• ru
  • by
  • 16 октября

    USD

    EUR

    Столин

    12C

    У свеце фарбаў і адценняў

    11.10.2019

    20

    0

    Знаёміць дзяцей з чароўным светам мастацтва… Гэта справа жыцця настаўніка па класе выяўленчага мастацтва Столінскай дзіцячай школы мастацтваў Лідзіі Шынкарэвіч.
    Лідзія нарадзілася на Ганцаўшчыне. Там скончыла школу. Пасля вучылася ў каледжы ў Баранавічах, Беларускім дзяржпедуніверсітэце імя Максіма Танка. Лёс склаўся так, што пазнаёмілася з маладым чалавекам са Століншчыны і выйшла замуж. Пасля дэкрэтнага водпуску ўладкавалася на працу ў школу мастацтваў. Лідзія Уладзіміраўна памятае, як яе ўразіў парк “Манькавічы” сваёй сталасцю і самавітасцю, калі яна ўпершыню крочыла па алеі на гутарку да былога дырэктара школы Алены Аўсянік. І вось ужо 19 гадоў адкрывае для дзяцей свет і новыя грані выяўленчага мастацтва.
    – Маляваннем захапляюся са школы, – распавядае субяседніца. – Доўгі час наведвала гурток па выяўленчым мастацтве. Увогуле творчасцю займаюся ўсё жыццё, колькі сябе памятаю. Не ўяўляю сябе без творчых спраў. І гэта не толькі маляванне. Мне даспадобы розныя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Мая маці любіла вязаць. А я больш люблю шыць. У апошні гады захапляюся пляценнем рэчаў з «папяровай лазы». Раней стварала вырабы з саломы.
    Лідзія паступова прывыкала да рабочых абавязкаў, знаёмілася з дзецьмі, жыццём на новым месцы жыхарства. Кожны выпуск навучэнцаў быў па-свойму асаблівы. Добра запомніўся першы. Амаль ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі былі таленавітыя, моцныя.
    Шмат навучэнцаў працягваюць сяброўства з маляваннем пасля выпуску. Многія звязваюць сваё жыццё, дзе неабходны навыкі, атрыманыя падчас заняткаў. Гэта прафесіі архітэктара, дызайнера. Добрыя поспехі ў навучанні мелі Дзмітрый Несцяровіч, Ягор Белавус, Марына Цупа. Былая навучэнка Лідзіі Уладзіміраўны Крысціна Строк зараз яе калега.
    – З дзецьмі працаваць і складана, і цікава, – гаворыць жанчына. – Кожны з іх індывідуальнасць, унікальная асоба. Часам глядзіш на работу і дзіву даешся, як мысліць дзіця, адкуль у яго такія асацыяцыі і ўяўленні. Стараюся не крытыкаваць выхаванцаў. Не бывае кепскіх работ. Бывае, падтрымаеш дзіця словам, і ў яго “загараюцца” вочы. Пакладзеш мазок – і сітуацыя цалкам мяняецца. Сёлета я набрала першы клас. У канцы навучальнага года быў выпуск. Займаюся з выхаванцамі ад 6 да 15 гадоў.
    Дзеці на занятках вывучаюць некалькі прадметаў: малюнак, жывапіс, кампазіцыю, скульптуру, гісторыю выяўленчага мастацтва, колеразнаўства. Вучні ахвотна малююць на свежым паветры. Пленэры ў школе мастацтваў праводзяцца, калі дазваляе надвор’е. Часцей у канцы навучальнага года. У атмасферы велічнага спакою і навакольнай прыгажосці асаблівы настрой.
    – Каб займацца маляваннем, патрэбна ўседлівасць і цярпенне, – кажа Лідзія Уладзіміраўна. – Не з першага разу ўсё атрымліваецца. Мы часта ўдзельнічаем у мерапрыемствах нашага горада. Ладзім выстаўкі работ да свят у гарадскім парку і доме культуры. Актыўна супрацоўнічаем з выставачнай залай. Тут жыхары горада маюць магчымасць пазнаёміцца з творчасцю вучняў.
    Лідзія Уладзіміраўна вядзе заняткі ў мастацкім класе – філіяле дзіцячай школы мастацтваў у аг. Струга. Яна ж – старшыня прафкама музычных школ і школ мастацтваў раёна.
    Муж працуе ў Белдзяржстраху. Жывуць у Струзе. Каля дома жанчыны многа кветак. Любімыя – ружы. Любіць жаночая душа, каб побач было ўтульна і прыгожа. Многа ўвагі сям’я надае саду, дзе ў сезон можна знайсці апетытныя ягады і садавіну.
    У выхадныя любіць прыгатаваць нешта смачнае і карыснае для сям’і. Рэцэпты знаходзіць часцей у інтэрнэце. У любімчыках сям’і – стравы з бульбы, а таксама салодкія прысмакі: пірагі, торты, пячэнне.
    Сын працуе настаўнікам фізічнай культуры ў Стружскай СШ. Не так даўно ўзяў шлюб. Хутка ў маладой сям’і чакаецца папаўненне.
    Цікаўлюся ў гераіні матэрыялу, дзе яна бярэ час на творчасць, стварэнне рэчаў з тых жа папяровых трубачак. Жанчына кажа: “Калі ўсёй душой любіш справу – час абавязкова знойдзеш. Часцей за ўсё атрымліваецца вылучыць гадзінку-другую вечарам”. А яшчэ дзеліцца тым, што падымае настрой: калі на ўроку добра пажартуюць выхаванцы (ад іх пазітывам зараджаешся, як ад батарэйкі!), цёплыя і добрыя погляды дзіцячых вачэй, сонечнае надвор’е раніцай. Самыя простыя рэчы дораць натхненне.
    Наша сустрэча адбылася напярэдні Дня работнікаў культуры. Віншую Лідзію Шынкарэвіч і яе калег з прафесійным святам. Сіл і натхнення для творчасці, здароўя і гармоніі, цудоўнага настрою і паболей талентаў!
    Святлана МАРОЗ
    Фота аўтара

    Автор публикации

    не в сети 18 минут

    admin

    Комментарии: 2Публикации: 1816Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.