• ru
  • by
  • 26 мая

    USD

    EUR

    Столин

    8C

    ПАЧЫТАЦЬ ГАЗЕТУ ВЕЧАРАМ – СВЯТОЕ

    27.12.2019

    284

    0

    – А вас ведаю. Вы з газеты нашай «Навіны Палесся», – не паспелі мы зайсці і афіцыйна пазнаёміцца, як нас з калегай Ліляй Гушча «рассакрэціў» Іван Кажаноўскі. – Люблю раёнку і выпісваю, колькі сябе памятаю.
    Усё жыццё працаваў механізатарам у калгасе «За Радзіму», таму пра сельскую гаспадарку артыкулы ўважліва чытаў. Асабліва пра тых працаўнікоў, хто на Дошцы гонару ці ў пераможцах значыўся. Чытаю і крымінальную хроніку, каб ведаць, дзе што адбылося і здарылася. На тэму маралі рубрыкі кранаюць. І аб’явы – карысная рэч. Раней хату пабудаваць, трэба было палову краіны аб’ехаць, каб набыць будаўнічыя матэрыялы. А зараз адкрыў газету, патэлефанаваў, самі ўсё прывязуць. Я ў інтэрнэце не надта добра разбіраюся, а вось газету пачытаць пасля працоўнага дня – святое.
    Вось з такой прыемнай ноты і пачалася наша выязная рэдакцыя ў аграгарадку Велямічы. Усе велямічанцы ўразілі сваёй прыветнасцю і шчырасцю.

