захаваць прадпрыемствы і не скараціць працоўныя месцы, што вельмі важна.
    Пры ўсім тым, ёсць прыклады рэалізацыі значных інвестыцыйных праектаў. Так, пасля мадэрнізацыі на ААТ «Савушкін прадукт» стала магчымым перапрацоўваць 500 тон малака ў суткі. Прадпрыемства па сваіх параметрах цалкам адпавядае сусветным стандартам.
    На Гарынскім агракамбінаце рэканструяваны цэх па вырабе агароднінных кансерваў, пабудавана і ўведзена ў дзеянне кацельня. Гэта дазволіла павялічыць экспартныя пастаўкі і адгрузку інавацыйнай прадукцыі.
    Торфапрадпрыемства «Глінка» пабудавала новы завод па вырабе пажыўных субстратаў з торфу. І цяпер 75 працэнтаў прадукцыі ідзе на экспарт.
    На Гарынскім камбінаце будаўнічых матэрыялаў усталявана новая тэхналагічная лінія па вырабе цэглы і парызаваных блокаў, а таксама ўведзена кагенерацыйная ўстаноўка.
    На Давыд-Гарадоцкім хлебазаводзе актыўна нарошчваецца вытворчасць соладу, на Столінскім аналагічным прадпрыемстве закуплена лінія па вырабе мяккіх вафель і г. д.
    Філіялам раённага спажывецкага таварыства «Століннарыхтпрамгандаль» праведзена мадэрнізацыя каўбаснага цэха, наладжана вытворчасць новых відаў мясной прадукцыі.
    У цэлым з пачатку пяцігодкі экспарт тавараў вырас больш чым у шэсць разоў –з 2,6 мільёна долараў ЗША да 15 мільёнаў долараў. Спажыўцамі нашай прадукцыі з’яўляюцца 15 краін бліжняга і далёкага замежжа.
    Экспарт паслуг вырас больш чым у два разы – з 1,8 мільёнаў долараў ЗША да чатырох.
    Але разам з тым, без значнага нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці прамысловамі прадпрыемствамі складана гаварыць пра іх далейшае паспяховае развіццё…

    – Рыгор Васільевіч, неаспрэчна, што своеасаблівай лакмусавай паперкай у вызначэнні, наколькі добрыя ўмовы створаны для жыхароў рэгіёна, з’яўляецца развіццё сацыяльнай сферы. Што можна сказаць пра ахову здароўя, адукацыю, ды і галіну культуры?

    – Адзін з самых важных момантаў сярод названага – той факт, што Століншчына застаецца адным з рэгіёнаў з найбольшай нараджальнасцю дзетак. На сёння ў нас каля дзвюх з паловай тысяч мнагадзетных сем’яў. 684 жанчыны ўзнагароджаны ордэнам Маці, а гэта значыць, што кожная трынаццатая жанчына ў рэспубліцы, якая мае гэтае ганаровае званне, са Століншчыны. А трывалы падмурак – якасць медыцынскага абслугоўвання. Дзеля гэтага ўкараняюцца сучасныя методыкі, набываецца адпаведнае абсталяванне, паляпшаецца дыягнастычная база медустаноў. Немалаважная роля надаецца павышэнню прафесійных якасцяў медработнікаў.
    Сістэма адукацыі рэгіёна таксама пастаянна развіваецца. Пашыраецца геаграфія профільнага навучання, усё больш у практыку ўваходзіць інавацыйная дзейнасць, ствараюцца рэсурсныя цэнтры па розных кірунках. Мэтанакіраваная прафарыентацыйная работа дазволіла знізіць колькасць выпускнікоў, якія не працягваюць навучанне. Адметны момант, што тры педагогі маюць катэгорыю настаўнік-метадыст.
    Не буду хаваць той факт, што існуе праблема з забеспячэннем месцамі ў дзіцячых садках. Асабліва востра гэта бачна непасрэдна ў райцэнтры. Аднак ужо ёсць пэўныя напрацоўкі па вырашэнні пытання. У планах будаўніцтва дашкольнай установы ў Століне.
    Дарэчы, дзякуючы нашым будаўнічым арганізацыям у раёне ўзводзяцца не толькі дамы, а і фермы, кацельні, розныя аб’екты сацсферы, пракладаюцца дарогі і шмат іншага. Лагічным будзе сказаць, што прырастае раён і за кошт будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў.
    Дынамічна вядуцца работы па рамонце, рэканструкцыі і будаўніцтве сетак вода-, газа- і электразабеспячэння населеных пунктаў рэгіёна. Добраўпарадкоўваюцца гарады і вёскі.
    З 2016 па 2019 гады пабудаваны сем шматкватэрных і 610 індывідуальных домаўладанняў. Дзякуючы гэтаму палепшылі свае жыллёвыя ўмовы 844 сям’і, у тым ліку 406 мнагадзетных. У мінулым годзе ўведзены ў дзеянне трэці дом сямейнага тыпу ў Століне.
    Століншчына – гэта край, дзе ашчадна ставяцца да сваёй культурнай спадчыны. А гэта і памяць пра землякоў, захаванне гісторыка-культурных аб’ектаў, традыцый, звычаяў.
    У нашым раёне тры калектывы маюць званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Да таго ж, ансамбль народнай музыкі «Выцінанка» двойчы прадстаўляў Рэспубліку Беларусь на Сусветнай выстаўцы ЭКСПА ў Мілане і Астане. Сёлета будуць праслаўляць краіну ў Дубаі (ААЭ).

