• ru
  • by
  • 16 октября

    USD

    EUR

    Столин

    17C

    Куток гісторыі ў дворыку

    11.10.2019

    246

    0

    Дзежка, самавары, прасы, барыла… Не, дарагія чытачы, я не прапаную вам віктарыну. А хачу пазнаёміць з цікавым і каларытным домаўладаннем, па экспанатах якога можна вывучаць гісторыю. Яго гаспадары – сям’я Буян з в. Манькавічы. Гэты ўтульны куток знаходзіцца па вул. Лясной, 7.
    Непасрэдны ініцыятар цікавых кампазіцый Рыгор Пятровіч любіць гісторыю і ўсё, што з ёй звязана. Працуе варшчыкам на спіртзаводзе КУВП “Манькавічы” ужо 25 гадоў. А вольны час удзя-ляе стварэнню прыгажосці на сваім участку.
    Мы праходзім з Рыгорам Пятровічам па двары, і ён расказвае пра кожную рэч:
    – Гэта маслабойка, у ёй раней рабілі масла. А гэта дзежка для сала, зробленая без металічных прыстасаванняў. Вось – калаўрот, на якім пралі. Самавараў у нас некалькі. А яшчэ – карыты, тарабан для ягад, грэбень для воўны, барыла, падсвечнік…Усё, што тут знаходзіцца, збіралі па ўсіх сваяках.
    Пытаюся пра найбольш любімую рэч. А мужчына адказвае: “Напэўна, гэта лапці дзядулі. Іх я забраў з яго дома ў в. Люты Бор. Каля сотні гадоў назад іх насілі мае продкі”.
    Каля плота прымасціўся паравоз. Захапляюся яго прыгажосцю. Гаспадары раскрываюць сакрэт. Гэта не проста цікавы атрыбут. Унутры – мангал.
    Непадалёк – старадаўні воз. Яго даставілі з Гродзенскай вобласці. Перадалі сваякі. Унутры яго – спецыяльны кошык, на якім калісьці перавозілі гародніну. Карціну дапаўняюць яркія гарбузы.У дворыку змайстравана альтанка. На стале – вышытыя ручнікі і абрус, самавары, шклянкі ў падшклянках, размаляваныя лыжкі. Звяртаюся да гаспадыні Таццяны Міхайлаўны: “І што – зараз мы зможам чай прыгатаваць?” Жанчына адказвае: “Канешне! Самавары ў рабочым стане”.
    Таццяна Буян – тэхработнік СШ № 2 г. Століна. Яны з мужам выхоўваюць 5 дзяцей. Як ахарактарызавала гаспадыня, “У нас чатыры сыночкі і лапачка-дачка”. Фёдару – 25 гадоў, працуе ў Мінску. Віталій – у магазіне “Мегатэхна” ў райцэнтры. Рыгор жыве ў Пінску, работнік фабрыкі “Пінскдрэў”. Ганна – медыцынская сястра ў Бараўлянах, завочна вучыцца ў Палескім дзяржуніверсітэце. Анатоль – навучэнец Столінскага ліцэя. У 2008 годзе жанчына ўзнагароджана ордэнам Маці. Таццяна Міхайлаўна выдатна гатуе і рыбныя стравы, і мясныя, і салодкія прысмакі.

    Дзеці дапамагаюць падтрымліваць парадак у дворыку. Сям’я Буян трымае вялікую гаспадарку. І тут не абыходзіцца без іх дапамогі.
    Гаспадары кажуць, што на іх падворку ўсё зроблена сваімі рукамі з мінімальнымі ўкладаннямі. На прывядзенне ў належны стан старадаўніх рэчаў патрабуецца час, жаданне і ўменне зрабіць са звычайнай рэчы “разынку”. Ёсць і ткацкі станок, які патрабуе рэстаўрацыі і чысткі.
    Стараста вёскі Манькавічы Любоў Скрабец падзялілася: “Ехалі міма са старшынёй Наталляй Расько. І вырашылі зайсці ў дворык. Былі проста ў захапленні”.
    Святлана МАРОЗ
    Фота аўтара

    Автор публикации

    не в сети 1 час

    admin

    Комментарии: 2Публикации: 1816Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.