    OLYMPUS DIGITAL CAMERA

    Якраз у час нашай сустрэчы ў аддзяленне сувязі прыйшла сямейная пара Іван і Раіса Супрунчыкі. Абодва ўсё жыццё працавалі ў мясцовым калгасе: ён трактарыст, яна – даярка.
    – Заўсёды выпісваем, бо толькі з раёнкі можна даведацца пра ўсе навіны ў нашым раёне. Канешне, калі з’явіліся тэлефоны гэтыя мабільныя, хутчэй сталі весткі распаўсюджвацца. Але хто ж яго ведае, дзе праўда, дзе хлусня. А вось газета пра чуткі пісаць не будзе. Таму давяраем ёй, – кажа гаспадыня.
    Прыйшлі ў аддзяленне сувязі былыя настаўніцы. Паліна Гушча 37 гадоў выкладала матэматыку, таму добра ведае, хто сярод яе вучняў лепш за ўсіх умее грошы лічыць. Раіць нам пісаць больш жыццёвых гісторый. А яшчэ жадае, каб дарогу каля школы па вуліцы Вясёлай прывялі ўлады нарэшце да толку. А то ідзеш і не ведаеш, дзе ўпадзеш.
    Згодна наконт дарогі з ёй і настаўніца пачатковых класаў Леаніда Гушча. Яна сваёй любімай прафесіі аддала без малога чатыры дзясяткі гадоў. Цікавіцца лёсам сваіх былых вучняў, і калі пра іх расказваецца ў газеце, з цікаўнасцю чытае. З гадамі не згубіла весялосці і пачуццё гумару. «Навіны Палесся» выпісвае без напаміну, звыкла вольны час пабавіць з газетай. «Адрас падзеі» чытае з задавальненнем, рубрыка «Калейдаскоп» падабаецца, асабліва дзе розныя рэцэпты і парады. Рэкламу не заўсёды праглядвае, а вось віншаванні ўсе.
    Карыснай лічыць «Навіны Палесся» і загадчык мясцовага дзіцячага садка Вольга Філановіч, якая акурат прыйшла выпісаць газету.
    – Добра, што многа матэрыялаў змяшчаецца на тэму адукацыі, што для мяне вельмі актуальна. Паглядзіш, дзе якая акцыя праходзіць, напрыклад, з прадстаўнікамі МНС ці міліцыі, і думаеш, што добра было б і ў сябе правесці падобнае мерапрыемства. Уважліва сачу за конкурсамі, якія праходзяць у нашым раёне і за яго межамі. У нашым садку 38 дзяцей, падтрымліваем сувязь з бацькамі. І што хачу адзначыць, і сярод маладых мам ёсць чытачы раёнкі.
    Пацвярджае гэта маці трохгадовага Дзімы – Марыя Гушча, якая з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам.
    – Газету выпісваю адразу на паўгоддзе, каб потым галаву не забіваць. Мне раёнка карысная для працы, напрыклад, гляджу, дзе што прадаецца. Пачытаеш газету і адразу бачыш, на што большы попыт у людзей.
    Абавязкова праглядаю віншаванні. Калі знаёмы хтосьці – радуюся. Я, безумоўна, карыстаюся інтэрнэтам, але ж газету не пакідаю. Неяк прыемней узяць і пачытаць на паперы, чым на экране тэлефона.
    Пастаяннымі падпісчыкамі з’яўляюцца аператары машыннага даення ААТ «Палеская ніва» Ніна Ляшкевіч і Наталля Царова. Расказваюць, што на рабоце часта навіны з раёнкі абмяркоўваюць, асабліва, калі пра аднавяскоўцаў ідзе размова. На пытанне, што найбольш цікава, шчыра адказалі: «А што напішаце – тое і чытаем».
    А вось былы бухгалтар і да таго старшыня прафкама Вольга Кругліч газету перастала выпісваць, як на заслужаны адпачынак пайшла, маўляў, начыталася за час работы. Успомніла нашага былога калегу Фёдара Шумко, які часта да іх прыязджаў рабіць рэпартажы ў час уборкі і пасяўной. Кажа, раней цікавейшай газета была, а зараз многа афіцыйных матэрыялаў і рэкламы. Мы ж хвалілі сваю газету на ўсе галасы, а Лілія Гушча прапанавала выпісаць на месяц, так мовіць, «пробнік» газеты: калі спадабаецца, будзе выпісваць і далей. Жанчына згадзілася.
    Таксама спецыяльна на сустрэчу прыйшла Валянціна Кажаноўская, хацела асабіста пазнаёміцца. Жанчына ўсё жыццё працавала маляром, выгадавала траіх дзяцей і ўсе засталіся ў Велямічах. Марына – настаўнік, Ніна – фельчар на ФАПе, сын Андрэй сваёй гаспадаркай займаецца. Жанчына дапамагае ўнукаў глядзець. Шчыра кажа, што толькі зімой ёсць калі ў газету зазірнуць, калі работы мала.
    Хачу адзначыць тое, што ўсе без выключэння называлі сваіх паштальёнаў залатымі і праз «НП» папрасілі ім па-дзякаваць. І газету прыносяць своечасова, і з пенсіямі ніколі не затрымліваюцца, не важна, якое за вокнамі надвор’е. У Валянціны Масла 11 гадоў стажу, крыху больш у Таццяны Гурскай, а Ірына Ляшкевіч 16 гадоў працуе паштальёнам.
    Не хаваюць, што з падпіскай у апошні час існуюць пэўныя праблемы.
    – Самая частая адгаворка – няма грошай. На другім месцы – інтэрнэт. І радзей за ўсё людзі на змест нараканні маюць. Пэўна, каб людзі больш зараблялі, выпісвалі б без сумнення. Зараз перад Новым годам кожную капейку лічаць. Ніхто ж не хоча з даўгамі застацца. Але трэба сказаць, што тыя людзі, якія ўсё жыццё чытаюць газеты, у большасці гэта пенсіянеры, выпісваюць без лішніх угавораў.
    Начальнік аддзялення Таццяна Супрунчык уладкавалася сюды менш за месяц. Дагэтуль працавала ў Давыд-Гарадку. Работы ў дзяўчыны хапае: толькі за тыя дзве гадзіны, пакуль мы былі, прыйшло больш за тры дзясяткі чалавек.
    Многія з нашых чытачоў, у тым ліку калектыў аддзялення сувязі, атрымалі сувеніры. Спадзяёмся, наша сяброўства працягнецца і ў наступным годзе. Мы будзем адказваць на вашы пытанні і абавязкова абмяркуем усе прапановы.
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара
    і Ліліі ГУШЧА

    Автор публикации

    не в сети 4 часа

    admin

    Комментарии: 0Публикации: 2916Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Яндекс.Метрика