    – Ці згодны Вы з тым, што адной з адметнасцяў у развіцці рэгіёна можна назваць вялікую колькасць створаных фермерскіх гаспадарак? Да і наогул прыватны бізнес мае добрую дынаміку?

    – Канешне. Сёння ў раёне зарэгістравана 46 фермерскіх гаспадарак. Штогод імі вырабляецца больш за 25 працэнтаў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. А ў пік сезонных работ тут працуюць больш за 2,5 тысячы чалавек.
    Як найбольш яскравы прыклад можна прывесці фермерскую гаспадарку «Альшаны». Там завяршаецца рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве цяплічнага комплексу плошчай 10 гектараў. Будаўніцтва прыкладна такой жа цяпліцы, толькі плошчай 3 гектары, пачала і фермерская гаспадарка «Семеніс».
    Штогод у раёне вырошчваецца каля 200 тысяч тон агародніны і садавіны. Напрыклад, толькі з рынку фермерская гаспадаркі «Брадок» у сезон масавага збору ўраджаю адгружаецца ў суткі да тысячы тон прадукцыі. Для параўнання скажу, што кожны шосты кілаграм агародніннай прадукцыі, што экспартуецца за межы Беларусі, вырашчаны ў нашым раёне.
    Станоўчы прыклад, что прыватнікі займаюцца і жывёлагадоўчым кірункам. Гэта прыватныя прадпрыемствы
    «Максеммілк» і «Грушава-Мілк». Дзе тэмпы набывае вытворчасць малака.
    У прамысловым напрамку трэба адзначыць прыватнае прадпрыемства «Полесские пряности». Літаральна ў мінулым годзе там пабудаваны новы цэх па перапрацоўцы і захаванні агародніны. Са штатам у 50 чалавек яны перапрацавалі больш за дзве тысячы тон сыравіны.
    Прыватны бізнес прыйшоў і ў сферу гандлю і грамадскага харчавання, і ў сферу транспартных паслуг. На тэрыторыі раёна створаны цудоўныя аграсядзібы для адпачынку і жыхароў раёна, і прыёму гасцей, турыстаў на высокім узроўні. Дзякуючы матэрыяльнай базе такіх аб’ектаў, як «Віла Льва», «Прыпяцкі стан», «Хутар Столінскі» раён наведалі турысты з 24 краін.
    Частка прыватнага бізнесу ў экспарце тавараў у раёне складае больш за 90 працэнтаў.

    – Рыгор Васільевіч, аналізуючы ўсё сказанае, зразумела, што галоўны скарб Століншчыны – працавітыя і таленавітыя людзі.

    – Так, наш самы вялікі гонар – нашы палескія жыхары. Менавіта дзякуючы іх самаадданай працы, іх талентам, а часам і вынаходніцтву, мы ганарымся сваім краем.
    Трэба сказаць, што ўсе 16 былых кіраўнікоў раёна ўнеслі свой адметны ўклад у яго развіццё.
    Многія з нашых землякоў адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі на самым высокім узроўні. Прычым, гэта прадстаўнікі і сацыяльнай сферы, і сельскай гаспадаркі, і прамысловасці. Так, сярод аграрыяў чатыры Героі Сацыялістычнай Працы – Вольга Шыкунец, Міхаіл Сядляр, Іван Янкоўскі і Ніна Колбік (Бакунец). Гэтай высокай узнагароды ўдастоена і Надзея Кавалец – чалавек, які, можна сказаць, стаяў ля вытокаў станаўлення педагагічнага майстэрства ў раёне.
    Выхадцы з раёна праслаўляюць наш край і на спартыўным алімпе. Напрыклад, Надзея Астапчук – неаднаразовы прызёр першынства свету і Еўропы, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў, Алена Копец – бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы, а таксама Настасся Сушчык – майстар спорту і бронзавы прызёр II Еўрапейскіх гульняў.
    Наш гонар – каманда ААТ «Новая Прыпяць» (Альшаны) – чэмпіён Брэсцкай вобласці і ўладальнік Кубка сярод аматарскіх каманд па футболе ў 2019 годзе.
    Вельмі прыемна, што не забываюць пра сваю малую радзіму выхадцы з раёна. Іх дапамога таксама адчувальная для нас.
    За добрасумленную працу, прафесіяналізм і значны ўклад у развіццё раёна дзесяць яго жыхароў маюць званне «Ганаровы грамадзянін Столінскага раёна». А на ўрачыстасці ў гонар 80-годдзя раёна да іх далучацца яшчэ два жыхары.

    – Рыгор Васільевіч, Вашы святочныя пажаданні.

    – Выказваю словы шчырай падзякі ўсім, хто ўнёс і ўносіць свой уклад у станаўленне і развіццё нашай малой радзімы за добрасумленную працу і любоў да роднай зямлі. Жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і новых працоўных здзяйсненняў у гонар нашай любімай Століншчыны!
    – Вялікі дзякуй за размову! Са святам Вас, Рыгор Васільевіч, і ўсіх жыхароў раёна.
    Алена КЛІМУШКА

    Автор публикации

    не в сети 4 часа

    admin

    Комментарии: 0Публикации: 2270Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Яндекс.Метрика